Сьледчыя накіравалі ў менскія суды 454 «экстрэмісцкія» справы на 531 абвінавачанага ў 772 эпізодах. Яшчэ 250 эпізодаў расьсьледуюцца.
Пра гэта газэце «СБ. Беларусь сегодня» расказаў начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Сяргей Паско.
Па яго словах, пасьля леташніх пратэстаў менскія сьледчыя стварылі «крыміналістычную відэатэку», у якой больш за 150 тысяч файлаў.
У відэатэку трапляюць запісы з камэраў назіраньняў і рэгістратараў, відэа ў адкрытым доступе ў інтэрнэце, а таксама з тэлефонаў падазраваных, абвінавачаных і сьведак.
Сьледчыя абяцаюць прыцягнуць да адказнасьці «кожнага, датычнага да экстрэмізму».
Паводле генэральнага пракурора Андрэя Шведа, апошнім часам больш праяўляецца «актыўнасьць праваахоўнікаў» у выяўленьні злачынстваў, учыненых раней. Усё часьцей прыцягваюцца людзі, якія думалі, што «ніколі не паўстануць перад судом».
Каго сілавікі караюць пасьля выбараў, а каго не
Ніводнай крымінальнай справы па фактах сьмерці ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году, пабояў і катаваньняў Сьледчы камітэт і пракуратура дагэтуль не завялі.
9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся выбары прэзыдэнта. Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў статыстыку перасьледу і рэпрэсій супраць беларусаў з пачатку выбарчай кампаніі.
Паводле апошніх дадзеных СК, у Беларусі заведзена звыш 4690 крымінальных спраў па фактах «праяваў, спалучаных зь незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэставымі акцыямі, замахам на дзяржаўны сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку, наўмысным зьнішчэньнем і пашкоджаньнем маёмасьці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненьні да службовых асобаў і іх сем’яў». Іх фігурантамі сталі ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі, актывісты, удзельнікі мірных акцый пратэсту і людзі, нязгодныя з палітыкай уладаў.
У пракуратуру і Сьледчы камітэт паступілі 4644 заявы аб ужываньні сілавікамі катаваньняў, але ніводнай крымінальнай справы па фактах катаваньняў дасюль не завялі. Больш як па 1050 заявах прынятыя рашэньні адмовіць у завядзеньні крымінальных спраў.
Няма крымінальных спраў і па фактах гібелі людзей падчас разгону пратэстаў.