«Марадэры вярнуліся»
Дзяўчына называе Алматы «чыловым» горадам (месцам расслабленага адпачынку). Тым большым было яе зьдзіўленьне ад таго, што адбылося ў былой казаскай сталіцы.
«У мяне на раёне як было ціха, тут нічога не разьбілі, не разрабавалі. Хаця сяброўкі нагледзеліся рознага. Напрыклад, адна расказвала, як у краме «Магнум» на праспэкце Тале бі спачатку ноччу марадэры вынесьлі што маглі, а ранкам адміністрацыя крамы сама раздавала людзям рэшту харчоў. Раздавалі з адзінай мэтай: каб не вярнуліся марадэры. Але яны вярнуліся. Зрабілі нейкі «цягнічок» з вазкоў для тавараў і забіралі ўсё, што там засталося».
«Горад пачынае ажываць»
Сама Юльляна перастрэлак у горадзе ня бачыла, але многія калегі чулі, як гэта адбывалася.
«Тыя ж людзі, якія сузіралі гвалт, вядома, крыху па-іншаму рэагуюць на выхад з дому, ім гэта рабіць цяжка. Многія думаюць выяжджаць з краіны.
Мае калегі чулі працяглыя перастрэлкі. І добра, што Бог даў многім устойлівую псыхіку. Многія зь іх прамым тэкстам кажуць, што дзіўна, але як мы не вар’яцеем, і нават ня надта трывожна. Асабліва страшна было людзям, якія жывуць на першым паверсе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы цытуюць крыніцу з ФСБ: для пагромаў у Казахстане выкарысталі былых зьняволеныхПаводле суразмоўцы Свабоды, 11-12 студзеня Алматы пачынаюць прыходзіць у норму.
«Горад пачынае ажываць. Людзей становіцца болей, болей аўтамабіляў. У сераду можна было назіраць ужо нармальны Алматы, дзе ўсе ня могуць праехаць, сыгналяць адзін адному, поўныя кавярні. Адзінае што крамы і кавярні зачыняюцца раней. Ужо становіцца весялей».
«Гэта супярэчыць чалавечай лёгіцы»
Юльляна кажа, што доўга думала пра тое, што адбылося ў Алматы ў пачатку студзеня, як сталі магчымымі такі гвалт і такое марадэрства.
«Дакладна веру, што была вялікая частка мірных пратэстоўцаў, але потым прыйшла хваля марадэраў. Я не асьмелюся казаць, адкуль яна ўзялася, ці іх узялі».
Выкладчыца выразна адрозьнівае мірных пратэстоўцаў і людзей, якія рабавалі крамы і іншыя ўстановы.
«Тыя людзі, якія пратэставалі і гаварылі, што ня могуць заплаціць за газ і хочуць лепшага жыцьця для ўсіх, гэта адны, яны выйшлі адстойваць свае правы. Але была і другая частка, яна была зусім не пра тое.
Пратэстоўцы і марадэры — гэта розныя людзі. Ты ня можаш стаяць і плакаць аб тым, што табе кепска жывецца, а потым браць і забіраць добрую долю ў іншага чалавека. Мне здаецца гэта супярэчыць чалавечай лёгіцы», — гаворыць Юльляна.
«Спачатку я сама параўноўвала зь беларускімі падзеямі»
Дзяўчына гаворыць, што параўнаньне зь беларускім пратэстам было актуальным хіба ў першыя дні падзей у Казахстане, потым сытуацыя істотна зьмянілася.
«Я ведала, наколькі людзям у Казахстане страшна выходзіць, наколькі яны сябе адчувалі адзінокімі ў жаданьні перамен. Я ведаю, як ім падабаліся беларусы, калі мы масава выйшлі на пратэст і гукалі «Сыходзь». Мне было радасна за людзей, якія выйшлі на вуліцы; яны здаваліся натхнёнымі. Калі ж я пачула пра марадэрства, то нават не паверыла. Потым паглядзела відэа, паразмаўляла зь сябрамі, і мне стала кепска».
Юльляна гаворыць, што ў інфармацыйным шуме спачатку нават атаясамілі пратэстоўцаў і марадэраў, палічыла, што гэта адныя і тыя ж людзі.
Цяпер найбольш важным для грамадзтва пытаньнем яна лічыць далейшае асэнсаваньне мінулых падзей: ці будзе адкрытае абмеркаваньне таго, што адбылося, ці пачнецца ціск на людзей з альтэрнатыўнай думкай.
«Цяпер у Казахстане задаюцца пытаньнем, што ж гэта было. Але наўрад ці гэта будзе адкрытае абмеркаваньне. Калі вы адкрыеце казаскія афіцыйныя СМІ, то ўбачыце: «Такаеў кажа: так, мы вяртаем інтэрнэт, але не для нейкіх там разваг». А для чаго тады? У мяне ёсьць такі страх, што калі прэзыдэнт так выказаўся, то многіх будуць гнаць за іхныя думкі, погляды, за дыскусіі. Усё гэта лёгка можна падвесьці пад паклёп. Мяне гэта палохае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачуцьцё неабароненасьці, як у Беларусі, адчуваньне, што ты на вайне». Дзёньнік беларускай лекаркі з Алматы«Беларусаў любяць за смачную каўбасу»
Беларусь, як і іншыя краіны — сябры АДКБ, увяла сваіх вайскоўцаў на тэрыторыю Казахстану. Ці не зьмянілася пасьля гэтага стаўленьне казахаў да беларусаў?
«У нас таксама ўзламалі офіс, улезьлі ў кніжную краму. Але нашу старую тэхніку не чапалі, а ў краме нічога карыснага для сябе не знайшлі. Мы ўсьцешыліся, што яго не падпалілі проста ад няма чаго рабіць. Дык наша дырэктарка гаварыла, што выдатна, калі Расея, Казахстан і Беларусь разам. Да беларусаў тут заўсёды добрае стаўленьне. Разумееце, мяне тут любяць толькі за тое, што беларуская каўбаса смачная».
Выкладчыца расказвае, што большасьць яе казаскіх знаёмых і сяброў проста абажаюць Беларусь, найперш за тавары, але ня хочуць унікаць у палітычныя працэсы.
«Тут нейкі культ Беларусі: праз кожныя некалькі кварталаў беларускія крамкі, нават дадому ехаць ня трэба. Ёсьць зэфір, мармэляд, цукеркі, мэбля, калготкі. У мяне часта пыталіся, чым беларусам не дагадзіў адзін грамадзянін. Мне нават надакучыла гэта тлумачыць», – расказвае Юльляна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такаеў перамог, бо прадаўся Крамлю». Экспэрт пра расейскі інтарэс у КазахстанеКалі гаварыць пра агульны стан жыцьця ў Алматы і Менску, то суразмоўца гаворыць, што тут шмат нюансаў.
«Багацейшыя казахі мне здаюцца багацейшымі за багатых беларусаў, а беднасьць паўсюль аднолькавая. Калі я езьдзіла ў Караганду на аўтобусе, то лавіла сябе на думцы, што ў Беларусі ў правінцыі ёсьць адчуваньне дагледжанасьці і мінімальнага камфорту, а тут такога няма. Калі ты глядзіш на аддаленыя месцы Казахстану, то становіцца сумна. А Менск мне здаецца бяднейшым за Алматы, хаця ён выглядае лепш. Алматы збольшага выглядае як старая пяціпавярховая Курасоўшчына ці Чыжоўка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АДКБ афіцыйна заявіла пра заканчэньне місіі ў Казахстане, беларускія вайскоўцы выедуць цягам 10 дзён. ВІДЭА