Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская, Калесьнікава і Цапкала — сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру


Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава
Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава

Амэрыканскі часопіс Newsweek пазнаёміў з афіцыйнымі намінантамі на Нобэлеўскую прэмію міру 2021 году. Іншыя намінацыі ня будуць рассакрэчаныя цягам 50 гадоў.

Як піша Newsweek, сярод намінантаў — Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала.

«Тры жанчыны былі вылучаныя за „барацьбу за сумленныя выбары і за натхненьне мірнай апазыцыі“ супраць кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, — адзначае выданьне. — У сталіцы краіны Менску прайшлі акцыі пратэсту пасьля таго, як Лукашэнка заявіў аб перамозе над лідэрам апазыцыі Ціханоўскай на спрэчных выбарах у жніўні 2020 году. Ціханоўская і Цапкала, былы пасол ЗША, уцяклі ў выгнаньне, а арганізатарцы пратэсту Калесьнікавай прад’яўлена абвінавачаньне ў падбухторваньні да падрыву нацыянальнай бясьпекі». (Выглядае, часопіс блытае Вераніку Цапкалу зь ейным мужам Валерам Цапкалам, які быў амбасадарам у ЗША).

Як ужо паведамлялася, на Нобэлеўскую прэмію вылучаныя швэдзкая экалягічная актывістка Грэта Тунбэрг (яна вылучалася і летась), а таксама расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны.

Хто яшчэ?

  • Даніэль Элсбэрг, вайсковы аналітык, які стаіць за выцекам з Пэнтагону тысячы старонак сакрэтных урадавых дакумэнтаў, якія тычацца ролі ЗША ў вайне ў Віетнаме.
  • Амінату Хайдар, праваабаронца, якая выступае за незалежнасьць Заходняй Сахары, спрэчнай тэрыторыі ў Паўночнай Афрыцы, якая ў значнай ступені кантралюецца Марока. Яе празвалі «Гандзі Сахары» і вылучылі за мірную агітацыю.
  • Барбара Лі, амэрыканская кангрэсвумэн. Абраная ў Кангрэс у Каліфорніі, Барбара Лі была ўпершыню вылучана ў 2005 годзе ў рамках праекту «1000 мірных жанчын». Ініцыятыва падкрэсьліла пазыцыю Лі ў якасьці адзінага члена кангрэсу, які прагаласаваў супраць рэзалюцыі пасьля 11 верасьня, якая давала прэзыдэнту Бушу права весьці вайну з Іракам у 2003 г., а таксама адзначыла ейную дзейнасьць па спыненьні распаўсюджваньня ВІЧ і СНІДу.
  • Дональд Трамп, былы прэзыдэнт ЗША. Як паведамляе выданьне, у сваім лісьце аб вылучэньні нарвэскі дэпутат Крыстыян Тыбрынг-Едэ адзначыў: «Я лічу, што ён зрабіў больш намаганьняў для стварэньня міру паміж народамі, чым большасьць іншых намінантаў на прэмію міру». Аўстралійскі прафэсар права Дэвід Флінт таксама вылучыў экс-прэзыдэнта, высока ацаніўшы «дактрыну Трампа» супраць «бясконцых войнаў».
  • Джарэд Кушнэр і Аві Берковіц, былыя дарадцы Белага дому, вылучаныя за намаганьні ў справе мірнага працэсу на Блізкім Усходзе. Абодва адыгралі ролю ў зьдзелцы, вядомай як «Абрагамавы пагадненьні», паміж Ізраілем і арабскімі краінамі, а менавіта: Абʼяднанымі Арабскімі Эміратамі, Бахрэйнам, Суданам і Марока. Кушнэр — зяць Дональда Трампа.
  • Стэйсі Абрамс, праваабаронца — ёй ставяць у заслугу павелічэньне яўкі выбаршчыкаў у штаце Джорджыя, што, магчыма, дапамагло Джо Байдэну абрацца прэзыдэнтам. Намінаваная нарвэскім парлямэнтарыем Ларсам Хальтбрэкенам за прапаганду негвалтоўных пераменаў шляхам галасаваньня.
  • Рух Black Lives Matter быў арганізаваны ў 2013 годзе, аднак асаблівую вядомасьць набыў у 2020, на хвалі пратэстаў пасьля забойства паліцыянтамі ў Мінэапалісе чарнаскурага Джорджа Флойда. Рух намінаваны нарвэскім дэпутатам Пэтэрам Эйдэ — за супрацьстаяньне расізму.
Дэманстрацыя ў Нью-Ёрку, чэрвень 2020.
Дэманстрацыя ў Нью-Ёрку, чэрвень 2020.
  • Сайт WikiLeaks.
  • Камітэт абароны журналістаў — некамэрцыйная арганізацыя, якая прасоўвае глябальную свабоду прэсы.
  • Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў».
  • Праграма COVAX — сусьветная ініцыятыва, накіраваная на «забесьпячэньне хуткага і справядлівага доступу да вакцынаў супраць COVID-19 для ўсіх краін, незалежна ад узроўню даходаў».
  • Міжнародная касьмічная станцыя — дзейнічае з 1998 году на касьмічнай арбіце Зямлі, на вышыні больш як 250 кілямэтраў.
Міжнародная касьмічная станцыя
Міжнародная касьмічная станцыя
  • NATO, вайскова-палітычны альянс, вылучаны за папярэджаньне пра пагрозу з боку новых «аўтарытарных дзяржаў з рэвізіянісцкімі зьнешнепалітычнымі праграмамі».

Часопіс паведамляе, што існуюць і іншыя намінаваныя, аднак пра іх не паведамляецца. Яны, паводле правілаў Нобэлеўскага камітэту, ня будуць рассакрэчаныя цягам 50 гадоў (пра тых, хто намінаваўся да 1970 году, можна даведацца на сайце Нобэлеўскага камітэту).

Члены камітэту павінны вывучыць кандыдатуры да канца лютага. Рашэньне будзе абвешчана ў кастрычніку, уручэньне прэміі адбудзецца ў сьнежні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG