«Пакажу кіно палітвязьням у Менску», — рэжысэр Аляксей Палуян, чый фільм трапіў у лонг-ліст «Оскара»

На фэстывалі IDFA ў Амтэрдаме прайшло некалькі паказаў фільму Courage Аляксея Палуяна.

Госьць Свабоды Premium — беларускі рэжысэр Аляксей Палуян, аўтар фільма Courage («Сьмеласьць») пра беларускія пратэсты, які быў у лонг-лісьце ў намінацыі дакумэнтальнага кіно на «Оскар».

Аляксей Палуян расказвае, чаму ён зьняў бы фільм пра змаганьне Дар’і Лосік за свайго мужа-палітвязьня, якім будзе яго наступнае кіно пра беларускія падзеі, як ён плянуе паказаць свой фільм Courage у менскім кінатэатры ўсім вызваленым беларускім палітвязьням.

Сьцісла

  • Плачуць усе — і беларусы, і іншаземцы. Некаторыя беларусы, якія прайшлі Акрэсьціна, ня могуць глядзець фільм.
  • У фільма няма фіналу, бо ў беларускай гісторыі няма фіналу. Нам трэба самім знайсьці наш фінал і пражыць яго.
  • Дарʼя Лосік — калектыўны беларускі вобраз барацьбы за сваіх мужчын, якія цяпер у турме. Мне здаецца, што ўся гэтая барацьба яшчэ наперадзе.
  • У дакумэнталістыцы ёсьць такі закон, што толькі вочы могуць не хлусіць. І мы пачалі здымаць, наколькі гэта было магчыма, вочы ці твары маладых сілавікоў.



«Сьмеласьць зараз патрэбная, каб не згубіць надзею»

— Нашто беларусам у Беларусі патрэбная сьмеласьць у канцы 2021 году, калі немагчыма выйсьці на вуліцы, калі небясьпечным можа быць нават камэнтар ці перапост у сацыяльных сетках?

— Сьмеласьць зараз патрэбная, каб ня страціць надзею. Надзея і моцны дух — гэта тое, што ніякі рэжым ці тыранія ня можа забраць у людзей ніколі. Можа паспрабаваць забраць, але мастак мусіць зрабіць усё магчымае, каб ягоны глядач, чытач, слухач заўсёды атрымоўваў нейкую надзею дзякуючы ягонаму твору. Мне здаецца, гэта галоўная мэта беларусаў на наступны год. У 2021 годзе надзея не была зломленая, і, назіраючы за мужнасьцю, нязломнасьцю беларусаў, якія атрымоўваюць гіганцкія турэмныя тэрміны, я адчуваю, што і ў 2022 годзе беларусы ня страцяць надзею і сьмеласьць.

Мы пачыналі здымкі ў сьнежні 2018 году, у фільма была працоўная назва «Courage», францускае слова, якое перакладаецца як сьмеласьць. Тады яшчэ не было зразумела, што будуць пратэсты, кіно было пра мастацкую сьмеласьць, пра мужнасьць, пра пазыцыю, якую маюць незалежныя беларускія творцы. У фільме гэта акторы, але гэта, вядома, калектыўная сьмеласьць, праз мастакоў апавядаецца пра сьмеласьць народу.

— У вашага кіно адкрыты фінал — Ірына Красоўская прадстаўляе онлайн-спэктакль Беларускага свабоднага тэатру «Спасьцігаючы каханьне» пра забойства мужа, Анатоля Красоўскага, і кажа, што расказвае гэтую гісторыю ўжо 20 гадоў. Слухаючы гэта цяпер, думаеш, колькі яшчэ гадоў ці дзесяцігодзьдзяў ёй і іншым беларусам расказваць гісторыі непакараных забойстваў і злачынстваў. Ці такі мэсыдж і такое пытаньне вы пакінулі гледачам?

— Не зусім так. У канцы фільму я хацеў сказаць, што гісторыя, якая пачалася для некаторых беларусаў і некаторых людзей за мяжой быццам у 2020 годзе, — гэта зусім ня новая гісторыя. Дзеля гэтага мне быў патрэбны такі канец. І я пачынаю фільм з архіўных кадраў 1995, 1996, 1997 гадоў. Гэта зварот да заходнеэўрапейскіх і да беларускіх гледачоў: больш за 27 гадоў ідзе пратэст і змаганьне беларусаў, і ўвесь гэты час беларусы дэманструюць сьмеласьць.

Вельмі трапныя словы Ірыны Красоўскай пра трансфармацыю ад тэрору да тыраніі. У 1999 годзе лідэры апазыцыі проста зьнікалі, іх забівалі. Падчас аднаго паказу ў Нямеччыне я казаў: а ці можаце вы ўявіць, што Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава проста зьніклі б? І калі ты даеш такога ўзроўню мэтафару, глядач камянее ад узьдзеяньня. Пасьля пасылу Ірыны Красоўскай немец, галяндзец ці амэрыканец, нават ведаючы, што адбываецца ў Беларусі, падыходзіць і кажа: «Я думаў, што я ўсё разумеў, а пражыўшы гэты фільм (а добрае кіно не глядзяць, а пражываюць), толькі цяпер усьведаміў, наколькі мала я разумею, што адбываецца ў вас у краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У беларусаў засталося мала моцы і часу», — рэжысэр Палуян выступіў у Эўрапарлямэнце

«Плачуць усе — і беларусы, і іншаземцы»

— Наколькі адрозьніваецца рэакцыя замежнага і беларускага гледача?

— Беларускі глядач таксама розны. Ёсьць глядач, які знаходзіцца ў ЗША, які ня меў магчымасьці пражыць жнівень 2020-га, ёсьць глядач, які пражыў гэта, а ёсьць глядач, які пражыў гэта і пабываў на Акрэсьціна. Калі агулам сказаць, то плачуць усе — і беларусы, і іншаземцы. Некаторыя беларусы, якія прайшлі Акрэсьціна, ня могуць глядзець фільм. Хаця мы мантавалі яго, зважаючы на ступень траўматызаванасьці людзей, якія будуць глядзець кадры выхаду хлопцаў і дзяўчат з Акрэсьціна. У Вільні ўлетку падчас паказу некаторыя людзі выходзілі з залі.

На паказе ў Варшаве

Хто б ні глядзеў гэты фільм — зьяўляецца вельмі глыбокая эмпатыя. Людзі падыходзяць і адразу кажуць: чым я магу дапамагчы? Вы слушна сказалі — у фільму няма фіналу. Бо ў беларускай гісторыі няма фіналу. Нам трэба самім знайсьці наш фінал і пражыць яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі адбылася акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі

«Я лічу, што ў Беларусі ўсім кіруюць жанчыны. Разумныя мужчыны разумеюць і сядзяць моўчкі»

— Вы нарадзіліся ў Баранавічах, дзе скончылі гімназію № 4. У гэтым жа горадзе вырас, скончыў 16-ю школу маладзейшы за вас на тры гады палітвязень Ігар Лосік. Ці вы былі знаёмыя? Калі б вам прапанавалі зьняць кіно пра Ігара і ягоную жонку Дарʼю Лосік, якое б гэта магло быць кіно?

— На жаль, я не знаёмы з Ігарам, але вельмі ганаруся, што мы зь ім землякі. Я вельмі ганаруся пазыцыяй ягонай жонкі. Калі б я здымаў фільм, то гэта было б кіно пра барацьбу ягонай жонкі. Пазыцыя, якую займае ягоная жонка, заслугоўвае вялікай павагі. Дарʼя — калектыўны беларускі вобраз барацьбы за сваіх мужчын, якія зараз у турме. Якім бы гэта быў фільм, не магу сказаць, бо мне здаецца, што ўся гэтая барацьба яшчэ наперадзе.

Мы памятаем Насту Палажанку ў 2010 годзе, ведаем жонку спадара Статкевіча Марыну Адамовіч. Але Дарʼя — гэта новая генэрацыя. Пры гэтым усе яны маюць агульныя ўласьцівасьці. Цікава паназіраць і зразумець, што адбываецца зь беларускімі жанчынамі. У мяне ёсьць фільм «Краіна жанчын» пра беларускую вёску, у якой амаль няма мужчын. Праз гэты фільм я зразумеў, якая моц уласьцівая беларускім жанчынам.

Я ўвогуле лічу, што ў Беларусі ўсім кіруюць жанчыны. Разумныя мужчыны гэта разумеюць і сядзяць моўчкі. Таму ўдзел жанчын у падзеях 2020 году мяне асабліва не зьдзівіў, бо гэта можна было прадбачыць. Зьдзівіў маштаб — колькі жанчын сказалі сваё «не».

Мне цікава было б пагутарыць з Дарʼяй Лосік, паназіраць за ёй ня ў пляне геройства, а як за простай жанчынай. Проста пражыць зь ёй пэўны час, паглядзець, якую яна купляе памаду, пра што яна плача, якія мае страхі. Мне здаецца, гэта павінна быць хутчэй мастацкае кіно.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм пра беларускія пратэсты намінаваны на «найлепшы дакумэнтальны фільм» Бэрлінале

Аб новым фільме пра бацьку і сына

— У адным з інтэрвію вы казалі, што працуеце над новым кіно, прысьвечаным беларускай сытуацыі. Ці маглі б хоць часткова раскрыць задуму?

— Над гэтым фільмам я працую ўжо другі год, задумаў яго зрабіць яшчэ перад Courage. Гэта фільм аб працэсах, празь якія прайшло пакаленьне маіх бацькоў у канцы 1980-х і пачатку 1990-х і празь якія праходзіць цяпер маё пакаленьне. Гэта будзе фільм пра бацьку і сына, пра падзеі 2020 году і падзеі канца 1980-х, пра пачатак атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці, пра рамантызм, пра наіўнасьць, пра сьмеласьць як старога, так і новага пакаленьня.

Гэта будзе фільм пра беларусаў — хто мы такія і куды ідзем. Будзе яшчэ Ўсходняя Нямеччына, бо я бачу там паралелі зь беларускім часам. Гэта будзе і асабісты фільм, бо мае бацькі ў 1980-я жылі ва Ўсходнім Бэрліне, я нарадзіўся там. У фільме таксама будзе дзіця, народжанае ў 1989 годзе, годзе, які зьмяніў ня толькі беларускую, але і сусьветную мапу. Гэта будзе мастацкае кіно. Зараз вельмі складана здымаць дакумэнтальнае кіно, знаходзячыся ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьмеласьць – баяцца, але працягваць, нягледзячы на страх». На Бэрлінале — прэм'ера фільму «Courage» пра беларускія пратэсты. ВІДЭА

«Гэта была асэнсаваная канцэпцыя — здымаць больш сілавікоў»

— У «Сьмеласьці» ваш апэратар спрабуе паказаць вочы сілавікоў — як тых, хто прымацаваў кветачкі да шчытоў на плошчы Незалежнасьці, так і тых, хто хапае людзей. Ці вам цікавыя сілавікі як героі для кіно? Якія сілавікі цікавыя — тыя, што сышлі, ці тыя, што працягваюць выконваць загады?

— Гэта была асэнсаваная канцэпцыя — здымаць больш сілавікоў. Яна зьявілася падчас здымкаў, пасьля стэлы, Пушкінскай і вызваленьня людзей з Акрэсьціна. Я, апэратар, усе былі ашаломленыя: як далей жыць, як далей здымаць? І мы прыйшлі да высновы, што трэба здымаць вочы сілавікоў, каб зразумець, што ўвогуле адбываецца ў галовах людзей, якія могуць катаваць ці прысутнічаць пры катаваньнях.

Кадры з фільму «Сьмеласьць» ( «Courage»)пра пратэсты ў Беларусі.

У дакумэнталістыцы ёсьць такі закон, што толькі вочы могуць не хлусіць. І мы пачалі здымаць, наколькі гэта было магчыма, вочы ці твары маладых сілавікоў. У сцэне на Акрэсьціна бачная іх разламанасьць. Яны хочуць праваліцца пад зямлю, каб не стаяць перад бацькамі падчас зачытваньня сьпісу імёнаў зьняволеных людзей. Мне вельмі цікава зразумець, што адбываецца зараз зь сілавікамі. Калі здымаць увогуле кіно пра сілавікоў — не магу сказаць, што мне цікавыя толькі тыя, што засталіся ў сыстэме.

Каб зразумець іх, трэба зразумець тых, што сышлі. А калі размаўляць з тымі, хто сышоў, то колькі праўды ў тым, што яны гатовыя сказаць, што яны гавораць, а што не. Калі здымаць кіно пра тых, хто застаўся, то трэба здымаць паводле Станіслаўскага. Ты ня можаш паказаць нэгатыўнага героя толькі праз нэгатыўнасьць. Трэба зразумець прыроду, зразумець, што ім кіруе, калі ён дагэтуль там. А гэта можна зразумець толькі праз тых, хто сышоў. Мне здаецца, што гэта тая тэма, пра якую беларускія творцы будуць разважаць, здымаць кіно, пісаць кнігі наступнымі дзесяцігодзьдзямі. Той час, які мы цяпер пражываем, будзе вызначаць тэндэнцыі ў беларускай культуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі мастацтва не было такое важнае, як у моманты найбольш цёмных рэпрэсій». Свабодны тэатар пераяжджае ў Польшчу

«Я ня мог зразумець, як сыстэма магла „змыць“ з гэтых людзей увесь беларускі код»


— Што для вас як для беларуса, як для рэжысэра, як для творчага чалавека ёсьць найбольшай загадкай, пытаньнем без адказу ў той гуманітарнай катастрофе, што цяпер адбываецца ў Беларусі?

Няўжо людзі, якія цяпер у сілавым блёку, не разумеюць, што іхныя ўчынкі вядуць да страты сувэрэнітэту? Няўжо яны не разумеюць, што гэта не абарона Беларусі, не абарона нейкіх людзей, якія кіруюць Беларусьсю, а што гэта вядзе да працэсаў, якія могуць быць незваротнымі. Слухаеш інтэрвію генэралаў, асабліва пасьля перастрэлкі спадара Зэльцэра і хлопца з КДБ, углядаесься ў гэтых людзей і разумееш, што там няма ўшчэнт беларускасьці. Я ня мог зразумець, як сыстэма магла «змыць» з гэтых людзей увесь беларускі код, і яны не адчуваюць прыналежнасьці да Беларусі. Гэта тыя ж самыя мэханізмы, якія працавалі за савецкім часам, калі чалавек зусім забываўся, хто ён такі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм пра беларускія пратэсты не ўвайшоў у фінальны сьпіс намінантаў на «Оскар»

«Фільм мяняе ўяўленьні пра Беларусь у сьвеце»

— Ваш фільм паўдзельнічаў у пяці сусьветна вядомых фэстывалях: Berlinale, Visions du Réel, CPH: DOX, Sheffield Doc/Fest і IDFA 2021. Затым яго намінавалі на «Оскар», але ў шорт-ліст у намінацыі дакумэнтальнага кіно ня трапіў. Ня думаю, што «Оскар» ёсьць найвышэйшай мэтай для аўтарскага кіно. А якая ваша амбіцыя, мара, звышмэта стасоўна фільму Courage?

— Мне вельмі хочацца галоўнай прэмʼеры ў менскім кінатэатры, каб фільм паглядзелі беларускія палітвязьні, каб людзі, якія цяпер у турме, вярнуліся дадому і маглі сустрэцца з героямі фільму, з прадстаўнікамі Беларускага свабоднага тэатру, зь людзьмі, якія стваралі фільм. Гэта чалавечая мара і мэта. Што да мастацкай мэты, то вельмі хочацца, каб гэты фільм прабіў інфармацыйны вакуўм, які стварае рэжым больш за 20 апошніх гадоў.

Так, фільм кваліфікаваўся на «Оскар», мы працуем з камандай амэрыканскіх піярнікаў, а гэта людзі, якія штогод маюць справу з мноствам фільмаў у намінацыях, і яны наўпрост пытаюцца, чаму ніхто ў ЗША ня чуў пра гэты фільм. Яны паглядзелі фільм і ўначы табе пішуць, што трэба хутка скантактавацца. Фільм мяняе ўяўленьні пра Беларусь. І ты, стварыўшы інфармацыйную хвалю ў Эўропе, разумееш, наколькі ЗША далёкія ад таго, што адбываецца ў Беларусі. І дзякуючы такім фільмам адчуваеш, як прабіваецца гэты вакуўм. У гэтым асьветніцкая мэта фільму. Мала стварыць фільм, які жыве сваім жыцьцём, трэба яшчэ спрабаваць дагрукацца, каб яго паглядзелі паўсюль. Гэта і ёсьць звышмэта.

— Пакуль фільм жыве фэстывальным жыцьцём, а калі ён будзе ў адкрытым доступе?

— Мы ня можам цяпер зрабіць фільм дасяжным у Беларусі з прычынаў бясьпекі. І частка каманды дагэтуль знаходзіцца там, і распазнаваньне твараў можа ўскладніць лёс беларусаў, якія былі ў фільме. Здымаючы шматтысячную дэманстрацыю, ты ня можаш не зачапіць нейкі партрэт, і гэтыя людзі могуць апынуцца пад вялікім ударам. Мне вельмі прыкра асэнсоўваць гэта, але, на жаль, такі час. Бясьпека найперш.

Былі фэстывалі, былі кінатэатры, наступны крок — тэлевізія. У студзені ці лютым фільм выйдзе на найбольшым эўрапейскім культурным тэлеканале ARTE. Наступны крок — онлайн-плятформы. У Netfliх паглядзелі, сказалі, што цудоўнае аўтарскае кіно, але не камэрцыйнае для Netfliх, таму, на жаль, гэтая плятформа ня будзе інвэставаць. Але мы працуем зь іншымі плятформамі, каб як мага больш людзей у сьвеце маглі паглядзець гэты фільм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта пра беларускі боль». Рэжысэр Аляксей Палуян пра фільм «Сьмеласьць», які зафіксаваў беларускі пратэст

«Такой падтрымкі і салідарнасьці я ніколі ў жыцьці не адчуваў»

— Зь якім настроем вы сустракаеце 2022 год? Якое ваша пажаданьне, надзея, мара на 2022 год?

— Я пазытыўны чалавек і ўспрымаю складанасьці праз магчымасьць знайсьці выйсьце. Сустракаю 2022 год з пачуцьцём вялікай падзякі ўсім беларусам, якія падтрымоўваюць адзін аднаго. Столькі было паказаў у замежжы, і заўсёды прыходзілі прадстаўнікі беларускай дыяспары. Такой падтрымкі і салідарнасьці я ніколі ў сваім жыцьці не адчуваў. Вялікая падзяка беларусам у дыяспары, вялікая падзяка беларусам, якія знаходзяцца ўнутры краіны, бо іх пазыцыя — асаблівая ступень сьмеласьці.

Ня маю ілюзіяў і наіўных уяўленьняў, што наступны год будзе лягчэйшым за гэты, але разумею, што мы павінны прайсьці гэты маратон і трымаць удар. Я ганаруся беларусамі, ганаруся, што я сам беларус. Нам трэба менш саромецца, а больш ганарыцца тым, што мы беларусы. Хочацца пажадаць беларусам больш момантаў шчасьця і радасьці ў 2022 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сплянаваная апэрацыя па прыгнёце свайго народу». Трыюмфальны ўдзел беларускіх дакумэнталістаў на самым прэстыжным фэстывалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм «Возера радасьці» паводле раману Марціновіча перамог на кінафэстывалі ў Лос Анджэласе і кваліфікуецца на «Оскар»

Аляксей Палуян — беларускі рэжысэр, які ад 2012 году жыве і працуе ў Нямеччыне, дзе скончыў Акадэмію мастацтваў. Раней Палуян ужо прэтэндаваў на «Оскар» — ягоны кароткамэтражны фільм «Возера радасьці» ўваходзіў у доўгі сьпіс. Таксама той фільм стаў прызэрам больш як 30 міжнародных кінафэстываляў.