«Яе сустракалі ў Вільні прыяцелі, але Тацяна не прыляцела. Яны забілі трывогу. Аказалася, што яна і ня вылецела. Толькі пасьпела даслаць паведамленьне, што „на мяне складаюць пратакол“. Які, за што — невядома», — паведаміла Свабодзе сяброўка Тацяны.
Пазьней стала вядома — Тацяна ў гомельскім ІЧУ, зьяўляецца падазраванай па арт. 342 ч. 2 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Пра гэта Свабодзе паведаміў гомельскі актывіст Васіль Палякоў.
Сёньня на волю пасьля 72-гадзіннага затрыманьня выйшла Марыя Тарасенка — другая памочніца праваабаронцы Леаніда Судаленкі. І яе, і праваабаронцу прызналі палітычнымі зьняволенымі.
18 студзеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку. Ён праходзіць у крымінальнай справе паводле часткі 2 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (фінансаваньне масавых беспарадкаў). Тры дні праваабаронца быў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Сёньня яго перавялі ў гомельскі сьледчы ізалятар (СІЗА-3).
У пэрыяд пасьля выбараў праваабаронца актыўна дапамагаў удзельнікам мірных акцый, якія трапілі пад перасьлед міліцыі. Ён дапамагаў абскарджваць рашэньні суду, сплачваць дзяржаўны збор за скаргі і штрафы. Сродкі на гэта Судаленка выдзеліў са сваёй грашовай міжнароднай прэміі, якую ён атрымаў за абарону правоў чалавека. Пра гэта праваабаронца казаў сам.
5 студзеня на офісе, дзе працуе Судаленка, прайшоў ператрус. Апроч тэхнікі і тэлефонаў, міліцыянты забралі каля 200 асабістых справаў людзей, якія былі пакараныя за ўдзел у акцыях штрафамі і арыштам.
Цяпер у Сьледчы камітэт выклікаюць на допыты сьведак, жыхароў Гомельскай вобласьці, якім дапамагаў Леанід Судаленка.