У Осла абвясьцілі нобэлеўскага ляўрэата. Стрым са штабу Ціханоўскай, якая была адной з імаверных прэтэндэнтак. ВІДЭА

Сьвятлана Ціханоўская падчас прэсавай канфэрэнцыі

8 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская знаходзілася ў сваім офісе ў Вільні, дзе сабралося шмат журналістаў. Радыё Свабода вяло стрым з офісу, дзе чакалі абвяшчэньня ляўрэата.

У Осла Нарвэскі нобэлеўскі інстытут абвясьціў ляўрэатаў прэміі міру 2021 году. Імі сталі Марыя Рэса, філіпіна-амэрыканская журналістка, і галоўны рэдактар маскоўскай «Новай газеты» Дзьмітры Муратаў.

Сьвятлана Ціханоўская, даведаўшыся імёны ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, так пракамэнтавала гэта карэспандэнтам:

«Перш за ўсё дзякуй усім журналістам, якія сёньня прыйшлі і з намі правялі гэты час. Мы вельмі рады, што перамаглі журналісты, таму што пытаньне свабоды слова востра стаіць і ў нашых рэаліях. І на месцы Муратава, Рэсы можа быць і Кацярына Андрэева і Натальля Лубнеўская, і Андрэй Скурко, і кожны з вас.

Бо ў такіх цяжкіх умовах вы працягваеце сваю працу. Калі ў Беларусі ў жнівеньскіх, верасьнёўскіх падзеях вы станавіліся аб’ектам для стральбы сілавікоў, гэта было вельмі страшна і небясьпечна, але яны працягвалі сваю працу. Гэтая ўзнагарода прысьвечана ўсім журналістам, якія змагаюцца за свабоду. Таму я вас віншую. Дзякуй вам за вашу працу, за тое, што працягваеце асьвятляць падзеі ў Беларусі і езьдзіце з намі ў паездках, асьвятляючы нашу працу на міжнароднай плятформе.

Што да мяне, я не засмуцілася, таму што прэмія, прызы — гэта заўсёды добра. Але ў нас свой шлях і мы бачым сваю мэту, у незалежнасьці ад таго, даюць нам узнагароды ці не.

Я ўпэўнена, што сама намінацыя падыме ўвагу сусьветнай супольнасьці да пытаньняў Беларусі, гвалту з боку сілавікоў. Беларусы заслугоўваюць Нобэлеўскую прэмію без залежнасьці ад выніку».

У офісе Сьвятланы Ціханоўскай перад пачаткам прэсавай канфэрэнцыі

У офісе Сьвятланы Ціханоўскай перад пачаткам прэсавай канфэрэнцыі

З ініцыятывай вылучыць Сьвятлану Ціханоўскую на прэмію міру выступіў у студзені сёлета прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Яшчэ раней, у кастрычніку 2020 году, Сьвятлану Ціханоўскую і яе паплечніц Марыю Калесьнікаву і Вераніку Цапкалу вылучыў на прэмію Гейр Тоскедаль, сябра нарвэскага парлямэнта ад Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі, — «за іх барацьбу за справядлівыя выбары і за тое, што яны зьяўляюцца натхняльніцамі мірных апазыцыйных пратэстаў супраць нелегітымнага рэжыму ў Беларусі».

У інтэрвію газэце Vart Тоскедаль падкрэсьліў «фантастычную мужнасьць» удзельнікаў пратэстаў і выказаў надзею, што яго прапанова прыцягне «яшчэ больш увагі да мірнай барацьбы супраць апошняга дыктатара Эўропы» і да тых, хто змагаецца за «вольную і дэмакратычную Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію міру далі журналістам зь Філіпінаў і Расеі. Што важна ведаць пра ляўрэатаў

Цырымонія ў Осла:


Нобэлеўскі камітэт не публікуе сьпісаў кандыдатаў. Вядома, што сёлета на Нобэлеўскую прэмію міру прэтэндавалі каля 300 кандыдатаў, зь якіх амаль сотня — грамадзкія арганізацыі.

Хто быў сярод прэтэндэнтаў?

Варта адзначыць, што сёлетніх пераможцаў, Марыі Рэсы і Дздьмітрыя Муратава, не называлі ў ніводным букмэйкерскім сьпісе фаварытаў.

У сьпісе букмэйкераў з найбольш імавернымі пераможцамі было шмат вядомых назваў і прозьвішчаў. Вось некаторыя зь іх:

Сусьветная арганізацыя здароўя — спэцыялізаваная арганізацыя пад эгідай ААН. Асноўнай сфэрай дзейнасьці САЗ зьяўляецца каардынацыя краін-удзельніц у пытаньнях аховы здароўя грамадзянаў. Штаб-кватэра САЗ знаходзіцца ў Швайцарыі. Уступіць у арганізацыю можа любая краіна з ААН, дастаткова прыняць Статут арганізацыі і выконваць яго патрабаваньні. Сёньня САЗ налічвае 194 краіны-ўдзельніцы. Беларусь таксама ўваходзіць у іх лік. Відавочна, што Нобэлеўскі камітэт можа адзначыць ролю САЗ у барацьбе з распаўсюдам пандэміі каранавірусу, якая працягваецца ўжо другі год запар.

«Рэпартэры бязь межаў» — міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая займаецца падтрымкай журналістаў і свабоды слова ва ўсім сьвеце. Арганізацыя таксама дамагаецца адмены цэнзуры ва ўсім сьвеце і вызваленьня журналістаў, якія трапілі за краты за сваю прафэсійную дзейнасьць. «Рэпартэры бязь межаў» асудзілі ў тым ліку і ціск на беларускіх журналістаў, які пачаўся летам 2020 году і працягваецца з таго часу бесьперапынна.

Цэнтральны офіс арганізацыі знаходзіцца ў Парыжы. Яна штогод публікуе «Індэкс свабоды прэсы», які часта цытуецца беларускімі недзяржаўнымі СМІ. Акрамя гэтага, арганізацыя раз на некалькі гадоў публікуе сьпіс «Ворагаў свабоды прэсы», Аляксандар Лукашэнка не зьнікае зь яго больш за дзесяцігодзьдзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпартэры бязь межаў»: Беларусь — рэгіянальны чэмпіён у разгроме СМІ

Аляксей Навальны — расейскі палітык і апазыцыянэр. Пасьля вяртаньня з Бэрліну ў Маскву ў канцы леташняга жніўня Навальны знаходзіцца за кратамі. Супраць яго завялі дадаткова некалькі крымінальных спраў, створаны Навальным «Фонд барацьбы з карупцыяй» прызналі экстрэмісцкім, а офісы ФБК па ўсёй краіне разграмілі.

Тым ня менш Навальны застаецца самым папулярным апазыцыйным палітыкам у Расеі. Паводле «Левада-цэнтру», у ліпені 2021 году станоўча яго дзейнасьць ацэньвалі каля 14% грамадзян РФ. Сярод моладзі гэты паказчык дасягае 24%.

Грэта Тунбэрг — экалягічная актывістка са Швэцыі, якая стала вядомай некалькі гадоў таму дзякуючы акцыям ля парлямэнту Швэцыі. На той момант Грэта была школьніцай і спалучала сваю дзейнасьць з навучаньнем.

З таго часу Тунбэрг выступіла на вялікай колькасьці экалягічных мерапрыемстваў і форумаў, у тым ліку на Генэральнай асамблеі ААН. Яе імя называлася сярод магчымых пераможцаў Нобэлеўскай прэміі міру ў 2019 і 2020 гадах, аднак тады яна ня стала першай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грэта Тунбэрг: Зьмена клімату такая ж небясьпечная, як каранавірус

Ініцыятыва Black Lives Matter — грамадзкі рух, які выступае супраць расізму і гвалту ў дачыненьні да цемнаскурых людзей. Літаральна перакладаецца як «Жыцьці чорных важныя». Рух быў заснаваны ў ЗША ў 2013 годзе трыма актывісткамі — Патрыс Каларс, Алішай Гарзай і Опал Тамэці. Першапачаткова яго дзейнасьць абмяжоўвалася акцыямі ў сацыяльных сетках з адпаведным хэштэгам, але неўзабаве пратэсты з такім лёзунгам пачалі адбывацца і на вуліцах. Часта яны пераходзілі межы негвалтоўнага супраціву расізму, ідэю якога пашыраюць заснавальніцы руху.

Шырокую вядомасьць ініцыятыва Black Lives Matter атрымала ў 2020 годзе, калі ў ЗША белы паліцыянт ненаўмысна забіў афрамэрыканца Джорджа Флойда. Па ўсё краіне ўспыхнулі пратэсты, а пра рух супраць расізму і гвалту ў дачыненьні да цемнаскурых людзей даведаліся далёка за межамі ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рух Black Lives Matter вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру

Акрамя гэтага, у сьпісах імаверных пераможцаў Нобэлеўскай прэміі міру можна убачыць ужо былую канцлерку Нямеччыны Ангела Мэркель, новаабранага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і нават кіраўніка Расеі Ўладзімера Пуціна. Аднак шанцы на перамогу ў апошняга, па вэрсіі букмэйкераў, ня вельмі высокія. Усяго 100 да 1. Гэта значыць, што калі хтосьці зробіць стаўку памерам 1 рубель менавіта на Пуціна і той пераможа, то можна будзе выйграць 100 рублёў.

Якія шанцы былі ў Сьвятланы Ціханоўскай?

Адназначна сказаць складана, аднак, паводле букмэйкераў, яна ўваходзіла ў лік найбольш імаверных пераможцаў. Вядомая брытанская букмэйкерская фірма Williamhill на перамогу Сьвятланы Ціханоўскай мела каэфіцыент 11. Такі ж каэфіцыент на перамогу беларускі быў у іншай вядомай кампаніі — Unibet. Для параўнаньня можна адзначыць, што ў гэтых жа кампаніях каэфіцыенты на перамогу Аляксея Навальнага адрозьніваліся. Williamhill дае на перамогу лідэра расейскай апазыцыі 13 пунктаў, Unibet — 7.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская, Калесьнікава і Цапкала — сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлану Ціханоўскую вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру

Каэфіцыенты на перамогу Сьвятланы Ціханоўскай у іншых букмэйкераў таксама істотна розьніліся, яны вагаліся паміж 11 і 18 пунктамі. Паводле брытанскага сайту nicerodds.co.uk, які падсумоўвае букмэйкерскія каэфіцыенты і публікуе найбольш магчымы зь іх, Сьвятлана Ціханоўская займала пяты радок у сьпісе найбольш імаверных пераможцаў у намінацыі «Прэмія міру» Нобэлеўскага камітэту.

Пры гэтым варта адзначыць, што, у адрозьненьне ад прагнозаў на вынікі спартовых спаборніцтваў, стаўкі букмэйкераў на пераможцаў нобэлеўскага тыдня спраўджваюцца нячаста. Каэфіцыенты фармуюцца праз колькасьць ставак ад карыстальнікаў букмэйкерскіх сэрвісаў. Яны найчасьцей зьяўляюцца спартовымі заўзятарамі і сочаць за спартовымі падзеямі больш пільна, чым за палітыкай. Таму тут нельга выключаць сюрпрызаў.

Каго букмэйкеры лічылі найбольш імаверным пераможцам?

Сусьветную арганізацыю здароўя. Ёй аддавалі перавагу амаль усе буйныя букмэйкерскія кампаніі. Каэфіцыент на перамогу САЗ складаў каля 3 пунктаў. На другім месцы была Грэта Тунбэрг, аднак яе каэфіцыенты моцна вагаліся — ад 3,5 да нават 13.

А вось у Ангелы Мэркель, Уладзімера Пуціна і Джо Байдэна шанцаў атрымаць Нобэля сёлета, калі верыць стаўкам букмэйкераў, амаль не было. Расейскі кіраўнік, як ужо адзначалася, меў каэфіцыент 100. Былая канцлерка Нямеччыны — ад 20 да 40. А дзейны прэзыдэнт ЗША — ад 26 да 48.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вышэй за Ангелу Мэркель. Якія шанцы атрымаць Нобэля даюць Сьвятлане Ціханоўскай букмэйкеры