Праваабаронцу абвінавачваюць у тым, што ён нібыта «арганізаваў і фінансаваў масавыя беспарадкі» (частка 1 і частка 2 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу). Валянтэркі Тацяна Ласіца і Марыя Тарасенка, паводле абвінавачаньня, дапамагалі яму «арганізаваць і фінансаваць беспарадкі» (частка 1 і частка 2 артыкулу 342).
У справе, у якой 77 тамоў, апыталі каля 300 сьведак. У суд выклікалі каля 50 чалавек. Паседжаньні прызначаныя практычна на кожны працоўны дзень. Судзіць праваабаронцу будуць і ў ягоны 55-ы дзень нараджэньня, 23 верасьня.
Неўзабаве пасьля пачатку судовага пасяджэньня працэс зрабілі закрытым на патрабаваньне пракуратуры — дзяржаўнага абвінавачання.
У чым іх абвінавачваюць
У жніўні–лістападзе 2020 году тысячы жыхароў гомельскай вобласьці трапілі пад перасьлед за ўдзел у акцыях пратэстаў пасьля выбараў. Па юрыдычную падтрымку яны зьвярталіся да праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Ён дапамагаў пісаць скаргі, адстойваць свае правы ў судзе. Таксама праваабаронца дапамагаў выплачваць штрафы. Ён у 2018 годзе стаў ляўрэатам францускай прэміі «Свабода, роўнасьць, братэрства», атрымаў 15 тысяч эўра. Праваабаронца тлумачыў, што вырашыў частку гэтых грошай ахвяраваць на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій.
Узімку 2020 году сям’я Кавалёвых з-пад Гомля сутыкнулася з пагрозамі з боку ўладаў забраць у прытулак траіх дзяцей. Кармілец сям’і Леанід Кавалёў у той час быў у СІЗА як падазраваны, ягоная жонка адна не давала рады фінансава забясьпечваць сям’ю. Судаленка заклікаў карыстальнікаў інтэрнэту дапамагчы Кавалёвым купіць неабходныя на зіму дровы.
Дровы былі купленыя і прывезеныя да Кавалёвых. Гэты ўчынак сьледзтва трактавала як «фінансаваньне масавых беспарадкаў». Тлумачэньне — Леаніда Кавалёва асудзілі за «масавыя беспарадкі», значыць, Судаленка яго фінансаваў дровамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымінальную справу праваабаронцы Леаніда Судаленкі перадалі ў суд. У ёй 77 тамоў і 300 сьведакТаксама Судаленка заклікаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку сустрэць з ІЧУ пасьля 15 сутак Марыю Тульжанкову. Гэтыя ўсе дзеяньні — сплата штрафаў, заклік купіць дровы, сустрэць дзяўчыну з ІЧУ — і сталі падставай для абвінавачаньня.
Яшчэ адзін пункт — «навучаньне» для ўдзелу ў масавых беспарадкаў. Праваабаронца правёў онлайн-сустрэчу з блогерам Андрэем Павуком, дзе расказваў пра заканадаўства і адказнасьць за ўдзел у масавых мерапрыемствах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд арыштаваў гомельскую мастачку, якая выйшла на пратэст з плякатам «Сашу больш не наліваць»Судаленка з 18 студзеня знаходзіцца ў СІЗА. На тры дні з 18 студзеня затрымлівалі ягоную памочніцу Марыю Тарасенку. 21 студзеня ў менскім аэрапорце пры спробе вылецець у Вільню была затрыманая другая памочніца — жыхарка Рэчыцы Тацяна Ласіца.
Хто такія Тацяна Ласіца і Марыя Тарасенка
43-гадовая Тацяна Ласіца — вядомая ў Рэчыцы грамадзкая дзяячка. Яна ўдзельнічала ў розных праектах кампаніі «Гавары праўду!», змагалася з чыноўнікамі ў рашэньні сацыяльных і камунальных праблем гораду.
У 2019 годзе Тацяна балятавалася ў парлямэнт. Яна выказвалася, што хоча больш эфэктыўна вырашаць праблемы свайго гораду.
Ласіца і Тарасенка дапамаглі Судаленку ў «папяровых» справах — насілі лісты на пошту, разьбіраліся з дакумэнтамі на добраахвотнай аснове.
Узімку 2021 году ў Тацяны Ласіцы прайшоў ператрус. Незадоўга да гэтага яна страціла маці. Цяпер у яе засталіся толькі бацька і брат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Празе ўручылі прэмію, прысуджаную зьняволеным беларускім праваабаронцам48-гадовая Марыя Тарасенка афіцыйна беспрацоўная. Жыве ў Гомлі. Яна актыўна адстойвала свае правы перад мясцовымі чыноўнікамі, якія прызначылі яе «дармаедкай» і абавязалі плаціць падвышаныя камунальныя плацяжы.
У 2019 годзе гамяльчанка даведалася, што яе ўнесьлі ў ў базу «не занятых у эканоміцы». Яна зьвярнулася ў суд з пазовам супраць камісіі садзеяньня занятасьці насельніцтва Чыгуначнага раёну Гомля і камітэту працы, занятасьці і сацыяльнай абароны аблвыканкаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнікла сувязь з памочніцай Леаніда Судаленкі. Яна мелася ляцець у ВільнюМарыя Тарасенка казала на судзе, што яе муж мае сталы даход, якога хапае на ўтрыманьне сям’і. Яна лічыць, што «дармаедзкі» дэкрэт парушае яе канстытуцыйныя правы.
Раней яна прасіла чыноўнікаў выключыць яе з базы, але тыя адмовіліся, што, паводле жанчыны, прынесла ёй маральныя пакуты — прыніжэньне, страх за будучыню.
Суд выйгралі чыноўнікі.
Марыя Тарасенка мае сур’ёзнае захворваньне. Зь лістапада 2020 году па красавік 2021 яна перанесла тры апэрацыі на правым воку. Цяпер яна паўнавартасна бачыць толькі адным вокам.