Што засталося ад СССР праз 30 гадоў?

Зьлева направа: прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын і прэм'ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч пасьля падпісаньня Пагадненьня аб стварэньні СНД. Віскулі, 8 сьнежня 1991

8 сьнежня 1991 году кіраўнікі Расеі, Украіны і Беларусі ў Белавескай пушчы падпісалі заяву, у якой канстатавалі, што СССР «спыняе сваё існаваньне», і абвясьцілі пра ўтварэньне СНД. Як ставяцца беларусы, украінцы і расейцы да СССР і яго распаду? Як мянялася гэтае стаўленьне на працягу 30 гадоў?

Гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium абмяркоўваюць сацыёлягі: былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Генадзь Коршунаў, намесьнік дырэктара ўкраінскай сацыялягічнай службы «Рэйтынг» Любамір Мысіў і кіраўнік аддзелу прыкладных сацыялягічных дасьледаваньняў расейскага «Левада-цэнтру» Сьцяпан Ганчароў.

Коршунаў

  • У свой час было вызначэньне Беларусі як «Вандэі перабудовы». Сярод славянскіх рэспублік СССР у Беларусі найбольшая доля насельніцтва галасавала «за» на рэфэрэндуме аб захаваньні Савецкага Саюзу.
  • Але сярод усіх рэспублік, дзе праводзілася гэтае галасаваньне, Беларусь была на 6-м месцы, пасьля рэспублік Сярэдняй Азіі. Настальгія па СССР была, але даволі хуткімі тэмпамі ішла на спад.

Генадзь Коршунаў

  • Паводле апытаньняў НІСЭПД у 2001–2002 гадах, доля тых, хто хацеў бы аднаўленьня СССР, стала меншай, чым адсотак тых, хто не хацеў бы гэтага.
  • Гэтая настальгія ў 2010-х гадах стабілізавалася недзе на ўзроўні 20–25%.
  • У 2015 годзе Цэнтар эўрапейскай трансфармацыі задаваў пытаньне, да якіх групаў насельніцтва рэспандэнт сябе адносіць, пра якія ён мог бы сказаць «Гэта мы». Савецкая ідэнтычнасьць (савецкі народ) не ўваходзіла ў першую дзясятку самых распаўсюджаных ідэнтычнасьцяў. Каля 18% апытаных казалі, што яны адчуваюць еднасьць з савецкім народам.
  • Цяжка сказаць, ці гэта культурная зьява, фігуральна кажучы, памяць пра стужку «Ирония судьбы, или с лёгким паром», ці гэта ідэалягічныя ўстаноўкі.
  • Відавочная сувязь паміж гэтай савецкай настальгіяй і ўзростам. У групе людзей, старэйшых за 65 гадоў, савецкая ідэнтычнасьць была ўласьцівая 30%, а сярод моладзі 18–25 гадоў яна на ўзроўні 12%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Злая карыкатура на БССР. Пра што варта памятаць тым, хто шантажуе Захад стратай беларускай незалежнасьці

Ганчароў

  • «Левада-цэнтар» з 1992 году рэгулярна задаваў рэспандэнтам у Расеі пытаньне, ці шкадуеце вы аб распадзе СССР. За апошнія гады адказы амаль не мяняліся, стабільна 60–66% адказвалі станоўча.
  • Зразумела, што пераважна гэта людзі пажылога веку.

Сьцяпан Ганчароў

  • Гэтая дэмаграфічная заканамернасьць мае месца на ўсёй постсавецкай прасторы. Павялічваецца настальгія па пэўных элемэнтах савецкага жыцьця.
  • У Расеі за апошнія 2 гады павялічылася доля людзей, якія лічаць, што эканоміка мусіць актыўна рэгулявацца дзяржавай.
  • Пэрыяд нестабільнасьці, які закрануў увесь сьвет, у Расеі выклікаў настальгію па стабільнасьці часоў застою.
  • Ёсьць пэўная колькасьць людзей, якія адчуваюць страту сэнсу жыцьця. Для моладзі вельмі важная самарэалізацыя, у людзей сярэдняга і сталага веку заўважная разгубленасьць.
  • Сучасная дзяржава ня ставіць перад сабой мэсіянскіх мэтаў, а людзі пражылі жыцьцё з гэтымі мэтамі.
  • Мы задавалі пытаньне «Якой сыстэме вы аддаяце перавагу: той, што была ў СССР, сучаснай расейскай ці той, што на Захадзе?». Павялічылася доля людзей, якія аддаюць перавагу савецкай сыстэме, зьнізілася доля прыхільнікаў заходняй сыстэмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці мог КДБ арыштаваць Ельцына, Краўчука і Шушкевіча

Мысіў

  • Паводле нашых апытаньняў, каля траціны ўкраінскага насельніцтва адчуваюць настальгію па Савецкім Саюзе. Мы задавалі такое ж пытаньне, як калегі зь «Левада-цэнтру».
  • Узроставая структура тых, хто настальгуе па СССР, у нас кардынальна адрозьніваецца ад Расеі. У нас ва ўзроставай групе 18–24 гадоў усяго 10% гавораць пра настальгію па СССР, у Расеі ў адпаведнай узроставай групе настальгуюць па Савецкім Саюзе 30%.

Любамір Мысіў

  • У нас сярод людзей старога веку (75+) настальгуе па СССР прыкладна кожны другі. У РФ у гэтай групе маюць падобныя настроі 82%.
  • Мы задавалі гэтае пытаньне з 2010 году, тут я магу пазайздросьціць расейскім калегам, у іх дынаміка даўжэйшая.
  • У нас дынаміка на зьніжэньне ўзроўню савецкай настальгіі. Яшчэ ў 2010 годзе ў нас тых, хто настальгаваў па СССР, было 50%. Сытуацыя зьмянілася пасьля 2014 году, і з таго часу суадносіны ацэнак стабільныя, прыкладна траціна шкадуе наконт распаду СССР.
  • У нас вялікае значэньне мае рэгіянальны фактар. Поўдзень і Ўсход значна больш схільныя адчуваць настальгію па СССР, гэта тлумачыцца і гістарычна, і абумоўлена структурай рэгіянальнай эканомікі.
  • Палітыка дэкамунізацыі, курс на эўраінтэграцыю ўплывае на ўстаноўкі людзей, асабліва моладзі.
  • Многія настальгуюць па СССР, таму што гэта быў час іх маладосьці.
  • Мы задавалі пытаньне, як паўплываў на Ўкраіну распад СССР. Пра тое, што СССР пазытыўна паўплываў на Ўкраіну, сказалі толькі 18%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТЭСТ. Канец СССР: што вы ведаеце пра Віскулёўскія пагадненьні?

Коршунаў

  • У Беларусі зь сярэдзіны нулявых і ў дзясятых гадах ідэалягічны дыскурс прасоўваў «новае савецкае».
  • У цэлым моладзь менш шкадуе аб распадзе СССР, чым старэйшыя ўзросты. Але сярод моладзі ёсьць пэўная плынь, якой уласьцівая ідэалізацыя Савецкага Саюзу. Да іх гэта «далятае» і праз прапаганду, і праз школьную адукацыю.
  • У часткі тых, хто вучыўся ў школе ў нулявых, зьяўляецца новае стаўленьне да СССР.
  • Асноўным рухавіком леташніх пратэстаў былі ня самыя маладыя, а людзі ўзросту 35–50 гадоў, тыя, чыё дзяцінства прыпала на 90-я.
  • У Беларусі была зробленая спроба новай саветызацыі. Вельмі характэрны паказьнік гэтага — парад Перамогі ў 2020 годзе, нягледзячы на пандэмію каранавірусу. Гэта стварэньне вобразу, што мы самыя савецкія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выхвальства Лукашэнкі насуперак пандэміі, выклік Пуціну, подкуп людзей — сусьветныя СМІ пра парад у Менску

Ганчароў

  • Калі мы гаворым пра савецкую настальгію, размова ідзе пра міталягізаваны вобраз.
  • Расейская моладзь ня мае іншых прыкладаў для параўнаньня, акрамя таго, што яны ведаюць з аповедаў сваіх бацькоў і дзядоў і з урокаў гісторыі.
  • Мы праводзім якасныя дасьледаваньні і спрабуем даведацца карані міту пра савецкае жыцьцё. І самыя распаўсюджаныя адказы — спасылка на аповеды старэйшых, як яны ў савецкія часы здолелі атрымаць кватэру ці зямельны ўчастак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожны пяты расеец ня змог расшыфраваць абрэвіятуру СССР

Мысіў

  • Мы задавалі рэспандэнтам пытаньні пра параўнаньне жыцьця ў СССР і ў сучаснай Украіне ў 5 сфэрах — умовы жыцьця, умовы самарэалізацыі, свабода слова, мэдыцына і адукацыя.
  • Што тычыцца свабоды і ўмоваў самарэалізацыі, то нават старэйшае пакаленьне ўкраінцаў аддае перавагу сучаснай Украіне. Што тычыцца мэдыцыны і адукацыі, то тут даволі шмат людзей ацэньваюць лепш савецкія часы, асабліва сярод старэйшага пакаленьня. Савецкі міт трымаецца на добрай мэдыцыне і добрай адукацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Беларусь такая савецкая

Коршунаў

  • Гэта сапраўды два «слупы», на якіх пераважна трымаецца настальгія — на добрай бясплатнай мэдыцыне і добрай бясплатнай адукацыі.
  • У Беларусі яшчэ плюс і бясьпека — «абы вайны не было».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разьвітаньне з СССР і інтэрнэт: што мяняе зьмена пакаленьняў

Ганчароў

  • Нягледзячы на пэўнае ўмацаваньне ў Расеі савецкай настальгіі, прага да вялікай дзяржавы коштам дабрабыту грамадзян паступова зьніжаецца.
  • Эканамічныя, матэрыяльныя даброты пачынаюць адыгрываць усё большую ролю. Жаданьне вялікай дзяржавы больш уласьцівае старэйшаму пакаленьню.

Што было раней

8 сьнежня 1991 году ў Белавескай пушчы кіраўнікі Беларусі (Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч), Расеі (Барыс Ельцын і Генадзь Бурбуліс) і Ўкраіны (Леанід Краўчук і Вітольд Фокін) падпісалі Дамову аб спыненьні існаваньня СССР і ўтварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея імкнецца перайграць гісторыю. Чатыры высновы да 30-годзьдзя распаду СССР