30 гадоў таму, 25 сьнежня 1991 году, Міхаіл Гарбачоў заявіў па тэлебачаньні пра адстаку з пасады прэзыдэнта СССР. Праз некалькі хвілінаў з купалу ў маскоўскім Крамлі быў спушчаны сьцяг Савецкага Саюзу.
Блізкія да Гарбачова людзі прыгадваюць, што пасьля запісу тэлевыступу ён пайшоў у пакой за прэзыдэнцкім кабінэтам, лёг на канапу, і ў яго пацяклі сьлёзы.
Можна зразумець драму чалавека, які амаль сем гадоў таму атрымаў практычна непадзельную ўладу над звышдзяржавай — а ў апошнія месяцы назіраў, як ягоная ўлада скукожваецца да памераў некалькіх кабінэтаў у Крамлі. Дададзім здраду многіх з тых, каго ён прывёў на палітычны алімп. І, канешне, адкрытую нелюбоў да яго людзей на 1/6 часткі плянэты — тых самых, якія дзесяцігодзьдзямі баяліся выказаць незадаволенасьць начальнікам цэху ці дырэктарам саўгасу, а страху пазбавіліся дзякуючы менавіта яму.
Папярэднікі Гарбачова сыходзілі па-рознаму. Адзін — звар’яцеўшы нагэтулькі, што і праз сто гадоў у публікацыі раней засакрэчанага дзёньніку мэдычнага назіраньня зрабілі купюры з этычных меркаваньняў. Другі — праваляўшыся пасьля інсульту амаль суткі ва ўласнай мачы, бо калегі па Палітбюро загадалі ахове не турбаваць генэралісімуса. Трэці — падмануты паплечнікамі-падхалімамі. Астатнія, адзін за другім — у стане фізычнай ды інтэлектуальнай нямогласьці.
Гарбачоў стаў генсекам у 54 гады і мог бы ім заставацца аж па сёньня. У 90-я казалі, што паколькі камуністычная сыстэма была дыскрэдытаваная, эканоміка знаходзілася на мяжы каляпсу, а рэспублікі не жадалі заставацца пад дыктатам Цэнтру — у Гарбачова не было ніякага іншага варыянту, як толькі пачаць дэмакратычныя рэформы і ў выніку пагадзіцца і на роспуск КПСС, і на ліквідацыю СССР.
Сёньня мы разумеем, што магчымасьць захаваць уладу, калі б ён гэта пажадаў, у Гарбачова была. Завецца гэтая магчымасьць — сілавы апарат. Менавіта ён (прычым куды менш маштабны) дазваляе ўтрымліваць уладу дынастыі Кімаў ва ўмовах шматгадовага жабрацтва і голаду насельніцтва.
Ёсьць і больш блізкі прыклад: менавіта сілавы апарат прыцягнуў беларускі народ нагэтулькі, што за ўвесь 2021 год не было ніводнай публічнай вулічнай акцыі пратэсту (упершыню ў найноўшай гісторыі).
У Гарбачова былі магчымасьці нічога не мяняць, альбо мяняць па так званым кітайскім варыянце, чаргуючы эканамічную лібэралізацыю для вызначаных кампартыяй бізнэсоўцаў — з тысячамі раздаўленых танкамі ахвяраў, як на Таньаньмэнь, ды канцлягерамі на мільёны вязьняў, як у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне.
Гарбачоў не жадаў дэмантажу СССР (пра што кажа сам)і, найхутчэй, не імкнуўся ліквідаваць КПСС — ён проста зрабіў невялікае паслабленьне, і далей ужо «працэс пайшоў».
Заслуга Гарбачова ў тым, што ён не спыніў сілай распад самай крыважэрнай імпэрыі, якая базавалася на чалавеканенавіснай ідэалёгіі і падмацоўвалася ядзернымі мэгатонамі. Ён адмовіўся здушыць ужо зусім некантралюемы працэс вялікай крывёй. Так, мы памятаем ахвяры ў Тбілісі і Вільні, але ахвяраў магло быць значна болей, калі б Гарбачоў паслухаўся генэралаў, якія былі гатовыя на ўсё.
Ён сышоў, сышоў сам, вычарпаўшы палітычны патэнцыял і выканаўшы сваю гістарычную місію.
І, што, магчыма, яшчэ больш важна — выканаўшы гуманістычную місію, даючы прыклад годнасьці іншым палітыкам. Заўважу — саступаючы кабінэт і ядзерны чамаданчык законна абранаму прэзыдэнту Расеі. Апошні засвоіць урок з добраахвотнай адстаўкай, але ў кабінэт запусьціць чалавека са спэцслужбаў. Ну, а гэты ўжо захоча валадарыць пажыцьцёва.
А ў які момант свой патэнцыял вычарпаў цяперашні кіраўнік Беларусі, чый тэрмін ва ўладзе ў чатыры разы пераўзыходзіць тэрмін Гарбачова і набліжаецца да Сталіна (калі не ўлічваць той бясспрэчны асабіста для мяне факт, што ён увогуле не павінен быў прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта)?
Я выбіраю дату 20 сьнежня 1994 году, калі дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Антончык выступіў у Вярхоўным Савеце з дакладам аб карупцыі ў бліжэйшым атачэньні прэзыдэнта А. Р. Лукашэнкі.
Старэйшыя маглі і забыцца, а маладыя могуць і ня ведаць пра падзеі, якія папярэднічалі дакладу Антончыка, таму нагадаю.
За пяць месяцаў, якія Лукашэнка знаходзіўся на пасадзе прэзыдэнта, ён пасьпеў пазбавіць сваіх апанэнтаў пэўных палітычных правоў (адбыўся разгон шэсьця на Дзень беларускай вайсковай славы, дэпутатаў пазбавілі гарантаванага законам доступу да дзяржаўных СМІ і г.д.). Пацярпела паразу камандай жа Лукашэнкі пры ўдзеле Станіслава Багданкевіча падрыхтаваная праграма лібэралізацыі цэнаў (падвышэньне цэнаў, без якога немагчыма было пачаць новы этап эканамічных рэформаў, імгненна абрынула рэйтынг Лукашэнкі — і ён у прамым тэлеэфіры загадаў: «Цэны — назад!»). Нарэшце, пачалі падпісвацца пагадненьні з Масквой, якія ставілі пад сумнеў важныя элемэнты сувэрэнітэту (найперш — самайстойнасьць палітыкі ў галіне абароны.
Усё гэта, нагадаю, за пяць першых месяцаў прэзыдэнцтва Лукашэнкі.
Прыкметна, што калі «антыкарупцыйны» даклад Лукашэнкі ў сьнежні 1993 ішоў у прамой тэле- і радыётрансьляцыі, і яго чулі мільёны — дык выступ Антончыка чулі толькі дэпутаты і акрэдытаваныя журналісты, бо кіраўніцтва тэлебачаньня і радыё праігнаравала рашэньне парлямэнту аб прамой трансьляцыі.
У дакладзе Сяргея Антончыка называліся фірмы і банкі, якія фінансавалі выбарчую кампанію Лукашэнкі (што, між іншым, было антызаконна і магло б быць падставай для зьняцьця з выбараў). Гучалі прозьвішчы прызначаных прэзыдэнтам Лукашэнкам на самыя высокія пасады асобаў, наўпрост замешаных у карупцыйныя схемы, прычым лічбы і аб’ёмы былі такія, што пэрсанажы леташняга дакладу дэпутата Лукашэнкі ўяўляліся дробнымі калгаснымі «нясунамі».
Выходзіла, што тое «сьвятое», на чым прыйшоў Лукашэнка да ўлады («барацьба» з карупцыяй), як і абяцаньні народу («Верце мне, я вас ніколі не падману!», «Калі вам не спадабаецца — я сыду!») — падман.
Лукашэнка сядзеў за сваёй прэзыдэнцкай трыбунай і плакаў — тое быў ягоны крах як палітыка.
І вось у гэты момант і была вычарпаная палітычная і, калі хочаце, гістарычная місія Лукашэнкі: прадэманстраваць народу сапраўдны кошт таннага папулізму, заганнасьць спадзяваньня на цуд замест адказнага выбару, кошт адсутнасьці палітычная культуры і нізкай нацыянальнай сьвядомасьці (апошняе асабліва адзначу: нацыянальна сьвядомае насельніцтва ніколі не абрала б чалавека з такім стаўленьнем да мовы і незалежнасьці).
І калі б тады, у сьнежні 1994-га, Лукашэнка падаў у адстаўку (адстаўкі патрабавала Апазыцыя БНФ) — асьмелюся выказаць парадаксальную думку: магчыма, ён мог бы ўвайсьці ў гісторыю Беларусі за знакам плюс, хаця і зусім невялікім. Станоўчы эфэкт прышчэпкі грамадзтву ад папулізму ў пэрспэктыве перакрыў бы страты ад пяці месяцаў ягонага прэзыдэнцтва. Зрэшты, да сьнежня 1994 Лукашэнка яшчэ і не пасьпеў нарабіць нечага такога, што немагчыма было б хутка выправіць.
Але запалоханая парлямэнцкая большасьць прапанову апазыцыі не падтрымала, сам Лукашэнка ў адстаўку не падаў — а замест дакладу Антончыка газэты выйшлі зь «белымі плямамі».
А далей — зьбіцьцё дэпутатаў, зьнявага дзяржаўных сымбаляў і мовы, разгон страйку мэтрапалітэнаўцаў, дубінкі па сьпінах удзельнікаў масавых акцый, зламаньне Канстытуцыі, гвалтоўна зьніклыя...
Шмат было ў наступныя 27 гадоў такога, што ў гісторыі пазначыць праўленьне Лукашэнкі зусім ня сьветлымі фарбамі.
Урок Гарбачова ня быў вывучаны.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.