Урад Літвы пачаў працэдуру скасаваньня дамовы зь «Беларуськаліем» з 1 лютага

ААТ «Беларуськалій», архіўнае фота

У сераду 12 студзеня ўрад Літвы ўхваліў заключэньне спэцыяльнай камісіі, у якой пагадненьне паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем», якое стала прычынай скандалу, было ацэненае як неадпаведнае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы.

Пра гэта пасьля сустрэчы паведаміў міністар транспарту і камунікацый Марыюс Скуодзіс, якога цытуе Delfi.lt.

«Ацаніўшы ўсе абставіны, пастанавіла, што пагадненьне не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі і з 1 лютага больш ня дзейнічае», — сказаў Марыюс Скуодзіс на прэс-канфэрэнцыі.

Міністар сказаў, што да 1 лютага перавозкі ўгнаеньняў чыгуначным транспартам павінны спыніцца, бо для гэтага ўжо няма прававой базы.

«Ці могуць быць іншыя перавозчыкі, якія будуць перавозіць ці нешта рабіць? Я лічу, што вельмі важным аспэктам зьяўляецца тое, што любы перавозчык, які жадае перавозіць угнаеньні, будзе правяраць, колькі розных зьдзелак юрыдычных асоб адпавядаюць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урадавая камісія Літвы назвала дамову зь «Беларуськаліем» пагрозай бясьпецы

Кампанія «Літоўскія чыгункі» падпісала дамову зь «Беларуськаліем» увесну 2018 году, дамова дзейнічае да канца 2023-га. У адпаведнасьці зь ёю праз Клайпедзкі порт перавозіцца каля 11 млн. тон беларускіх угнаеньняў.

9 жніўня 2021 году ЗША ўвялі санкцыі супраць дзясяткаў беларускіх кампаній, уключаючы ААТ «Беларуськалій», якія набылі моц 8 сьнежня. Аднак літоўская дзяржаўная кампанія Lietuvos geležinkeliai ( LG, «Літоўскія чыгункі») заяўляла 8 сьнежня, што грузы «Беларуськалію» будуць праходзіць празь Літву да студзеня. Гэта азначае, што, як і раней, праз тэрыторыю Літвы будуць праходзіць па шэсьць-дзевяць саставаў за суткі. Паводле дамовы з LG, беларускі бок ужо загадзя разьлічыўся за правоз гэтых грузаў.

У канцы сьнежня літоўская ўрадавая камісія для праверкі ўгодаў стратэгічных прадпрыемстваў абвясьціла, што дамова «Літоўскіх чыгунак» зь беларускім вытворцам угнаеньняў «Беларуськалій» і зьмены ў ёй ствараюць пагрозу для бясьпекі краіны.

Старшыня праўленьня «Літоўскіх чыгунак» Мантас Бартушка пакінуў пасаду. Міністар транспарту Літвы Марус Скуодзіс і міністар замежных спраў Габрыелюс Ландсбэргіс таксама заявілі, што гатовыя пайсьці ў адстаўку, але ў выніку яны захавалі свае месцы.

Прадстаўніца «Беларускай калійнай кампаніі» Ірына Саўчанка заявіла, што калі Літва паспрабуе спыніць транзыт у аднабаковым парадку, беларускі бок будзе падаваць у суд, а таксама ў суд могуць падаць пакупнікі ўгнаеньняў, якія ня хочуць плаціць па завышаных цэнах. Сумы пазоваў, па словах Саўчанкі, могуць дасягаць «мільярдаў эўра». Акрамя таго, Беларусь у такім выпадку можа спыніць чыгуначныя транзытныя зносіны зь Літвой, і тады «Літоўская чыгунка застанецца бяз працы». Аляксандар Лукашэнка, у сваю чаргу, прыгразіў Літве, што перакрые транзыт тавараў з Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адміністрацыя прэзыдэнта Літвы прапаноўвала не прымяняць у Эўропе санкцыі для беларускіх угнаеньняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пагражае Літве перакрыцьцём транзыту тавараў з Украіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Могуць упасьці заробкі супрацоўнікаў». Што страціць «Беларуськалій» праз сыход нарвэскай Yarа з партнэраў