«Гэта падрыхтоўка да абʼяднаньня дзяржаваў у 2023 годзе», — намесьнік рэдактара «Коммерсанта»

Аляксандар Лукашэнка падчас супольнай прэсавай канфэрэнцыі з Уладзімірам Пуціным, Масква, 9 верасьня 2021 г.

Якую ступень інтэграцыі прадугледжваюць новыя саюзныя праграмы, ухваленыя Лукашэнкам і Пуціным? Ці прадугледжаныя ў іх кантрольныя ці наглядныя органы? У якой ступені гэтыя дакумэнты абмяжоўваюць сувэрэнітэт Беларусі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае намесьнік рэдактара расейскай газэты «Коммерсант» Дзьмітры Бутрын. У Беларусі ён вядомы як аўтар артыкула 2019 году пра зьмест праекту «дарожных мапаў» інтэграцыі.

Бутрын

  • Падпісаныя дакумэнты набудуць юрыдычную моц 4 лістапада, калі Пуцін падпіша адпаведны ўказ, а Лукашэнка — дэкрэт.
  • Мы апублікавалі на сайце «Коммерсанта» вытрымку з таго, што зацьверджана.
  • Гэтыя дакумэнты крыху адрозьніваюцца ад таго праекту, зьмест якога мы абнародавалі два гады таму.

Дзьмітры Бутрын

  • Яны адрозьніваюцца інтанацыяй.
  • Калі б я ня ведаў, што ў Беларусі адбылося за 2 апошнія гады, я сказаў бы, што гэта вынік доўгіх і цяжкіх перамоваў.
  • Наконт праекту, пра які мы пісалі два гады таму, можна было думаць, што за ім стаяць яшчэ нейкія негалосныя дамоўленасьці.
  • Той пакет вымагаў дадатковых пагадненьняў, пра цяперашні гэтага сказаць нельга.
  • У цяперашніх дакумэнтах ключавое слова — не «рэгулятар», а «гарманізацыя».
  • Я ня бачыў поўнага тэксту, але ў тым, што бачыў, слова «рэгулятар» я нідзе ня ўбачыў.
  • У некаторых пытаньнях, скажам, у падаткаабкладаньні, рэгулятара няма дакладна, нават няма адзінага мытнага і падатковага кодэксаў.
  • Два гады таму праект быў грубай прапановай аб’яднаць падатковыя сыстэмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі сьпіс праграм «саюзнай дзяржавы», якія плянуюць падпісаць 4 лістапада. Што ў іх?
  • Цяпер пазначана, што па ўскосных падатках будзе адбывацца адзінае адміністраваньне.
  • Можна гэта павярнуць у бок абмежаваньня падатковага сувэрэнітэту. Але можна і не паварочваць.
  • У нечым інтэграцыя, якая прапаноўваецца ў гэтых 28 праграмах, нават глыбейшая за тое, што прапаноўвалася 2 гады таму.
  • Але ў прэамбулах і ў агульнай схеме пакідаецца магчымасьць прадэкляраваць, што гэта розныя дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магчыма, Пуціну падабаецца прымушаць Лукашэнку прыніжацца, — Радзіхоўскі
  • Гэта падрыхтоўка да абʼяднаньня дзяржаваў у 2023 годзе.
  • Ідэя такая — мы зараз зробім усе падрыхтоўчыя крокі, а ў 2023 годзе вырашым — гэта ў нас ужо адзіная дзяржава ці яшчэ не.
  • Адносна цэнтральных банкаў прадугледжваюцца практычна аднолькавыя інструмэнты рэгуляваньня, беларускае заканадаўства ад расейскага ня будзе практычна адрозьнівацца нічым.
  • Расея абвінавачвае Беларусь у тым, што тая за кошт свайго сувэрэнітэту мае магчымасьць займацца арбітражам. У Расеі ёсьць тэрмін «беларускія крэвэткі». Гэта адзін з кшталтаў арбітражу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі сувэрэнітэту аддаў Лукашэнка? 
  • Беларусь зарабляе ў тым ліку і на глупствах расейскай зьнешняй палітыкі.
  • Адна з задачаў гэтых 28 праграмаў — прапанаваць магчымасьць агульнага рынку.
  • Фігуральна кажучы, сэнс пагадненьняў — давайце мы зробім унутраны антураж нашых «кватэраў».
  • Але жыць будзем у сваіх «кватэрах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мацкевіч супраць аўтара нашумелага артыкулу «Коммерсанта»: да чаго вядзе «паглыбленая інтэграцыя»?
  • У 2023 годзе гэта, паводле задумы, будзе выглядаць так — ёсьць два дамы, адзін большы, другі — меншы ў 20 разоў. Яны абсалютна аднолькавыя.
  • Але хто будзе гаспадарыць у малым доме? Той, хто там жыве.
  • Гэтая двухгадовая праграма выглядае да некаторай ступені ідэалістычнай утопіяй.
  • Яна зыходзіць з тэзы, што калі мы створым дзьве падобныя сыстэмы рэгуляваньня, то эканомікі будуць вельмі падобныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дамоўленасьць аб нафце — гэта замірэньне на месяц-два», — аўтар нашумелай публікацыі ў «Коммерсанте»
  • Гэта хутка ня робіцца. Але каб яно рабілася наагул, закон павінен выконвацца.
  • Ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі рэч ня толькі ў законах, і яна ўсё часьцей не ў законах.
  • «Часам не да законаў» усё часьцей робіцца правілам і ў Расеі.
  • Аўтакратыя ня можа доўга функцыянаваць у межах закону, нават калі яна можа гэты закон прымаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядома, што шчоўкае ў галаве грамадзтва, калі яно кажа: дыктатар, я цябе больш не люблю», — аўтар нашумелай публікацыі ў «Коммерсанте»
  • Менавіта таму Беларусь застанецца Беларусьсю, а Расея — Расеяй.
  • Каб рэалізаваць гэтую інтэграцыйную праграму, Беларусь і Расея павінны быць прававымі дзяржавамі.
  • А яны імі не зьяўляюцца.
  • А які сэнс Беларусі мець расейскія законы?
  • У яе крыху іншая эканоміка, крыху іншы народ, геаграфічнае становішча істотна іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дарожныя мапы інтэграцыі — гэта пра эканоміку, а не пра палітыку». Меркаваньне экспэрта
  • Я асабіста не разумею, навошта Расеі нейкімі землямі «прырастаць».
  • Магчыма, менавіта таму я не зьяўляюся часткай расейскай улады.
  • Я за разнастайнасьць на нашым кантынэнце, і альтэрнатыва «беларускім крэвэткам» — гэта адсутнасьць крэвэтак.
  • Калі гэтая інтэграцыйная праграма будзе выконвацца, то з 2023 году цэны на газ для Беларусі будуць, як для Смаленскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Размовы пра інтэграцыю ідуць больш за 20 гадоў. Што пра гэта кажуць у Беларусі і Расеі
  • Калі ня будзе выконвацца, то ня будуць.
  • Беларусь Лукашэнкі не гатовая выкарыстаць танны газ, не гатовая рабіць зь яго грошы.
  • Яна гатовая толькі спальваць яго на ЦЭЦ і заганяць насельніцтву ў выглядзе гарачай вады.
  • Расейцы ўвесь час баяліся, што беларусы на таннай энэргетыцы збудуюць нешта канкурэнтнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 гадоў размоваў пра інтэграцыю Расеі і Беларусі. Што адбываецца
  • Цяпер відавочна, што пры гэтай уладзе ніхто ў Беларусі ня будзе выкарыстоўваць гэты газ ні на што, акрамя сацыяльнага спакою.
  • Каб рахункі за ЖКГ былі танныя — вось адзінае, што ім трэба.
  • У Беларусі невялікая эканоміка.
  • Так што можна пастаўляць туды танны газ, калі спаўняецца мара, сэнсу якой мы з вамі не разумеем.

Што было раней

  • Пятая за 2021 год сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна прайшла 9 верасьня ў Маскве. Яна доўжылася 3,5 гадзіны. Пасьля сустрэчы Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка выступілі на прэс-канфэрэнцыі.
  • Пуцін паведаміў, што на перамовах з Лукашэнкам былі ўзгодненыя 28 праграм па далейшым паглыбленьні інтэграцыйных працэсаў паміж дзьвюма краінамі.
  • «Гаворка ідзе пра 28 так званых саюзных праграм, якія накіраваныя на ўніфікацыю заканадаўства Расеі і Беларусі ў розных галінах эканомікі, на выраўноўваньне ўмоў дзейнасьці гаспадарчых суб’ектаў дзьвюх краін, пабудову адзіных фінансавых і энэргетычных рынкаў, транспартнай прасторы, фармаваньне і рэалізацыю агульнай прамысловай і сельскагаспадарчай палітыкі», — растлумачыў Пуцін.
  • Пра што канкрэтна дамовіліся Пуцін і Лукашэнка:
  1. цана на расейскі газ для Беларусі на 2022 год захаваецца на ўзроўні 2021 году;
  2. да 1 сьнежня 2023 году будзе падпісана дамова аб абʼяднаньні рынку газу;
  3. Пуцін і Лукашэнка дапусьцілі магчымасьць стварэньня адзінай абароннай прасторы;
  4. заплянавалі стварэньне адзінага рынку нафты і нафтапрадуктаў, а таксама падпісаньне дамовы аб адзіным рынку электраэнэргіі.