Канчатковае рашэньне павінен будзе прыняць урад, піша Delfi.
На мінулым тыдні было абвешчана, што старшыня праўленьня «Літоўскіх чыгунак» Мантас Бартушка пакіне пасаду. Калі спыніцца транзыт беларускіх угнаеньняў празь Літву, будзе залежаць ад заканадаўчай базы.
Кампанія «Літоўскія чыгункі» падпісала дамову зь «Беларуськаліем» увесну 2018 году, яна дзейнічае да канца 2023 году. У адпаведнасьці зь ёй праз Клайпедзкі порт перавозіцца каля 11 млн. тон беларускіх угнаеньняў.
«Ёсьць некалькі варыянтаў. З гледзішча дзейнага праўнага рэжыму можна сьцьвярджаць, што амэрыканскія санкцыі, прынятыя ў пачатку сьнежня, набываюць моц 1 красавіка. Але ня трэба забывацца, што перавозкамі можа займацца ня толькі чыгунка. Пытаньне ў тым, калі такія грузы ня трапяць у Літву, — спасылалася Delfi на прадстаўніка праўленьня «Літоўскіх чыгунак» Кястуціса Шлюжаса.
Сам ён схільны лічыць, што найбольш імаверны сцэнар спыненьня беларускага транзыту — ад 1 красавіка 2022 году.
«Калі да таго часу зьявяцца новыя санкцыі, скажам, Эўразьвязу, або ў Літве прымуць закон, які напярэдадні прадставіла Міністэрства транспарту, тады і дата зрушыцца, усё залежыць ад праўнай базы. Яшчэ адзін варыянт — калі мы ўбачым пэўныя абставіны, у сілу якіх той ці другі бок ня можа выконваць свае абавязаньні, напрыклад такія, як выплаты. Тады гэта будзе адзін з крокаў, які будзе мець пад сабой юрыдычную аснову», — выклаў магчымыя варыянты прадстаўнік літоўскага перавозьніка.
Ён нагадаў, што беларускай кампаніі спрабавалі вярнуць авансы, але працэдура зацягнулася.
Пры гэтым ён пацьвердзіў, што на фоне скандалу з транзытам прадукцыі «Беларуськалію» старшыня праўленьня «Літоўскіх чыгунак» Мантас Бартушка пакіне пасаду.
Тады ж стала вядома, што міністры замежных справаў Габрыелюс Ландсбергіс і транспарту Марус Скуодзіс, якія раней падалі заявы пра адстаўкі, працягнуць працу. Прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце паведаміла, што ўрад краіны захавае цяперашні склад.
На яе перакананьне, урад пасьлядоўна падтрымліваў увядзеньне абмежаваньняў супраць рэжыму Лукашэнкі і ніколі не дамагаўся выключэньня з санкцыйнага сьпісу асобных тавараў ці суб’ектаў — нават калі гэта азначала адмову ад камэрцыйных стасункаў.
Таму падазрэньні, быццам урад хацеў за ўсякую цану захаваць перавозку тавараў, пакуль ня ўключаных у эўрапейскі санкцыйны сьпіс, беспадстаўныя. З самага пачатку тэрміну паўнамоцтваў ураду пытаньні дывэрсыфікацыі перавозак і зьніжэньня рызыкі ўгодаў з суб’ектамі, якія не ўваходзяць у прастору вяршэнства законаў, былі сярод галоўных задач дзяржаўных кампаніяў, падсумавала прэм’ер-міністарка Літвы.