Больш за 2300 подпісаў сабрала пэтыцыя з патрабаваньнем да Міністэрства здароўя Беларусі скасаваць забарону на сухапутны выезд з краіны. У звароце падпісанты нагадвалі, што, «паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, у Рэспубліцы Беларусь стабільна зьніжаецца колькасьць заражаных COVID-19».
«Варта адзначыць, што ўнутры краіны COVID-19 ні ў кога не выклікае такога жаху. У краіне масава прайшлі „лінейкі“, выпускныя ў дзіцячых садках і бацькоўскія сходы, яўка на апошнія была абавязковай. На шэрагу прадпрыемстваў, да прыкладу, „Гродна Азот“ зьніжаюцца абмежавальныя захады», — нагадалі ў пэтыцыі.
У Міністэрстве ў адказ на зварот заявілі, што рашэньне аб увядзеньні часовых абмежаваньняў на ўезд/выезд i iншых патрабаваньняў прынята з улікам рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ), а таксама міжнароднага досьведу краін, у тым ліку тых, дзе сытуацыя з заражэньнем COVID-19 стабілізавалася.
Пры гэтым Міністэрства здароўя не адказала на пытаньне, чаму ў Маскву езьдзяць цягнікі і іх колькасьць нават павялічылася. Не сказалі ў ведамстве і пра тое, чаму ўрад Беларусі дамагаецца адкрыцьця наземных межаў з Расеяй, але не адкрывае іх з Эўропай.
У пачатку чэрвеня зьявілася інфармацыя, што Міністэрства здароўя Беларусі нібыта падрыхтавала зьмены ў пастанову № 705 ад 7 сьнежня 2020 году, якая вызначае каранавірусныя абмежаваньні на ўезд і выезд зь Беларусі. Але яна не пацьвердзілася.
У ведамстве яшчэ раз спаслаліся на САЗ, прывёўшы словы арганізацыі пра авіязносіны. Паводле дадзеных САЗ, рызыка заражэньня для пасажыраў авіярэйсаў меншая, чым пры сухапутных. Менавіта таму пакінуць Беларусь можна самалётам, а сухапутныя межы закрытыя.
Пасьля закрыцьця авіязносінаў зь дзяржавамі Эўразьвязу і Ўкраінай беларусы практычна страцілі магчымасьць выяжджаць наўпрост у гэтыя краіны.