Паводле жонкі палітвязьня Вольгі Севярынец, сам суд і перавод у калёнію мусіць адбыцца на працягу бліжэйшых месяцаў.
«Учора ён даслаў Францішку ліст з партрэцікам: у іх асобная перапіска, Францішак малюе тату малюнкі, Паша яму — машынкі, і піша неймаверна пяшчотныя лісточкі ад таты сыну. Як сын падрасьце, будзе перачытваць іх і ганарыцца сваім татам яшчэ больш», — напісала жонка палітвязьня Вольга Севярынец.
Таксама Вольга зазначае, што Павал больш-менш у норме, наколькі гэта магчыма ў турме: піша працяг раману, складае хрысьціянскую віктарыну, адпісвае лісты.
У найбліжэйшы час Павал Севярынец будзе заставацца ў Магілёве. Адрас для лістоў: 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4.
Павал Севярынец — апазыцыйны палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, пісьменьнік. Сёлета ў сьнежні яму споўніцца 45 гадоў. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі летась 7 чэрвеня. У дачыненьні да яго тады былі вынесеныя тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Таксама яму далучылі 30 дзён арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў сьнежні 2019-га і студзені 2020-га.
Пасьля 75 сутак Паўла Севярынца ня выпусьцілі на волю, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага паводле арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Там прад’явілі абвінавачаньне.
25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе Севярынцу абвясьцілі прысуд. Судзьдзя Ірына Ланчава асудзіла палітыка да 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.