Падаткі
Падатак на кватэру
Сёлета ўлады прынялі закон, які абавязвае плаціць падатак нават за адну кватэру, калі яна ва ўласнасьці. Выняткі толькі для пэнсіянэраў, інвалідаў I і II групы, непаўналетніх, недзеяздольных, вайскоўцаў, удзельнікаў Другой сусьветнай вайны.
Паведамлялі, што ў Менску гэты падатак будзе ў сярэднім 50 рублёў на год, у рэгіёнах — каля 25 рублёў.
Налічваць падатак будуць штогод, першы раз яго давядзецца сплаціць не пазьней за 15 лістапада 2022 году (аванс), рэшту — да 15 лістапада 2023-га.
Падатак на дадатковую вартасьць для замежных кампаніяў
Цяпер замежныя кампаніі, такія як Aliexpress, Ozon, Wildberries, не аплочваюць ПДВ, адпраўляючы тавары ў Беларусь. Згодна з інфармацыяй ад Мінфіну, гэтая норма можа зьмяніцца зь ліпеня 2022 году.
Стаўка ПДВ — 20%. Незразумела толькі, хто менавіта будзе аплочваць новы падатак: беларусы, якія замовілі тавар, ці кампаніі, якія яго адправілі ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ухваліла бюджэт на 2022 год і падатковыя зьмены: за што трэба будзе болей плаціць?Зьмены для ІП
У Беларусі з новага году моцна абмяжоўваюць ужываньне спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня для ІП (замест 6% мусяць плаціць 16%)
Міністэрства падаткаў і збораў забараніла з 1 студзеня 2022 году стасаваць спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня да індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць паслугі.
Пад забарону не трапляюць ІП, якія аказваюць паслугі ў наступных сфэрах:
- турыстычнай дзейнасьці;
- аховы здароўя;
- наземнага транспарту;
- грамадзкага харчаваньня;
- кампутарнага праграмаваньня.
Можа вырасьці падатак на прыбытак
Зьмены ў Падатковым кодэксе надаюць абласным і Менскаму гарадзкому саветам права павялічваць стандартную стаўку падатку на прыбытак з 18% на 2 працэнтныя пункты для платнікаў гэтага падатку ў мясцовы бюджэт.
Вырастуць зборы з рамесьнікаў
З 2022 году стаўку для рамесьнікаў адвяжуць ад базавай велічыні і замацуюць канкрэтную суму — 62 рублі ў год. Залежна ад інфляцыі яе будуць індэксаваць. Цяпер тыя, хто займаецца рамеснай дзейнасьцю, плацяць дзьве базавыя велічыні — 58 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паднялі падаткі — вырастуць цэны. Як гэта адаб’ецца на людзях
Што падаражэе
Камуналка
Зь першага студзеня вырастуць тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі. Падаражэюць вада (халодная і гарачая), капітальны рамонт, прыбіраньне ў падвалах, абслугоўваньне ліфтаў і вываз сьмецьця — на 11 рублёў 10 капеек. Налета «камуналка» будзе расьці ў некалькі этапаў: пасьля студзеньскага падаражаньня расцэнкі павялічаць з 1 чэрвеня. На 3 рублі 4 капейкі павінны падаражэць ацяпленьне, газ і сьвятло.
Хатні інтэрнэт і тэлефон
Сёлета «Белтэлекам» некалькі разоў анансаваў рост тарыфаў, а пасьля пераносіў яго. Урэшце з 1 студзеня інтэрнэт падаражэе на 4%, сувязь — на 5%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падаражэе камуналка і электрычнасьць, павысіцца пэнсійны ўзрост. Што зьмяняецца з 1 студзеня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2022 годзе жыльлёва-камунальныя паслугі ў Беларусі падаражэюць двойчы