Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пагражае Літве перакрыцьцём транзыту тавараў з Украіны


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка, выступаючы ў Гомельскай вобласьці, прыгразіў перакрыцьцём транзыту з Украіны ў Літву.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь можа адказаць на магчымае абмежаваньне паставак беларускіх тавараў праз порт Клайпеды.

«Калі тэма транзыту з Эўразьвязам ужо ўсім нагнала аскоміну, то неяк зусім не ўспамінаюць, што ўзаемны таваразварот Украіны, да прыкладу, толькі зь Літвой праз нашу краіну сёлета склаў каля 3 млн тонаў, у тым ліку праз гомельскі ўчастак дзяржаўнай мяжы. Я не разумею, чым літоўцы думаюць, напіраючы на нас. Мы закрыем гэты транзыт, няхай езьдзяць празь Нямеччыну або паспрабуюць праз Польшчу — будзе ўтрая даражэй», — перадае Лукашэнкавы словы ягоная прэс-служба.

Лукашэнка лічыць, што наяўнасьць такога транзыту празь Беларусь уяўляе сабой патэнцыял для адказу на «ўсю гэтую літоўскую чахарду ў Клайпедзкім порце».

Увосень Лукашэнка ня раз пагражаў Польшчы і іншым краінам Эўразьвязу перакрыцьцём транзыту расейскіх газу і нафты. У Крамлі тады выказвалі спадзяваньні, што канфлікт удасца вырашыць і Расея выканае свае абавязаньні ў кантрактах. Так і адбылося.

У Літве на пачатку сьнежня выбухнуў палітычны скандал: выявілася, што 8 сьнежня, нягледзячы на санкцыі ЗША, транзыт беларускіх калійных угнаеньняў праз краіну працягнецца, бо санкцыі Вашынгтону наўпрост не закранаюць узаемаадносінаў беларускіх і літоўскіх партнэраў. У выніку міністар транспарту Літвы Марус Скуодзіс накіраваў ва ўрад праект рашэньня аб забароне транзыту зь Беларусі.

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка 22 сьнежня таксама выступіў з пагрозамі Літве, калі транзыт сапраўды перакрыюць. Ён гатовы спыніць пастаўкі беларускай сыравіны ў Літву, у прыватнасьці, можа ісьціся аб адмове ад экспарту ў гэтую краіну прадукцыі дрэваапрацоўкі і палімэраў.

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG