«У КДБ пагражалі згвалціць і білі ў вуха». Жыхарка Горадні ўзначаліла страйкам і вымушана была ўцякаць зь Беларусі

Юліі Сьліўко 34 гады. У Горадні яна працавала тынкаркай. Увосень узначаліла страйкам «Гроднапрамбуд». Сутыкнулася з пагрозамі, біцьцём, перасьледам. «Мяне сын папрасіў выехаць, ён ня мог ужо трываць, што начамі нам ламалі дзьверы, мяне штодзень цягалі ў міліцыю», — кажа Юлія.

Цяпер яна з 13-гадовым сынам Паўлам жыве ў Варшаве. «Ведаеце, што страшна? Сын сказаў, што ня хоча вяртацца ў Беларусь, сваю родную краіну», — кажа беларуска.

«Ніколі ня лезла ў палітыку, бо ня бачыла сэнсу»

«Да лета 2020 году я ня лезла ў палітыку. Бо які сэнс? 27 гадоў ва ўладзе Лукашэнка, і зьмяніць гэта ніхто ня можа. Я назірала, як „узялі“ Ціханоўскага, потым — Бабарыку. Я якраз хацела за Бабарыку галасаваць, але гэты шанец у мяне забралі. На выбары 9 жніўня я хадзіла пад прымусам. Бо жыла ў інтэрнаце, і начальства пагражала, маўляў, калі не прагаласую, могуць быць праблемы. Нават выселіць могуць з інтэрнату. Так, дарэчы, і адбылося з тымі, хто на выбарах у мясцовыя саветы не пайшоў галасаваць. Пайшла, каб ня мець праблем. Выехала на выходныя з гораду.

10 жніўня пачула плёткі, што людзей моцна білі, і спачатку не паверыла. Я ўсё разумею. Але проста не хацела ў гэта верыць. 11 жніўня ўбачыла на свае ўласныя вочы, як білі людзей. 12 жніўня на „Гроднапрамбуд“, дзе я працавала, пачаліся размовы пра страйк. Мяне пасьля выбралі старшынёй страйкаму. Сказалі калегі: „Бо ты ўмееш прыгожа размаўляць“.

Пачаліся пагрозы ад начальства, што звольняць з працы, выганяць з інтэрнату. Начальства казала, што „ўсе вы на алоўку ў КДБ“. Пачаўся моцны прэсінг, штодзень выклікалі з прыдуманых прычынаў у міліцыю, далі штраф за нібыта ўдзел у мітынгу. Потым пачалі вечарамі і начамі грукаць у дзьверы, палохалі сына — яму 13 гадоў. Палохалі мяне, што забяруць сына».

«Білі ў вуха так, што ўпала з крэсла, пайшла кроў з вуха, цяпер на яго ня чую»

«Неяк увосень я ішла ад майстра манікюру, і мяне схапілі, забралі на допыт у КДБ. Там усё пыталіся пра грошы: хто мне плаціць, колькі, з кім я знаёмая. Патрабавалі „здаць“ актывістаў. Пагражалі згвалціць. Абвінавацілі, што я каардыную дваравыя чаты. Калі я адмаўлялася адказваць ці казала ня тое, што яны хацелі пачуць, — білі ў вуха. Ды так, што ўпала з крэсла, з вуха пайшла кроў. І цяпер я ня чую на гэтае вуха. Я раней гэтага не расказвала, бо яны сказалі, што як толькі каму гэта раскажаш, зноў апынесься ў нас, і тады ўжо адсюль ня выйдзеш.

Пазьней мне знаёмы адзін патэлефанаваў і сказаў, што ёсьць загад на маё затрыманьне. Тады і сын мне сказаў, што лепш выехаць, бо яму цяжка давалася, што маці хапае міліцыя, што нам выносяць ноччу дзьверы. Не такога жыцьця я жадала для свайго сына».

«Жудасна чуць ад сына, што ён ня хоча вяртацца ў родную краіну»

«У кастрычніку 2020-га мы з сынам паехалі ў Варшаву. Нам дапамог „Беларускі дом“ — мы два месяцы правялі ў санаторыі пад Уроцлавам. Па вяртаньні я вучыла польскую мову, прайшла курсы манікюру і вырашыла заняцца гэтай працай — „пілаваць пазногці“. Мне гэта падабаецца, бо дзяўчаты ёсьць дзяўчаты, я дару ім радасьць і прыгажосьць. Цяпер я ў стадыі таго, каб пачаць свой невялікі бізнэс. Стараюся зарабляць грошы.

Спачатку я думала вучыцца на псыхоляга. Але каму я магу дапамагчы, пакуль мой псыхалягічны стан не ў парадку пасьля таго, што я бачыла і перажыла ў Беларусі. Уночы сьніліся кашмары, я баялася кожнага гуку, людзей у спартовай вопратцы, людзей у масках. Калі я прыехала ў Варшаву, я была як загнаная жывёла.... Усяго баялася.

Юлія Сьліўко (справа) на адной з акцыяў беларусаў у Польшчы

Спачатку, увосень, я адчувала сябе чужой тут. Чужая краіна, горад, мова. У нейкі момант прыйшло адчуваньне, што я буду тут жыць. Калі я вярнуся дахаты, я проста паламаю жыцьцё сыну. Зноў будзе для яго стрэс і перамены. Ён ня хоча вяртацца. Ня хоча туды, дзе баіцца застацца бяз маці, дзе ломяцца ноччу ў хату.

Мне здаецца, у Беларусі псыхалягічна цяпер вельмі цяжка. Людзей настолькі запалохалі, што яны глядзяць воўкам, баяцца адзін аднаго...

Дарэчы, у Горадні і я, і сын гаварылі па-расейску. Бо ў школе ў яго былі толькі дзьве гадзіны на беларускую мову, ён цяжка разумеў яе. Тут ён заявіў, што ён беларус і будзе размаўляць на беларускай мове. Таму і я пачала дома размаўляць па-беларуску. У школе ён вучыцца на польскай».

«На дзьвярах надрапалі чэлес і напісалі: „Варшаўская прастытутка“»

«У Горадні на дзьвярах майго жытла надрапалі чэлес і напісалі: „Варшаўская прастытутка“. Прычым суседка мне расказала, што гэта зрабілі людзі ў форме, міліцыя! Яна надпіс „варшаўская прастытутка“ змыла, а чэлес выдрапаны так і застаўся. Мне таксама паступалі паведамленьні ў тэлеграм ад нашай міліцыі — патрабавалі вярнуцца, пагражалі. Маім сваякам таксама тэлефанавалі, прасілі перадаць мне, каб я вярнулася. Яшчэ мне пагражалі, каб я тут „хадзіла і азіралася“. Бо я бяру актыўны ўдзел ва ўсіх акцыях салідарнасьці зь Беларусьсю.

Я не магу не выходзіць, маўчаць, бо я люблю сваю краіну, сваіх суайчыньнікаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала з удзельнікамі апошняй выбарчай нарады каманды Ціханоўскай. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё гэта ня будзе бясконца!». Што стала з героямі сямейнага здымку, якія разам трапілі ў ІЧУ