Як паведамляе тэлеграм-канал Паўла Латушкі, заява зьмяшчае 160 старонак прававога абгрунтаваньня і 40 тысяч старонак дакумэнтаў у дадатку.
У сваёй заяве юрыдычная фірма Віліньскага заклікае пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе пачаць расьсьледаваньне. Падазраванымі ў заяве названыя Аляксандар Лукашэнка, Іван Тэртэль, Мікалай Карпянкоў і іншыя прадстаўнікі розных беларускіх сілавых структур.
У канцы сьнежня аналягічную заяву Віліньскі падаў у Нацыянальную пракуратуру Польшчы.
«Гэта важная заява, якая разам зь іншымі інструмэнтамі павінна падштурхнуць кіраўніцтва розных краін да больш актыўных юрыдычных дзеяньняў: да падачы заяў у Міжнародны суд ад імя ўрадаў, да абвяшчэньня ў вышук падазраваных у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі і іншых. Яшчэ да вынясеньня прысуду Міжнародны крымінальны суд пасьля аналізу прадстаўленых матэрыялаў мае права выдаць ордэр на арышт і абвясьціць у вышук у Інтэрпол прадстаўнікоў рэжыму», — пракамэнтаваў крок Віліньскага кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка.