Манэўры вакол сёлетняга сьвяткаваньня 100-й гадавіны БНР – своеасаблівы тэст на тое, наколькі і як мяняецца краіна. І ўлады, і апазыцыя (прынамсі частка яе), і грамадзянская супольнасьць паводзілі сябе ня так, як раней у аналягічных сытуацыях. Мой калега Дзьмітры Гурневіч напісаў блог пра тое, што гэтая зьмена – паказьнік і вынік зьмены пакаленьняў як ва ўладзе, гэтак і ў грамадзкіх інстытутах, прыходу «нью-змагароў» і «лукагіпстэраў».
Зьмена пакаленьняў сапраўды адбываецца і на нешта ўплывае.
Тое, што рашэньні наконт сьвяткаваньня прымалі менавіта новыя і пры гэтым маладыя людзі, невідавочна. Ключавыя дзяржаўныя рашэньні ў Беларусі прымае асоба зусім ня юная. Але тым ня менш зьмена пакаленьняў сапраўды адбываецца і на нешта яна ўплывае. І цікавае агульнае пытаньне, наколькі зьмены зьвязаныя менавіта з моладзьдзю.
Каб паспрабаваць адказаць на гэтае пытаньне, зьвернемся да дадзеных разнастайных сацыялягічных апытаньняў. У якасьці крытэру возьмем стаўленьне людзей да СССР. Гэта асабліва дарэчы з улікам таго, што ў Беларусі БНР – у пэўным сэнсе гістарычная альтэрнатыва СССР (БССР), ня толькі храналягічны папярэднік, але і альтэрнатыўны шлях, па якім дзяржава магла разьвівацца.
Роля адной канкурэнткі вызначаецца, апроч іншага, і стаўленьнем да іншай, да альтэрнатывы, якая спраўдзілася ў рэальнасьці. І таксама стала гісторыяй.
Ці хочаце Вы аднаўленьня СССР? – такое пытаньне ў Беларусі шмат гадоў задавалі сацыёлягі. Наступны графік паказвае, як мяняліся адказы на працягу амаль усяго часу незалежнасьці.
Графік 1.
Тэндэнцыя вельмі выразная і відавочная – бывай, СССР. Канец мінулага стагодзьдзя стаў і пераломным момантам, калі колькасьць праціўнікаў аднаўленьня СССР зраўнялася з колькасьцю прыхільнікаў.
Тэндэнцыя, якую пазначае графік 1, не азначае, што большасьць беларусаў ужо разарвала сувязь са сваім савецкім мінулым, выраклася яго. Зусім не. Але характар сувязі зьмяніўся і істотна.
Аднак у рэчышчы размовы пра зьмену пакаленьняў і яе ўплыў цікава паглядзець, як мянялася стаўленьне да СССР у розных узроставых групах. На жаль, я змог атрымаць дадзеныя аб дынаміцы адказаў толькі па некаторых з апытаньняў, якія адлюстраваныя на Графіку 1.
Графік 2.
Навідавоку велізарны разрыў у ацэнках паміж моладзьдзю і старымі, пры гэтым залежнасьць ад узросту лінейная. Ня толькі самыя старыя больш схільныя жадаць аднаўленьня Савецкага Саюзу, чым самыя маладыя, але і з пераходам да больш старэйшых групаў, тым гэтае жаданьне ўзмацняецца. Можна сказаць, што прычына такіх ацэнак старых людзей, пэнсіянэраў – у тым, што для іх СССР – гэта ладная частка іх жыцьця. Але ў якім 2004 годзе рэспандэнты ўзросту 40-50 гадоў у СССР таксама пасьпелі пажыць. Чаму ж яны ўсё ж менш схільныя да яго аднаўленьня? Справа, прынамсі, ня толькі ў наяўнасьці ці адсутнасьці савецкага досьведу.
Дадзеныя па Беларусі цікава параўнаць з вынікамі дасьледаваньняў расейскіх сацыёлягаў з Лявада-цэнтру. Праўда, яны задавалі крыху іншае пытаньне – ці шкадуеце Вы аб СССР? Гэтае пытаньне больш «мяккае», выяўляе менш шчыльную сувязь с савецкім мінулым. Можна шкадаваць аб зьнікненьні СССР, але не жадаць яго вяртаньня.
Так што дадзеныя беларускіх і расейскіх сацыёлягаў у гэтым пытаньні наўпрост немагчыма параўноўваць. Але яны пра зьвязаныя рэчы. Да таго ж асабліва важныя не асобныя паказьнікі, а іх дынаміка.
Графік 3.
Гэтая дынаміка да беларускай і падобная, і непадобная. Падобная ў тым, што трэнд усё ж паніжальны, як і ў Беларусі, з гадамі расейцаў, якія шкадуюць аб распадзе СССР робіцца ўсё менш. Але манатоннасьці гэтых зьменаў няма. Напрыканцы 90-х там назіраўся якраз рост настальгіі па СССР, які потым зьмяніўся зьніжэньнем. Яшчэ адна кропка злому трэнду – 2008-2009 гады, расейска-грузінская вайна і яе рэха. І нарэшце яшчэ адна ўспышка настальгіі – апошнія гады. Украіна, «Крымнаш».
У Беларусі, праўда, паўтаруся, пры крыху іншым пытаньні, вялікіх ваганьняў не назіралася. Трэнд даволі манатонны.
Надзвычай цікавы наступны графік з дасьледаваньня Лявады-цэнтру, на якім даецца так званы «індэкс настальгіі па СССР». Ён падлічваецца, як разнасьць паміж адсоткам тых, хто шкадуе аб распадзе СССР, і адсоткам тых, хто не шкадуе, плюс 100. Калі ў адпаведнай групе аб СССР не шкадуе ніхто, індэкс роўны 0, калі шкадуюць усе – індэкс складае 200.
Наступны графік даецца ў разрэзе ўзроставых групаў.
Графік 4.
І тут вельмі цікава параўнаць гэты графік з графікам 2. У Расеі таксама існуе велізарны разрыў у стаўленьні да СССР моладзі і старых (розьніца – да сотні адзінак шкалы), сувязь са ўзростам таксама, як і ў Беларусі, лінейная: чым старэйшая ўзроставая група, тым больш моцныя станоўчыя пачуцьці да СССР. Аднак пры гэтым варта адзначыць, што настроі ў розных узроставых групах расейцаў зьмяняюцца па прыкладна падобных траекторыях. Яны на істотна родных узроўнях, але вагаюцца ў адным рытме.
Дзеля большай супастаўнасьці вынікаў прывядзем таксама графік «індэксу жаданьня вяртаньня ў СССР» паводле беларускіх дадзеных НІСЭПД,
Графік 5.
Таксама велізарны разрыў паміж ацэнкамі маладых і старых, таксама прыкладна аднолькавая дынаміка ва ўсіх узроставых групах, і амаль лінейная залежнасьць ад узросту. Акрамя невялікага адхіленьня ў дасьледаваньнях 2009 і 2011 гадоў, там «сталая» моладзь была менш савецкай, чым самая маладая.
Такі ж узроставы разрыў быў зафіксаваны ў дасьледаваньні, якое некалькі сацыялягічных фірмаў правялі ў 2016 годзе ў 11 постсавецкіх краінах на замову інфармацыйнага агенцтва «Спутнік». У гэтых апытаньнях фігуравала яшчэ адно пытаньне, якое вымярае стаўленьне да савецкай спадчыны – лепш жылося ў СССР ці лепш жывецца цяпер?
Графік 6.
Графік 7.
Варта заўважыць, што «Спутнік» мае, мякка кажучы, неадназначную рэпутацыю. Многія лічаць яго інструмэнтам агрэсіўнага прасоўваньня ідэяў «расейскага сьвету».
Аднак цытаванае дасьледаваньне праводзіў ня сам «Спутнік». Да таго ж, яго вынікі насамрэч зусім не на карысьць «расейскаму сьвету». Графікі 6 і 7 паказваюць, што велізарны разрыў у стаўленьні да СССР паміж моладзьдзю і старымі – абсалютна ўнівэрсальная зьява для постсавецкай прасторы. І адносна Беларусі яны толькі пацьвярджаюць вынікі, зафіксаваныя ў дасьледаваньнях НІСЭПД па Беларусі і Лявада-цэнтру па Расеі.
Але ці пацьвярджаюць Графікі 1-7 гіпотэзу, што моладзь пасталее і накіне грамадзтву свае цяперашнія юнацкія ўяўленьні, што так, як сёньня думае моладзь, заўтра будзе думаць усё грамадзтва? Наагул кажучы, не. Прынамсі, неабавязкова. Нагадаю, што Графікі 2 і 5 па Беларусі, Графік 4 па Расеі паказваюць дынаміку на даволі працяглых адрэзках часу. Але яны сьведчаць ня толькі пра наяўнасьць разрыву ў ацэнках моладзі і старых, але і пра фактычную нязьменнасьць гэтага разрыву, ён не звужаецца і не пашыраецца.
Расейцу, якому ў 2000 было 18, цяпер ужо 35, ён ужо ў наступнай узроставай групе, якая ў цэлым больш настальгічная па СССР, чым па меншай меры цяперашнія 18-гадовыя расейцы.
Беларускі маладзён ці дзяўчына, якім у 2004 годзе было 24, зараз ужо 32-гадовы чалавек, гэта таксама ўжо іншая ўзроставая група зь крыху іншымі поглядамі.
Маладыя людзі бяруць шлюб, нараджаюць дзяцей, пачынаюць самі зарабляць, працаваць. І ў гэтым працэсе сацыялізацыі адбываецца, хай сабе і частковае, засваеньне каштоўнасьцяў, установак і правілаў старэйшых пакаленьняў.
Моладзь больш «антысавецкая», чым старэйшае пакаленьне, але так было і 10, і 15, і 25 гадоў таму.
Іншымі словамі, на постсавецкай прасторы моладзь больш «антысавецкая», чым старэйшае пакаленьне, але так было і 10, і 15, і 25 гадоў таму. Гэта да пэўнай ступені ўзроставы фэномэн, учорашняя «антысавецкая» моладзь па меншай меры часткова робіцца больш «савецкай».
Моладзь па меры сталеньня накідае астатняму грамадзтву сваё, але і грамадзтва сёе-тое накідае моладзі праз сацыялізацыю. Гэта барацьба. Як у Высоцкага «но покорежил он края и шире стала колея». Стала шырэйшай, але не зьмяніла кірунак, ня зьнікла наагул.
Цікава параўнаць сацыяльна-палітычную інавацыю ў выглядзе разьвітаньня з СССР зь іншай, тэхналягічнай інавацыяй – распаўсюдам інтэрнэту. Жадаючых вяртаньня СССР можна разглядаць, у пэўным сэнсе, у якасьці аналягу тых, хто не карыстаецца інтэрнэтам.
Наступны графік зроблены таксама па падставе дадзеных апытаньняў НІСЭПД, у ім адлюстраваная дынаміка доляў рэспандэнтаў у адпаведных узроставых групах, якія адказвалі, што не карыстаюцца інтэрнэтам.
Графік 8.
Заўважальнае адрозьненьне ад графіку 2. Доля моладзі, якая не карыстаецца інтэрнэтам, зьнізілася за 12 гадоў рэзка, з 60% да фактычна нуля. А сярод старэйшага пакаленьня дынаміка аказалася значна больш павольнай, доля тых, хто не карыстаецца Сецівам, сярод людзей сталага веку зьменшылася ўсяго на 20 працэнтных пунктаў. Такім чынам, разрыў паміж моладзьдзю і старымі ў гэтым пытаньні стаў за гэты пэрыяд істотна большым. А ў стаўленьні да СССР, як бачна з графіку 2, такога пашырэньня не адбылося.
Інтэрнэт не супярэчыць каштоўнасьцям, сацыялізацыя не працуе супраць яго. Старэйшыя пакаленьні не накідаюць моладзі сваё стаўленьне да Сеціва. Да таго ж моладзь па меры сталеньня не адвучваецца ад інтэрнэту, не перастае быць яго карыстальнікам.
А вось адносна стаўленьня да СССР падыходы старэйшых аказваюць узьдзеяньне на моладзь. Таму памер разрыву практычна і не павялічваецца, і інавацыя разьвітаньня з СССР адбываецца значна больш павольна, чым засваеньне інтэрнэту.
І гэтая павольнасьць яскрава адлюстраваная ў сучасным грамадзкім і палітычным жыцьці краіны. Бо зразумела ж, што любыя пытаньні пра СССР, хоць пра жаданьне яго аднавіць, хоць пра параўнаньне з цяперашнім часам, хоць пра шкадаваньне – яны не пра СССР, строга кажучы. Яны пра пэўную сучасную практыку і пра погляд на сёньняшні дзень.
Але калі ж яшчэ верыць у тое, што сьвет стане такім, якім ты хочаш яго бачыць, як не ў маладосьці?
Перадрук з парталу TUT.BY
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.