У Осла Нарвэскі нобэлеўскі інстытут абвясьціў ляўрэатаў прэміі міру 2021 году. Імі сталі Марыя Рэса, філіпіна-амэрыканская журналістка, і галоўны рэдактар маскоўскай «Новай газеты» Дзьмітрый Муратаў.
Як гаворыцца ў заяве Нобэлеўскага камітэту, журналісты атрымалі ўзнагароду за «намаганьні па абароне свабоды меркаваньняў, якая зьяўляецца ўмовай для дэмакратыі і міру».
Як заявіла кіраўнік Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту Берыт Рэйс-Андэрсан, «з моманту заснаваньня ў 1993 годзе „Новая газета“ публікавала крытычныя артыкулы на тэмы ад карупцыі, паліцэйскага гвалту, незаконных арыштаў, маніпуляцый на выбарах, фабрык троляў і прымяненьня расейскіх войскаў унутры краіны і за межамі Расеі.
Апанэнты газэты адказвалі на гэта пагрозамі, гвалтам і забойствамі. З моманту заснаваньня газэты забітыя шэсьць яе журналістаў, уключаючы Ганну Паліткоўскую, якія пісалі пра вайну ў Чачні. Нягледзячы на забойствы і пагрозы, галоўны рэдактар Муратаў не адмовіўся ад прынцыпу незалежнасьці і пасьлядоўна абараняў права журналістаў пісаць на выбраныя тэмы, пакуль гэта адпавядае прафэсійным і этычным стандартам журналістыкі».
Што важна ведаць пра ляўрэатаў
Марыя Ангэліта Рэса — філіпінска-амэрыканская журналістка і пісьменьніца, сузаснавальніца і генэральны дырэктар філіпінскага навіновага вэб-сайту Rappler. Раней яна амаль два дзесяцігодзьдзі адпрацавала вядучым рэпартэрам-даследчыкам у Паўднёва-Ўсходняй Азіі для CNN.
«Як журналістка і сузаснавальніца выданьня Rappler Марыя Рэса зарэкамэндавала сябе як бясстрашная абаронца свабоды слова. Rappler крытычна асьвятляў скандальную і крывавую кампанію рэжыму Дутэртэ па барацьбе з наркотыкамі. Марыя Рэса карыстаецца фундамэнтальным правам на свабоду слова, каб выкрываць злоўжываньне ўладай, гвалт і рост аўтарытарызму ў сваёй роднай краіне, на Філіпінах», – патлумачыў Нобэлеўскі камітэт сваё рашэньне.
Rappler – папулярнае англамоўнае навінавае выданьне, якое ўлады Філіпін ужо шмат гадоў спрабуюць прымусіць самаліквідавацца. Афіцыйны судовы пазоў аб закрыцьці выданьня знаходзіцца на разглядзе, але Rappler працягвае функцыянаваць.
У 2017 годзе прэзыдэнт Філіпін Радрыга Дутэртэ заявіў, што выданьнем валодаюць амэрыканцы, якія дыктуюць яго рэдакцыйную палітыку.
Пасьля гэтай заявы на галоўнага рэдактара Марыю Рэсу і на сам Rappler было заведзена 11 крымінальных спраў. Яе асабіста вінавацілі ў нявыплаце падаткаў, паклёпе, парушэньні закону аб замежных уладальніках і распаўсюдзе паклёпу ў інтэрнэце.
З тых часоў яна стала сымбалем барацьбы за свабоду прэсы на Філіпінах. У 2018 годзе часопіс Time уключыў Марыю Ресу ў групу журналістаў, прызнаных людзьмі году.
Дзьмітрый Муратаў нарадзіўся ў 1961 годзе ў расейскім Куйбышаве (цяпер Самара). Пасьля службы ў войску працаваў у «Волжскім комсомольцы» і «Комсомольской правде». Адзін з заснавальнікаў у 1993 годзе «Новай штодзённай газеты». У 1995 годзе выданьне было перайменавана ў «Новую газету». Тады ж Муратаў стаў галоўным рэдактарам выданьня.
У верасьні 2020 году Дзьмітрый Муратаў падпісаў ліст у падтрымку беларускіх пратэстоўцаў.
«Новая газета» выходзіць з 1993 году, выданьне лічыцца дэмакратычным і праваабарончым. Пяць журналістаў выданьня былі забітыя, як лічаць у НГ, за прафэсійную дзейнасьць.
Журналісты «Новай газеты», якія былі забітыя:
- Ігар Домнікаў (2000),
- Юрый Шчакачыхін (2003),
- Ганна Паліткоўская (2006),
- Анастасія Бабурава (2009),
- а таксама адвакат Станіслаў Маркелаў (2009)
- і праваабаронца Наталля Эстэмірава (2009), якія супрацоўнічалі з рэдакцыяй.
«Я лічу, што гэта прэмія Ганне Паліткоўскай, Юрыю Шчыкачыхіну, Ігару Домнікаву, маім загінулым каханым сябрам і калегам. І гэта прэмія для тых людзей, якіх цяпер абвяшчаюць „иноагентами“, непажаданымі элемэнтамі. Разам з рэдкалегіяй я падумаю над тым, як мы гэтай прэміяй распарадзімся », — сказаў галоўны рэдактар «Новай газеты» ў размове з выданьнем Readovka.
Ён таксама сказаў, што частка прэміі перавядзе ў фонд «Круг дабра», які дапамагае дзецям з рэдкімі захворваньнямі.
Нарвэскі нобэлеўскі інстытут не публікуе афіцыйна сьпісаў кандыдатаў. Было вядома, што сёлета на Нобэлеўскую прэмію міру прэтэндавалі каля 300 кандыдатаў, зь якіх амаль сотня — грамадзкія арганізацыі.
Камэнтар Сьвятланы Ціханоўскай
«Перш за ўсё дзякуй усім журналістам, якія сёньня прыйшлі і з намі былі гэты час. Мы вельмі рады, што перамаглі журналісты, таму што пытаньне свабоды слова востра стаіць і ў нашых рэаліях. І на месцы Муратава, Рэсы можа быць і Натальля Лубнеўская і Кацярына Андрэева, і Андрэй Скурко, і кожны з вас. Таму што ў такіх цяжкіх умовах вы працягваеце сваю працу. Калі ў Беларусі ў жнівеньскіх, верасьнёўскіх падзеях вы станавіліся аб’ектам для стрэлаў сілавікоў, гэта было вельмі страшна і небясьпечна, але вы працягвалі сваю працу. Гэтая ўзнагарода прысьвечана ўсім журналістам, якія змагаюцца за свабоду. Таму я вас віншую. Дзякуй вам за вашу працу, за тое, што працягваеце асьвятляць падзеі ў Беларусі і езьдзіце з намі ў паездках, асьвятляючы нашу працу на міжнароднай плятформе.
Што тычыцца мяне, я не засмуцілася, таму што прэмія, прызы — гэта заўсёды добра, але ў нас свой шлях і мы бачым сваю мэту, незалежна ад таго, даюць нам узнагароды ці не.
Я ўпэўнена, што сама намінацыя падыме ўвагу сусьветнай супольнасьці да пытаньняў Беларусі, гвалту з боку сілавікоў. Беларусы заслугоўваюць Нобэлеўскую прэмію, незалежна ад выніку».
Ціханоўская была сярод фаварытаў
Сьвятлана Ціханоўская перад вызначэньнем ляўрэату займала 5-е месца ў каэфіцыентах букмэйкераў. Фаварытам лічылі Сусьветную арганізацыю здароўя.
З ініцыятывай вылучыць Сьвятлану Ціханоўскую на прэмію міру выступіў у студзені сёлета прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Яшчэ раней, у кастрычніку 2020 году, Сьвятлану Ціханоўскую і яе паплечніц Марыю Калесьнікаву і Вераніку Цапкалу вылучыў на прэмію Гейр Тоскедаль, сябра нарвэскага парлямэнту ад Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі, «за іх барацьбу за справядлівыя выбары і за тое, што яны зьяўляюцца натхняльніцамі мірных апазыцыйных пратэстаў супраць нелегітымнага рэжыму ў Беларусі».
У інтэрвію газэце Vart Тоскедаль падкрэсьліў «фантастычную мужнасьць» удзельнікаў пратэстаў і выказаў надзею, што ягоная прапанова прыцягне «яшчэ больш увагі да мірнай барацьбы супраць апошняга дыктатара Эўропы» і да тых, хто змагаецца за «вольную і дэмакратычную Беларусь».
Хто яшчэ прэтэндаваў на прэмію міру
У сьпісе букмэйкераў найбольш імавернымі пераможцамі лічыліся:
Сусьветная арганізацыя здароўя — спэцыялізаваная арганізацыя пад эгідай ААН. Асноўнай сфэрай дзейнасьці САЗ зьяўляецца каардынацыя краін-удзельніц у пытаньнях аховы здароўя грамадзянаў. Штаб-кватэра САЗ знаходзіцца ў Швайцарыі. Уступіць у арганізацыю можа любая краіна з ААН, дастаткова прыняць Статут арганізацыі і выконваць яго патрабаваньні. Сёньня САЗ налічвае 194 краіны-ўдзельніцы. Беларусь таксама ўваходзіць у іх лік. Відавочна, што Нобэлеўскі камітэт можа адзначыць ролю САЗ у барацьбе з распаўсюдам пандэміі каранавірусу, якая працягваецца ўжо другі год запар.
«Рэпартэры бязь межаў» — міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая займаецца падтрымкай журналістаў і свабоды слова ва ўсім сьвеце. Арганізацыя таксама дамагаецца адмены цэнзуры ва ўсім сьвеце і вызваленьня журналістаў, якія трапілі за краты за сваю прафэсійную дзейнасьць. «Рэпартэры бязь межаў» асудзілі ў тым ліку і ціск на беларускіх журналістаў, які пачаўся летам 2020 году і працягваецца з таго часу бесьперапынна.
Цэнтральны офіс арганізацыі знаходзіцца ў Парыжы. Яна штогод публікуе «Індэкс свабоды прэсы», які часта цытуецца беларускімі недзяржаўнымі СМІ. Акрамя гэтага, арганізацыя раз на некалькі гадоў публікуе сьпіс «Ворагаў свабоды прэсы», Аляксандар Лукашэнка не зьнікае зь яго больш за дзесяцігодзьдзе.
Аляксей Навальны — расейскі палітык і апазыцыянэр. Пасьля вяртаньня з Бэрліна ў Маскву ў канцы жніўня мінулага году Навальны знаходзіцца за кратамі. Супраць яго завялі дадаткова некалькі крымінальных спраў, створаны Навальным «Фонд барацьбы з карупцыяй» прызналі экстрэмісцкім, а офісы ФБК па ўсёй краіне разграмілі.
Тым ня менш Навальны застаецца самым папулярным апазыцыйным палітыкам у Расеі. Паводле «Левада-цэнтру», у ліпені 2021 году станоўча яго дзейнасьць ацэньвалі каля 14% грамадзян РФ. Сярод моладзі гэты паказчык дасягае 24%.
Грэта Тунбэрг — экалягічная актывістка са Швэцыі, якая стала вядомай некалькі гадоў таму дзякуючы акцыям ля парлямэнту Швэцыі. На той момант Грэта была школьніцай і спалучала сваю дзейнасьць з навучаньнем.
З таго часу Тунбэрг выступіла на вялікай колькасьці экалягічных мерапрыемстваў і форумаў, у тым ліку на Генэральнай асамблеі ААН. Яе імя называлася сярод магчымых пераможцаў Нобэлеўскай прэміі міру ў 2019 і 2020 гадах, аднак тады яна ня стала першай.
Ініцыятыва Black Lives Matter — грамадзкі рух, які выступае супраць расізму і гвалту ў дачыненьні да цемнаскурых людзей. Літаральна перакладаецца як «Жыцьці чорных важныя». Рух быў заснаваны ў ЗША ў 2013 годзе трыма актывісткамі — Патрыс Каларс, Алішай Гарзай і Опал Тамэці. Першапачаткова яго дзейнасьць абмяжоўвалася акцыямі ў сацыяльных сетках з адпаведным хэштэгам, але неўзабаве пратэсты з такім лёзунгам пачалі адбывацца і на вуліцах. Часта яны пераходзілі межы негвалтоўнага супраціву расізму, ідэю якога пашыраюць заснавальніцы руху.
Шырокую вядомасьць ініцыятыва Black Lives Matter атрымала ў 2020 годзе, калі ў ЗША белы паліцыянт ненаўмысна забіў афрамэрыканца Джорджа Флойда. Па ўсё краіне ўспыхнулі пратэсты, а пра рух супраць расізму і гвалту ў дачыненьні да цемнаскурых людзей даведаліся далёка за межамі ЗША.
Акрамя гэтага, у сьпісах імаверных пераможцаў Нобэлеўскай прэміі міру можна было ўбачыць ужо былую канцлерку Нямеччыны Ангела Мэркель, новаабранага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і нават кіраўніка Расеі Ўладзімера Пуціна. Аднак шанцы на перамогу ў апошняга, па вэрсіі букмэйкераў, былі ня вельмі высокія.