«Гэта яшчэ адна вайна зь „Белсатам“». Юрыстка тлумачыць, ці можна стаць экстрэмістам за падпіску на тэлеграм-канал

Ілюстрацыйнае фота.

Пасьля таго як набылі моц папраўкі ў закон «Аб зьмене законаў па пытаньнях процідзеяньня экстрэмізму», ледзьве ня кожны дзень у Беларусі нешта прызнаюць экстрэмісцкім фармаваньнем: то тэлеканал, то чат.

Юрыстка, праваабаронца з каманды Human Constanta Наста Лойка тлумачыць, якія зьмены ўнесеныя ў закон, ці можна падпісвацца на «экстрэмісцкія» сайты, як ня трапіць у шэрагі «экстрэмістаў».

«Відавочна, што заканадаўства профільна мянялася пад запыты ГУБАЗіКа»

— На вашу думку, чым абумоўленыя зьмены ў заканадаўстве, пасьля якіх пашыраны панятак экстрэмізму?

Наста Лойка

— Мы і раней адзначалі занадта шырокае і няпэўнае вызначэньне панятку «экстрэмізму» ў беларускім заканадаўстве, якое даўно пачалі выкарыстоўваць як рэпрэсіўны інструмэнт.

Зьмены, якія ўступілі ў сілу 15 чэрвеня, дадалі да вызначэньня 6 новых пунктаў і пашырылі яшчэ 2. На маю думку, зьмены ў заканадаўстве ў цэлым, прынятыя ў красавіку парлямэнтам, накіраваныя на большую прававую магчымасьць для рэпрэсіўных захадаў і прыцясьненьня іншадумства ў любой форме. Відавочна, што гэтае заканадаўства профільна мянялася пад запыты ГУБАЗіКа. Такія пашырэньні штучна ствараюць новую глебу для працы сілавікоў.

Больш падрабязна зьмены мы разьбіралі ў аглядзе тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто ня меў падпісак на „дэструктыўныя чаты“ — таго ГУБАЗіК сам падпісваў». Аповед затрыманага за «экстрэмізм»

Крымінальная адказнасьць ня толькі за стварэньне і кіраваньне, але і за ўдзел

— У заканадаўстве зьявіліся новыя, нязвыклыя для беларусаў тэрміны: экстрэмісцкія фармаваньні, экстрэмісцкія арганізацыі і гэтак далей. У чым іх адрозьненьне?

— Так, ёсьць пэўная блытаніна. Трэба адрозьніваць, што такое экстрэмісцкія фармаваньні, экстрэмісцкія арганізацыі, што такое экстрэмісцкія матэрыялы і сымболіка з атрыбутыкай, і што такое, напрыклад, заблякаваныя сайты (з розных прычын).

Калі гаварыць пра экстрэмісцкія фармаваньні, то гэта новы тэрмін, зусім нядаўна ўведзены ў заканадаўства. Тэрмін уводзіцца для таго, каб перасьледаваць нефармальныя ўтварэньні грамадзян.

І асноўны выклік у тым, што сапраўды гэта спрэчная працэдура. Экстрэмісцкія фармаваньні прызнае МУС і КДБ. Працэдура замацаваная ў пастанове Савету міністраў ад 12 кастрычніка 2021 году. Прычым прапісана, што абскарджваць можна ў тым жа МУС.

За экстрэмісцкія фармаваньні прадугледжана крымінальная адказнасьць. Прычым раней, да ўнясеньня паправак, адказнасьць па артыкуле 361-1 КК была толькі за стварэньне і кіраваньне, а цяпер адказнасьць ёсьць і за ўдзел у такіх фармаваньнях.

І фармальна ўдзелам улады могуць палічыць падпіску на пэўныя каналы альбо камэнтаваньне падзей. І таму, калі навінавы сайт прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем, калі людзі будуць там штосьці камэнтаваць, то фармальна на іх могуць завесьці крымінальную справу па артыкуле 361-1. Пакуль такіх прэцэдэнтаў мы ня бачылі, але ў любы момант улады могуць скарыстацца гэтым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Беларусі ўнесла Telegram-канал NEXTA ў сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў

«Мы бачым, што заканадаўствам аб экстрэмізьме ўжо зьбіраюцца злоўжываць»

— А чаму цяпер ня суд, а МУС, КДБ маюць права прызнаваць структуры экстрэмісцкімі?

— Гэта выключна палітычны крок. Даецца больш паўнамоцтваў таму ж ГУБАЗіКу, каб спрасьціць гэтую працэдуру. Зразумела, нічым гэта не абгрунтоўваецца, гэта адвольнае дзеяньне. Калі мы паглядзім, хто ўжо ў сьпісе экстрэмісцкіх фармаваньняў, то, напрыклад, там ёсьць нейкі чат Ждановічаў, у якім 4 чалавекі — наўрад ці гэта цягне на сур’ёзнае экстрэмісцкае фармаваньне.

Дарэчы, экстрэмісцкімі арганізацыі прызнае суд, і яны будуць у адным сьпісе з экстрэмісцкімі фармаваньнямі, МУС павінен іх туды ўнесьці. Яшчэ будзе сьпіс індывідуальных прадпрымальнікаў, якіх будзе таксама прызнаваць суд. А таксама сьпіс фізычных асобаў — іх будуць прызнаваць экстрэмістамі, калі ў іх ёсьць судзімасьць па тым, што лічыцца экстрэмісцкім артыкулам. Прычым нідзе ў заканадаўстве няма дакладнага пераліку, што лічыцца экстрэмісцкімі артыкуламі.

У нас ёсьць сьмешная гісторыя. Нядаўна выйшла пастанова Саўміну, што пэўны від пэнсіі за асабістыя заслугі можна скасаваць, калі чалавек асуджаны за экстрэмісцкія артыкулы. Мы напісалі запыт у Савет Міністраў, што лічыцца экстрэмісцкімі артыкуламі, той пераслаў ліст у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Нам даслалі даволі дзіўны адказ, што паколькі ў пастанове СМ гэта дакладна не прапісана, то за любое злачынства чалавек можа быць пазбаўлены гэтай пэнсіі. То бок мы бачым, што гэтым заканадаўствам аб экстрэмізьме ўжо зьбіраюцца злоўжываць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» чат клюбу аматараў песень Цоя

За падпіску пакараць ня могуць, але могуць знайсьці іншую нагоду

— У заяве МУС адзначаецца, што «дзеяньні стваральнікаў, кіраўнікоў экстрэмісцкага фармаваньня, а таксама яго ўдзельнікаў утвараюць склад злачынства ў межах артыкула 361-1 КК Беларусі». Чытачы, гледачы, падпісчыкі на тэлеграм-канал — таксама «ўдзельнікі фармаваньня»? Ці могуць пакараць падпісчыкаў, якія наступствы для іх?

— Доўгі час была спрэчка: ГУБАЗіК напісаў, што ёсьць адказнасьць за падпіскі на каналы, прызаныня «экстрэмісцкімі матэрыяламі», сайты; МУС — што няма адказнасьці за падпіскі.

Практыкі, каб людзей прыцягвалі да адказнасьці за падпіскі, пакуль няма — менавіта паводле артыкула 19.11 КаАП. Але часам, калі бачылі ў людзей такія падпіскі, на іх складалі пратаколы па іншых артыкулах: хуліганства, пікетаваньне. Таму фармальна, калі пабачаць — могуць пакараць у іншай форме.

Ці забаронена падпісвацца? Тэрміну «забаронена» няма ў заканадаўстве. У прынцыпе, гэта проста спроба абмежаваць свабоду слова, свабоду выказваньняў, свабоду сходаў і асацыяцый. Але фармальна ўлады могуць трактаваць падпіску на каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваньнямі, як фармальны ўдзел і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 361-прым.

Я думаю, што адсачыць усіх падпісчыкаў будзе складана, бо гэта занадта шмат людзей. Але выбарачна — я дапускаю, што яны могуць кантраляваць. Бо затрымліваюць людзей ужо другім наваратам, хто раней быў ужо пакараны. І проста відавочна, што ў сілавікоў шмат прафэсійнага рэсурсу, рэальна няма каго перасьледаваць, і яны могуць заняцца такімі сьпісамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Белсат“ ня спыніць працы», — галоўны рэдактар тэлеканалу аб прызнаньні «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Блякаваньне сайту не азначае, што ён «экстрэмісцкі»

— Часта мы сустракаем інфармацыю, што заблякаваны нейкі навінавы сайт. Ці азначае гэта, што заходзіць на яго небясьпечна?

— Блякаваньне сайту не азначае, што сайт у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта можа азначаць, што Міністэрства інфармацыі з сваёй ініцыятывы вырашыла гэты сайт заблякаваць — зь любой фармулёўкай. Сайтам гэтым можна карыстацца з дапамогай VPN, друкаваць адтуль штосьці, камэнтаваць. Адказнасьці за прагляды няма, сайты проста заблякаваныя дзеля нязручнасьці, каб немагчыма было зайсьці без VPN.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніцу «Белсату» ў Беларусі і яе мужа арыштавалі на 15 сутак за нібыта захоўваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

«Гэта яшчэ адна вайна зь „Белсатам“»

— Якія наступствы тэарэтычна могуць быць для «Белсату», які ўчора прызналі экстрэмісцкім, улічваючы, што само прадстаўніцтва тэлеканалу знаходзіцца за мяжой? Ці маюць права шукаць былых супрацоўнікаў, фрылансэраў, якія працавалі на «Белсат», і прыцягваць да адказнасьці?

— Што тычыцца «Белсату», могуць завесьці крымінальную справу на кіраўніцтва, каб забараніць ім уезд у Беларусь. Калі хтосьці застаецца ў Беларусі, гэта будзе распаўсюджвацца і на іх. Гэта яшчэ адна вайна зь «Белсатам». Мы ведаем, колькі іх ужо перасьледавалі.

І яшчэ адзін нюанс: тое, што матэрыялы зь іх сайту былі прызнаныя экстрэмісцкімі, азначае, што саму назву «Белсат», а таксама лягатып «Белсату» выкарыстоўваць ня варта, бо за гэта могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 19.11 КаАП.