Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага саюзу Енс Столтэнбэрг прапанаваў прызначыць на сярэдзіну студзеня першае за 2,5 года пасяджэньне рады NATO з Расеяй. Аб гэтым паведамляе нямецкае агенцтва dpa са спасылкай на прэс-службу міжнароднай арганізацыі. У пятніцу аб запрашэньні на сустрэчу паведаміла на брыфінгу прэс-сакратарка расейскага МЗС Марыя Захарава.
Апошні раз перамовы ў такім фармаце праходзілі ў ліпені 2019 году. Пасьля гэтага ўсе спробы правесьці такую сустрэчу правальваліся, адзначае нямецкае агенцтва. У кастрычніку Расея прыпыніла працу сваёй місіі пры саюзе і працу інфармацыйнага бюро NATO ў Маскве. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у тым жа месяцы заяўляў, што Расея больш ня верыць у магчымасьць нармалізацыі адносін з арганізацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў, што вайскова-тэхнічны адказ Расеі на адмову разглядаць яе прапановы ЗША і NATO можа быць «розным»У лістападзе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін запатрабаваў ад МЗС дабіцца гарантый бясьпекі ад краін Захаду. 17 сьнежня міністэрства апублікавала свае патрабаваньні да NATO: Масква, у прыватнасьці, дамагаецца ад саюзу спыненьня пашырэньня арганізацыі на ўсход, гарантыі неўступленьня ў яе Ўкраіны і згоды на ўзаемную адмову ад вучэньняў побач з расейскімі межамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Расеі паведамляе пра адвод часткі войскаў ад мяжы з УкраінайГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Расея працягвае канцэнтраваць войскі ля межаў Украіны
Столтэнбэрг ужо заяўляў, што частка гэтых патрабаваньняў, якая тычыцца сяброўства іншых краін, зьяўляецца невыканальнай.
Газэта Financial Times, са спасылкай на дыпляматаў краін — сяброў саюзу, паведамляла, што афіцыйныя асобы NATO лічаць складаным знайсьці тэмы для абмеркаваньня ў рамках расейскіх патрабаваньняў. Намесьнік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў у сваю чаргу заяўляў, што Расея ня будзе ўдзельнічаць у саміце, калі там ня будуць абмяркоўвацца гарантыі бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Крыніцы паведамляюць аб адпраўцы расейскіх наёмнікаў на ўсход Украіны- Магчымыя перамовы рыхтуюцца на фоне абвастрэньня сытуацыі на мяжы Расеі і Ўкраіны. Разьведкі заходніх краін папярэджваюць, што Масква рыхтуе поўнамаштабнае ўварваньне ў краіну, пісалі шматлікія СМІ. Расея падрыхтоўку да вайны катэгарычна адмаўляе.