Чатыры крыніцы расказалі агенцтву Reuters, што ў апошнія тыдні ў падкантрольныя сэпаратыстам раёны на ўсходзе Ўкраіны прыбываюць расейскія наёмнікі, каб умацаваць абарону супраць украінскіх урадавых сіл на фоне росту напружанасьці ў адносінах паміж Масквой і Захадам.
Тры з чатырох крыніц расказалі пра свае кантакты з вэрбоўшчыкамі, якія прапанавалі ім паехаць у Данбас. Паводле іх, рэкрутэры не раскрываюць, ад чыйго імя яны дзейнічаюць. Усе чатыры крыніцы адмовіліся назваць свае імёны зь меркаваньняў бясьпекі.
Дзьве з трох крыніц заявілі, што прынялі прапанову; трэці суразмоўца сказаў, што адмовіўся.
«Яны зьбіраюць усіх, у каго ёсьць баявы досьвед», — сказаў адзін з тых, хто пагадзіўся.
Ён дадаў, што раней ваяваў ва Ўкраіне і Сырыі ў складзе расейскіх прыватных вайсковых кампаній, чые апэрацыі былі цесна зьвязаныя са стратэгічнымі інтарэсамі Расеі. Ён адмовіўся ўдакладніць, пра якія менавіта кампаніі ідзе гаворка.
Крыніца распавяла, што плянуе далучыцца да іншых наёмнікаў на расейскім баку мяжы з Луганскай вобласьцю.
Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі ўпершыню чуюць пра гэта і ня ведаюць, наколькі дакладныя гэтыя сьцьвярджэньні.
Ён дадаў, што на ўсходзе Ўкраіны няма і ніколі не было расейскіх рэгулярных войскаў ці вайсковых дарадцаў і што Масква не разглядае магчымасьці іх адпраўкі.
Кіеў гэта аспрэчвае і заяўляе, што ва ўсходніх рэгіёнах прысутнічаюць расейскія вайскоўцы.