Зусім магчыма, што межы Беларусі застануцца для беларускіх грамадзянаў закрытымі і пасьля пандэміі. Бо галоўнай прычынай іх закрыцьця была зусім не барацьба з інфэкцыяй.
Папраўдзе, што да антыковідных абмежаваньняў, то ўлада апошнія паўтара года толькі і рабіла, што максымальна зьмякчала іх: адмяніла абавязковы масачны рэжым, скараціла абавязковую ізаляцыю і самаізаляцыю, дазволіла масавыя імпрэзы, не адмяніла заняткі ў школах... Поўны лібэралізм у стаўленьні да пандэміі панаваў паўсюль, апроч выезду за мяжу. Чаму?
Раней з боку ўлады гучала стандартная спасылка на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ): маўляў, выконваем іх. Але вось тыдзень таму САЗ заклікала ўсе краіны сьвету адмяніць абмежаваньні на замежныя паездкі. Патлумачыла гэта тым, што забарона аказалася неэфэктыўнай: ніяк не перашкодзіла, у прыватнасьці, распаўсюджваньню штаму «Омікрон». І ўвогуле, такія забароны «не прыносяць карысьці і працягваюць спрыяць эканамічнаму і сацыяльнаму стрэсу, які перажываюць краіны». А што ж на гэта ў беларускім урадзе? А нічога. Проста перасталі спасылацца на САЗ і гавораць, што проста «пакуль не плянуюць адмяняць абмежаваньні на выезд».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адмяняць абмежаваньні на выезд і ўезд у Беларусь наземным транспартам не плянуюцьЗа мяжу — «атрымліваць інструкцыі» і «прамываць мазгі»
Зразумела, што ў Беларусі такія рашэньні прымае не Міністэрства аховы здароўя, не Памежны камітэт і нават не ўрад. Усё залежыць ад адной усім вядомай асобы. Прама аб увядзеньні альбо адмене забароны на выезд Аляксандар Лукашэнка не выказваўся. Але як ён ставіцца да канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна свабодна пакідаць краіну і свабодна вяртацца, можна зразумець, калі ўважліва перачытаць, напрыклад, гэтыя ягоныя выказваньні:
9 жніўня 2021: «Мы прымем меры да тых, хто зьехаў туды (за мяжу. — РС) дзеля навучаньня, прамываньня мазгоў... Я даручыў міністру адукацыі, знаходзяцца самыя жорсткія рашэньні. Раз пайшлі на зачыстку — будзем чысьціць усё. ЭГУ скончыў — ну і працуй у Літве. Працуй, мы абыдземся, нічога страшнага... Там адзінкі выехалі, атрымалі адукацыю — ну там і жывіце». 24 жніўня 2021: «Едзьце, вучыцеся. Але вы, калі ласка, там і заставайцеся. Таму што там ня столькі навучаюць — ім далёка да нашай адукацыі, паверце, далёка. Яны ім прамываюць мазгі і закідваюць да нас ужо як агентуру, з прамытымі мазгамі. Гэта ўжо ідэйныя... Ну калі ня ворагі, то праціўнікі нашай дзяржавы. І нам даводзіцца зь імі змагацца. Яны ўжо цяжка перавыхоўваюцца».
26 кастрычніка 2021: «Нам падкідваюць ідэю: «Завязіце Pfizer, „Джонсан і Джонсан“, „Мадэрну“ ды іншае. Для чаго? Каб [людзі] маглі прышчапіцца, атрымаць пашпарт і ехаць туды, да сваіх. Ехаць на Захад, інструкцыі атрымліваць! Вось для чаго ім гэта трэба».
У агульных рысах стаўленьне першай асобы да права на свабоднае перамяшчэньне відавочнае. Напэўна, нейкую ролю ў гэтым выконвае той факт, што сама гэта асоба ня можа выехаць на захад далей за Берасьце, у той час як нейкі дробны апазыцыянэр сёньня можа выехаць у Бэрлін, а заўтра — у Стакгольм... Хоць сапраўдная прычына, відавочна, глыбейшая. Ну якая можа быць савецкая сыстэма, рэанімаваць якую спрабуе рэжым, калі пры ёй без асаблівых перашкод можна выехаць за мяжу («атрымліваць інструкцыі» і «прамываць мазгі»)? Увогуле, яшчэ і так дзіўна, што свабодны выезд праіснаваў гэтулькі гадоў. Межы ў Беларусі проста маглі закрыць значна раней — спаслаўшыся, напрыклад, на сьвіны грып, альбо ліхаманку Эбола.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя Беларусі ня будзе прасіць адкрыцьця наземных межаў для грамадзянСёньня, калі выбудаваны фактычна дэспатычны рэжым сталінскага тыпу, ніякая дэмакратычная свабода (у тым ліку свабода перамяшчэньня па сьвеце) не выглядае ў ім арганічна. І думае гэты рэжым ня столькі пра адмену абмежаваньняў (што мусіла б адбыцца, прынамсі пасьля пандэміі), колькі пра тое, як пакінуць мяжу закрытай.
І тут ці не адзіная перашкода — Расея. Калі б там наважыліся на нешта падобнае — у Беларусі падтрымалі б імгненна. Але выезд з Расеі застаецца пакуль што параўнальна свабодным, нават ковідныя абмежаваньні на гэта асабліва не паўплывалі (нічога падобнага на беларускую забарону на выезд з краіны там ня ўводзілі). І імавернасьць таго, што ўвядуць, ня надта высокая. Расейская эліта ў цэлым празаходняя (апроч хіба што вузкага кола «сілавікоў» вакол Пуціна). Амаль ва ўсіх расейскіх алігархаў і саноўнікаў на Захадзе банкаўскія рахункі, маёнткі, вілы, яхты, дзеці, сем’і... Навошта гэтым людзям новая «жалезная заслона»?
А пры поўнай адсутнасьці кантраляванай беларуска-расейскай мяжы любы жорсткі рэжым выезду, які ўвёў ці яшчэ ўвядзе Менск, будзе мець толькі абмежаваны эфэкт.
У беларускай Канстытуцыі пакуль што застаецца артыкул, які гарантуе права «свабодна пакідаць краіну і вяртацца назад». Цалкам закрытых межаў не было і ў СССР. Але якім чынам савецкі грамадзянін мог скарыстацца сваім правам выехаць за межы роднай краіны? Той досьвед многія забылі, а ў сёньняшняй Беларусі яго варта б памятаць. Хоць бы дзеля таго, каб ведаць, да чаго быць гатовым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча прыняла каля 15 тысяч беларускіх палітуцекачоўДазвол на выезд: як гэта было ў СССР
Да паездкі за мяжу (нават у ідэалягічна блізкія ГДР, Баўгарыю ці Чэхаславаччыну) трэба было пачынаць рыхтавацца месяцы за два. Патрабаваўся вялізны стос дакумэнтаў. Рэкамэндацыі ад працоўнага калектыву і камсамольскай ці прафсаюзнай арганізацый. Вялізная падрабязная анкета, любы пункт якой (наяўнасьць сваякоў за мяжой, «няправільная» нацыянальнасьць, знаходжаньне падчас вайны на акупаванай тэрыторыі, допуск да дзяржаўных сакрэтаў) мог стаць падставай для адмовы. Дзён дзесяць трэба было зьбіраць розныя мэдычныя даведкі — з падрабязнымі абсьледаваньнямі і здачай аналізаў. А яшчэ ж былі абавязковыя інструктажы спэцслужбаў.
Памятаю, мне, рыхтуючыся ў савецкі час да паездкі ў Баўгарыю, двойчы давялося ехаць са сваёй Ліды ў абласны цэнтар, за сто кілямэтраў, на такі «інструктаж па бясьпецы». Там тлумачылі, як нас могуць спрабаваць завэрбаваць ворагі і чаму па вуліцы нельга хадзіць самастойна, а толькі групай. І гэта для паездкі ў краіну, якая практычна нічым не адрозьнівалася ад СССР і нефармальна лічылася 16-й саюзнай рэспублікай!
Але самай адказнай часткай усёй працэдуры была выязная камісія ў райкаме. Вэтэраны партыі павінны былі ўпэўніцца, што адпускаюць «за кардон» адданага справе Леніна савецкага грамадзяніна, які пайменна ведае членаў Палітбюро, можа назваць друкаваныя органы францускіх ці італьянскіх камуністаў, а таксама арыентуецца ў рашэньнях апошняга пленуму ЦК КПСС. Навошта гэта было адпускніку, які зьбіраўся на баўгарскае ўзьбярэжжа Чорнага мора, — вялікая савецкая таямніца. Пытаньні, якія задавалі гэтыя камісіі, гучалі часам абсурдна і сьмешна. Але паспрабавалі б вы іранізаваць з гэтай нагоды.
Сьмешную і сумную гісторыю ўласнага досьведу праходжаньня такой камісіі апавядаў у свой час у адной з праграмаў расейскай рэдакцыі Радыё Свабода выдатны савецкі актор Леў Дураў. Справа была на пачатку 70-х гадоў, падчас здымак культавага савецкага сэрыяла «Сямнаццаць імгненьняў вясны». Паводле сцэнара, савецкі шпіён Штырліц (Ціханаў) недзе ў лесе пад Бэрлінам павінен быў застрэліць нямецкага шпіёна-правакатара Кляўса (Дурава). Здымкі былі заплянаваныя на тэрыторыі тагачаснай ГДР. Дурава, які да таго ніколі ня быў за мяжой, выклікалі ў райкам на «выязную» камісію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як жыць, калі застаўся на радзіме? Беларусы расказваюць свае гісторыі ў адказ на фільм Юрыя ДудзяІ вось заходзіць 40-гадовы актор, якога ведае ўвесь Савецкі Саюз, у вялікі райкамаўскі кабінэт. Вялізны стол. Цёткі з пышнымі фрызурамі, дзядзькі ў чорных касьцюмах з чорнымі гальштукамі. Дураў стаіць. Яны глядзяць на яго, маўчаць.
— А вы мне сесьці не прапануеце?
У адказ — магільная цішыня. Гучыць першае пытаньне:
— Апішыце сьцяг Савецкага Саюза.
Леў Дураў быў чалавекам іранічным і сьмяшлівым. Вось як ён сам расказваў працяг гісторыі:
— Савецкі сьцяг? Чорны фон, белы чэрап, дзьве скрыжаваныя галёначныя косткі. Называецца Вясёлы Роджэр. У камісіі настаў паралюш. На мяне глядзелі воўчымі вачыма. Новае пытаньне:
— Пералічыце саюзныя рэспублікі і назавіце іх сталіцы.
Я адказаў: „Малахаўка, Таганрог, Крывы Рог, Магнітагорск“, — усё, што да галавы прыйшло. Увушшу пульсавала. Думаю, зараз крыкну: „Крэтыны!“
Апошняе пытаньне:
— Пералічыце членаў Палітбюро.
Мне зусім кепска стала.
— Я нікога ня ведаю...
— Вы свабодны.
— Наручнікі здымаць ня будзеце? — спытаў я, выходзячы.
Рэжысэр Ліёзнава тэлефануе:
— Што вы нарабілі? Вас выкрасьлілі са сьпіса! Вы цяпер на пяць гадоў невыязны!
Я ёй кажу:
— У вас два выйсьці. Знайдзіце іншага актора. Тацьцяна, навошта мне ехаць у Нямеччыну, няхай Ціханаў застрэліць мяне тут! Я хачу быць пахаваным на радзіме.
На тым і спыніліся. Знайшлі азярцо каля Маскоўскага ўнівэрсытэту, на гарах, там Ціханаў мяне і застрэліў». Леў Канстанцінавіч так і ня трапіў у ГДР і на працягу пяці наступных гадоў сапраўды быў невыязным.
Я пасьпяхова зьезьдзіў у Баўгарыю і не сустрэў там ніводнага замежнага агента, які б захацеў выведаць у мяне сакрэты вытворчасьці савецкай раённай газэты. Праўда, калі вярнуўся, мяне адразу выклікалі ў «органы» і загадалі здаць замежны пашпарт. Патлумачылі: «У наступныя гады ён вам не спатрэбіцца».
Больш я гэтага пашпарта, якім скарыстаўся толькі адзін раз, ніколі ня бачыў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.