Пра гэта сьведчыць апублікаваная ў панядзелак парталам Delfi перапіска паміж прэзыдэнцкім офісам і Міністэрствам замежных спраў.
«З санкцыямі ў дачыненьні да Беларускай АЭС сытуацыя вельмі дрэнная, таму што спазьніліся з працэдурамі. Але ў выпадку з угнаеньнямі мы спачатку атрымаем страты для нашага бізнэсу, а потым расейцы зоймуць беларускае прадпрыемства. Паспрабуем абараніць інтарэсы ЛТ! (...)», — гаворыцца ў цытаванай перапісцы кіраўніка групы дарадцаў прэзыдэнта ў зьнешняй палітыцы Асты Скайсгірыце.
«Мы не імкнёмся блякаваць усе сэктаральныя санкцыі, мы хочам, каб толькі ўгнаеньні былі па-за імі, БелАЭС была ў сьпісе», — цытуецца перапіска асобы пад імем Скірманце. Паводле дадзеных Delfi, верагодна, што гэта дарадца з групы прэзыдэнта па зьнешняй палітыцы — Скірманце Страйгене.
Празь некалькі дзён пасьля гэтай перапіскі дарадца прэзыдэнта Дарус Куляшус публічна заявіў, што лідэр краіны Гітанас Наўседа падтрымае пагадненьне ЭЗ аб сэктаральных санкцыях у дачыненьні да Беларусі, незалежна ад таго, распаўсюджваецца яно на экспарт угнаеньняў ці не.
У адказе, адпраўленым Delfi, адміністрацыя прэзыдэнта падкрэсьліла, што фрагмэнты ўнутранай працоўнай перапіскі не адлюстроўваюць канчатковай агульнай пазыцыі, узгодненай з урадам. У МЗС інфармацыю не камэнтуюць.
Перапіска вялася падчас прыняцьця Эўразьвязам рашэньня аб забароне імпарту нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў зь Беларусі. ЭЗ у выніку вырашыў увесьці санкцыі ў дачыненьні да некаторых прадуктаў, але не ў дачыненьні да дзеючых дамоваў.
Калі 8 сьнежня 2021 году набылі моц санкцыі ЗША ў дачыненьні да «Беларуськалію», транзыт угнаеньняў празь Літву не спыніўся, бо ў лістападзе кампанія ўнесла перадаплату Літоўскай чыгунцы за транспартаваньне.
Урад Літвы заявіў, што мае намер скасаваць пагадненьне паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем» пасьля ўступленьня санкцый у сілу, хоць заяўляе, што санкцыі ЗША не распаўсюджваюцца наўпрост на транзыт угнаеньняў у Літве.
У сувязі з сытуацыяй, якая склалася, міністры замежных спраў і транспарту Габрыелюс Ландсбергіс і Марус Скуодзіс напісалі заявы аб адстаўцы, матывуючы гэта нанясеньнем Літве рэпутацыйнай шкоды.