Палітык, пісьменьнік, сузаснавальнік партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»
Павал Севярынец нарадзіўся 30 сьнежня 1976 году. Скончыў з адзнакай Белдзяржунівэрсытэт. Са студэнцкіх гадоў уключыўся ў актыўнае змаганьне за вольную незалежную Беларусь. Быў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў «Маладога Фронту», ладзіў школу «Дыджэі Адраджэньня» ды іншыя трэнінгі для моладзі. У 2008-м быў уганараваны прэміяй імя В.Быкава «За свабоду думкі».
Папулярнага лідэра адраджэнцкага руху неаднаразова затрымлівалі і падоўгу трымалі за кратамі.
У зьняволеньні Павал Севярынец напісаў кнігі эсэістыкі «Лісты зь лесу» (2007, прэмія імя А.Адамовіча) і «Беларуская глыбіня» (2013, прэмія імя Ф.Аляхновіча), многія разьдзелы раману «Беларусалім».
7 чэрвеня 2020 году, у часе апошняй прэзыдэнцкай кампаніі, яго зноў затрымалі. Выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу). Пазьней дадалі «арганізацыю масавых беспарадкаў». Вырак суду: 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 4 да 7 гадоў турмы. Як у Магілёве асудзілі Севярынца, актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» і блогераў. ФОТА і ВІДЭАЖонка Вольга паведаміла нам, што турэмныя муры ня сталі непераадольнай перашкодаю для Паўлавай творчай натуры. Ён прысылае шмат малюнкаў, якія Вольга зь сябрамі афармляе ў выглядзе паштовак і распаўсюджвае.
Літаратурных заняткаў таксама не спыніў. «Павал у зьняволеньні напісаў для Францішка казку, пісаў калыханкі, вершы, публіцыстыку, падрыхтаваў хрысьціянскую віктарыну пра сьвет і Беларусь на 400 пытаньняў — людзі дапамагалі яму зьбіраць пытаньні. Таксама ён працягвае працу над трэцяй, заключнай часткай свайго раману „Беларусалім“, які ў многім аказаўся прарочай кнігай. А таксама працуе над кнігай пра сям’ю і каханьне, пакуль папярэдняя назва яе — „Воля“», — напісала нам спадарыня Вольга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Севярынец з турмы прыслаў сям'і партрэт сынаУ публіцыстычных нататках Павал Севярынец робіць аналіз сучаснага стану беларускага грамадзтва. Высновы ягоныя аптымістычныя:
«Многія прыкметы паказваюць: асэнсаваньне ідзе ў маштабах краіны. Зьнешні ціск толькі паскарае працэс. Беларусы рыхтуюцца да таго, што гісторык Гумялёў назваў „пасіянарным выбухам“ — культурным, мэнтальным, духоўным».
Гэтаму асэнсаваньню прысьвечана і заключная, трэцяя частка раману «Беларусалім», якую ён піша за кратамі.
Дасланыя спадарыняй Вольгай фотафрагмэнты турэмных твораў Паўла Севярынца паказваюць, апрача іншага, яшчэ і роўны, спакойны почырк аўтара, які сьведчыць пра сілу перакананьняў, упэўненасьць у слушнасьці абранага шляху і нязломнасьць духу. Пра што б ні пісаў увязьнены літаратар, ягоныя тэксты напоўненыя верай у будучыню і вернасьцю сваім ідэалам.
Вось фрагмэнты казкі для сына Францішка.
«Даўным-даўно, тысячу гадоў таму, белы Божы анёл ляцеў па-над балотамі, лясамі і рэчкамі, якія ляжалі паміж двума морамі — Балтыйскім і Чорным. Творца адправіў анёла агледзець край, у які хацеў прыйсьці Сын Божы, Ісус Хрыстос.
Дарог у той час не было, людзі перасоўваліся на ладзьдзях па рэках, перацягвалі чаўны ды караблі паміж ручаямі і так траплялі ў невялікія агароджаныя сьценамі з дрэва гарады. Але анёл шукаў не дарогу. Сын Божы Ісус Хрыстос перамяшчаецца ў сэрцах людзей, таму белы анёл выглядваў сэрцы...
...Чарцяняты, якіх мы, людзі, ня бачым, кожную хвіліну падбіваюць нас на зло, а сьветлыя анёлы ахоўваюць нас, дапамагаюць нам выбраць дабро і ісьці за Богам...
...Анёл падляцеў бліжэй, так, што былі відаць і вушы, і пальцы людзей. І яму здалося, што адно сэрца — чалавека, які сядзеў на носе ладзьдзі, — сьвеціць ярчэй, чым у астатніх...»
Ня толькі пра шчасьлівыя казачныя падзеі піша Павал Севярынец сыну з турмы, але і наказвае гаварыць праўду пра суровую рэчаіснасьць.
«Калі будуць у цябе пытацца, дзе тата, так і адказвай: „Тата ў турме за Беларусь“. Бог гэта дапускае на некаторы час».
Жонка Вольга на свой дзень народзінаў атрымала ад каханага верш, поўны надзвычайнай пяшчоты і веры ў хуткую сустрэчу зь ёю.
Анёлы ў небе сьпяюць «Алелюя!»
Насустрач новаму дню,
І хай нішто цябе не хвалюе —
У дзьверы я пазваню.
Выпрабаваньня няма звыш сілаў,
Як у цудоўным сьне.
Таму не сумуй, Каханая, Мілая,
Проста чакай мяне.
Пра прэмію імя Аляхновіча
Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».
У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя
- 2013: Ігар Аліневіч
- 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп
- 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка
- 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык
- 2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін
15 лістапада — Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні
15 лістапада Міжнародны ПЭН-клюб адзначае 33-і штогадовы Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменьнікаў і журналістаў, якія зазнаюць перасьлед у выніку ажыцьцяўленьня свайго права на свабоду выказваньня. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім сьвеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасьць насельніцтва аб несправядлівым зьняволеньні і іншых формах агрэсіі ў дачыненьні да пісьменьнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасьць са зьняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.
Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменьнікі ў зьняволеньні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клюбу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменьнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 года ў сьвеце было забіта больш за 35 пісьменьнікаў.
Саліл Трыпаці, старшыня Камітэта «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», адзначае:
«Пісьменьнікі мусяць мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не мусяць трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім сьвеце ў турмах сядзяць сотні пісьменьнікаў, і многія церпяць перасьлед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нэрвуюць урад. Пісьменьнікі — гэта сумленьне грамадзтва, яны мусяць заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкарнымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом з пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасьць ПЭН-клубаў адзінагалосна пацьвярджае, што мы прадоўжым змагацца за свабоду ўсіх пісьменьнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратура з турмы. Вольга Калацкая: «У камэры не відаць, якое надвор’е» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратура з турмы. Аляксандар Васілевіч: «Добрыя ўчынкі. І сьвятла становіцца больш» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратура з турмы. Максім Знак: «Яны думалі — нас пахавалі... А мы — бульба! Як нас пахаваць?» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратура з турмы. Андрэй Аляксандраў: «Краты — толькі хэштэг» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратура з турмы. Сьвятлана Купрэева: «У цэмэнтным склепе танцаваць, усім сэрцам усьміхацца!»