11 працэнтаў прызналіся, што не ведаюць расшыфроўкі, а яшчэ 8 працэнтаў зрабілі гэта з памылкамі.
Амаль палова апытаных ва ўзросьце да 34 гадоў не змаглі назваць ніводнай з рэспублік былога СССР. Гэта вынікае з дадзеных апытаньня Усерасейскага цэнтру дасьледаваньняў грамадзкай думкі, праведзенага ў канцы лістапада ў рамках сумеснага з РБК праекту «30 гадоў без СССР».
21 працэнт апытаных паведаміў, што Савецкі Саюз у іх асацыюецца з такімі паняцьцямі, як вера ў сьветлую будучыню, стабільнасьць, спакой або ўпэўненасьць у заўтрашнім дні. У маладых людзей ва ўзросьце да 24 гадоў СССР перш за ўсё асацыюецца са сьцягам, гербам і гімнам, адзначаюць сацыёлягі.
Сярод адмоўных канатацый, зьвязаных з Савецкім Саюзам, лідзіруюць чэргі і дэфіцыт тавараў. Так адказалі пяць працэнтаў рэспандэнтаў. І толькі адзін працэнт расейцаў зьвязвае СССР з рэпрэсіямі і ГУЛАГам. Таксама адзін працэнт рэспандэнтаў узгадаў пра «жалезную заслону» паміж СССР і капіталістычнымі дзяржавамі.
Паводле апытаньня ўнесенага ў рэестар замежных агентаў «Лявада-цэнтру», у 2018 годзе 66 працэнтаў жыхароў Расеі шкадавалі аб распадзе Савецкага Саюзу. Максымум жа быў адзначаны ў 2000 годзе, калі пра гэта заяўлялі 75 працэнтаў рэспандэнтаў. Пры гэтым 27 працэнтаў рэспандэнтаў лічылі, што распад быў непазьбежны, а 60 працэнтаў — што яго можна было пазьбегнуць.