Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу літоўскага Міністэрства ўнутраных спраў.
Выканаць праект даручана групе кампаніяў EPSO-G, якая знаходзіцца ў падпарадкаваньні Міністэрства энэргетыкі Літвы.
«Фізычная перашкода неабходная для адбіцьця гібрыднай атакі беларускага рэжыму супраць Літвы і ўсяго Эўразьвязу, — заявіла на пасяджэньні прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце. — Для будаваньня гэтага абʼекта дзяржаўнай важнасьці выбралі кампанію, якая мае досьвед рэалізацыі праектаў такога маштабу. Празрыстасьць і хуткасьць — галоўныя прыярытэты пры ўзьвядзеньні фізычнага барʼеру».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча пабудуе на мяжы зь Беларусьсю плот вышынёй 2,5 мэтраЗгодна з праектам, вышыня мэталічнай агароджы мусіць быць сама меней 3 мэтры, яна павінна быць устойлівай да зьменлівых умоваў надворʼя. Папярэдні кошт праекту складае 152 мільёны эўра.
«Пабудаваць плот як мага хутчэй — наш прыярытэт, — заявіла кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайце. — Гэта ня проста плот, гэта ахоўны мур для нас і ўсяго Эўразьвязу. Прыняты адпаведны закон, прызначаны выканаўца праекту, мы выдаткуем столькі грошай, колькі будзе трэба. Мяжу будзем уладкоўваць разам з арміяй, Саюзам стралкоў, бізнэсам. Калі спатрэбіцца, літоўскі народ дапаможа. Мы будзем абараняцца разам».
У сувязі з павелічэньнем патокаў нелегальных мігрантаў з боку Беларусі 2 ліпеня ў Літве абвясьцілі экстрэмальную сытуацыю. Паводле зьвестак Дэпартамэнту статыстыкі Літвы, з пачатку году беларуска-літоўскую мяжу незаконна перасеклі больш за 4,1 тысячы чалавек (у 51 раз больш, чым за ўвесь 2020-ты), у асноўным грамадзяне Іраку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча прапанавала Беларусі ўезд гуманітарнай калёны для дапамогі афганскім мігрантам на памежжыЗ пачатку міграцыйнага крызісу Літва ўзмацніла ахову мяжы зь Беларусьсю. На дапамогу літоўскім памежнікам накіравалі прадстаўнікоў іншых ведамстваў, армію, акрамя таго ў краіну прыбылі супрацоўнікі Эўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы (Frontex), а таксама памежных службаў Эстоніі і Аўстрыі. У якасьці адной зь мераў абароны мяжы ад парушальнікаў у Літве ўздоўж мяжы зь Беларусьсю пачалі расьцягваць загароду з калючага дроту.