На пачатку 2021 году Малдова, якая доўгі час уваходзіла ў лік найбяднейшых краінаў Эўропы, абагнала Беларусь паводле памеру мінімальнага заробку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы і беларусы зарабляюць больш, чым «па пяцьсот». Параўноўваем заробкі ў абедзьвюх краінахУ Беларусі зь лютага ён складаў 155 даляраў, у Малдове — 165. Ва Ўкраіне памер мінімальнага заробку цяпер больш за 200 даляраў. Параўноўваем іншыя эканамічныя паказьнікі, якія сьведчаць пра ўзровень жыцьця ў Беларусі і ў іншых краінах Эўропы.
Валавы ўнутраны прадукт
Валавы ўнутраны прадукт — гэта сума кошту ўсіх тавараў і паслуг, вырабленых і аказаных за год у адной асобна ўзятай краіне.
Існуе некалькі мэтодык падліку гэтага паказьніку, якія нязначна адрозьніваюцца паміж сабой. Адна з агульнапрынятых — мэтодыка Сусьветнага банку. Для больш дакладнага вызначэньня ўзроўню эканамічнага разьвіцьця памер ВУП прынята дзяліць на колькасьць насельніцтва. Гэты паказьнік «на душу насельніцтва» дазваляе зразумець, колькі тавараў і паслуг за год вырабіў у сярэднім грамадзянін той ці іншай краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У рэпрэсіўнай палітыцы можа існаваць толькі рэпрэсіўная эканоміка», — эканаміст Зьміцер КрукУ 2020 годзе памер ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі склаў 20 187 даляраў, пры сярэднім гадавым заробку каля 6000 даляраў. Гэта 61 месца ў сьвеце і 33 месца сярод эўрапейскіх краін.
Крыху больш за дзесяць гадоў таму, у 2010, памер ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі складаў 15 918 даляраў, гэта было 34 месца ў Эўропе. То бок за прамінулы час пазыцыі палепшыліся на адзін пункт.
Аднак суседняя Польшча за той жа пэрыяд з 27 месца (21 085 даляраў ВУП на душу насельніцтва) перамясьцілася на 24 (34 103 даляры), а Літва — аж на восем пазыцый уверх. У 2020 годзе памер ВУП на душу насельніцтва ў балтыйскіх суседзяў склаў амаль 39 тысяч даляраў, гэта 20-е месца ў Эўропе. У 2010-м кожны жыхар Літвы ў сярэднім вырабляў за год паслугаў і тавараў на суму 20 550 даляраў. Беларусь дасягнула гэтага ўзроўню толькі цяпер.
Сярэдні заробак
У адрозьненьне ад памеру ВУП і ВУП на душу насельніцтва, агульнапрынятага спосабу лічыць памер сярэдняга заробку для ўсіх краін сьвету не існуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі зарабляюць людзі самых распаўсюджаных прафэсій у Латвіі і БеларусіРэйтынгі паводле гэтага паказьніку складаюцца на падставе афіцыйных статыстычных дадзеных асобных краін. Спосабы падліку ў кожнай асобнай дзяржаве могуць адрозьнівацца. Да таго ж для краін зь невысокім узроўнем разьвіцьця характэрная высокая доля «шэрай эканомікі» і так званых «заробкаў у канвэртах». Белстат, напрыклад, падаючы афіцыйны памер заробкаў у Беларусі, называе лічбы да выплаты падаткаў. Таму да зьвестак пра сярэднія заробкі ў краінах сьвету варта падыходзіць з пэўнымі агаворкамі.
У Беларусі афіцыйны памер сярэдняга заробку ў першай палове 2021 году склаў прыкладна 550 даляраў. Гэта 63-е месца ў сьвеце і 50-е ў Эўропе. З эўрапейскіх краінаў афіцыйны заробак ніжэйшы толькі ў Альбаніі (540 даляраў), ва Ўкраіне (497 даляраў), Грузіі з Азэрбайджанам (прыкладна па 407 даляраў), Армэніі (362 даляры) і Малдове (каля 350 даляраў).
У 2015 годзе афіцыйны памер сярэдняга заробку ў Беларусі складаў прыкладна 420 даляраў. Як і цяпер, менш атрымлівалі грамадзяне Ўкраіны, Малдовы і каўкаскіх краін. Аднак пяць гадоў таму разрыў паміж прыбыткамі беларусаў, з аднаго боку, і малдаван з украінцамі — з другога, быў значна большы. Сярэдні памер заробкаў у Малдове ў 2015 годзе быў каля 245 даляраў, ва Украіне — 180. За пяць гадоў разрыў значна скараціўся. А з украінскімі беларускія афіцыйныя заробкі амаль зраўняліся.
Інфляцыя
Інфляцыяй называюць працэс абясцэньваньня нацыянальнай валюты, якая знаходзіцца ў абарачэньні ў кожнай асобна ўзятай краіне. У штодзённым жыцьці інфляцыя праяўляецца найперш у росьце цэнаў на тавары і паслугі.
Яна можа адбывацца з самых розных прычын, сярод якіх абясцэньваньне нацыянальнай валюты, дэфіцыт бюджэту, уключэньне «друкарскага вартшату», павелічэньне попыту і іншыя. Статыстычнымі падлікамі інфляцыі займаецца Сусьветны банк. Разам з інфляцыяй у некаторых краінах пэрыядычна можа назірацца дэфляцыя — зьніжэньне цэнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя ў Беларусі за год склала 10 працэнтаўУ 2020 годзе ў Беларусі зафіксаваны ўзровень інфляцыі 5,5%. Тады гэта быў 126-ы паказьнік у сьвеце і найгоршы ў Эўропе. З часткова эўрапейскіх краін у 2020 годзе інфляцыя была большая толькі ў Турэччыне — 12,3%. У Малдове яна складала 3,8%, ва Ўкраіне — 1,9%, у Літве — 1,2%.
У 2013 годзе Беларусь увогуле займала апошняе месца ў сьвеце паводле памеру інфляцыі. Тады цэны на тавары і паслугі за год вырасьлі ў сярэднім на 19%. На другім з канца месцы ў Эўропе ў той жа пэрыяд была Расея з паказьнікам 6,8%.