Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паказваў новы твар Беларусі, спрыяў адмене візаў, улагоджваў канфлікты пасьля заяваў Лукашэнкі. Ізраільскія журналісты — пра Ігара Ляшчэню


Тагачасныя амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня і міністарка абсорбцыі Ізраіля Софа Ландвэр Чэрвень 2009 году, Тель-Авіў, прыём амбасады Беларусі з нагоды Дня Незалежнасьці
Тагачасныя амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня і міністарка абсорбцыі Ізраіля Софа Ландвэр Чэрвень 2009 году, Тель-Авіў, прыём амбасады Беларусі з нагоды Дня Незалежнасьці

Арыштаваны 11 жніўня былы амбасадар Ігар Ляшчэня шэсьць гадоў быў амбасадарам Беларусі ў Ізраілі. Ігар Ляшчэня першым з дыпкорпусу адкрыта выказаўся супраць палітыкі Лукашэнкі пасьля выбараў 9 жніўня. Цяпер ён у турме на Акрэсьціна.

Свабода сабрала рэакцыі журналістаў у Ізраілі, якія добра зналі Ігара Ляшчэню ў часы, калі ён ад 2006 да 2012 году ўзначальваў беларускую дыпляматычную місію.

«Транзытныя візы ўрэшце адмянілі, і ў гэтым мы шмат у чым абавязаныя Ігару Ляшчэню»

Паводле ізраільскага журналіста Леаніда Луцкага, ніводзін амбасадар у Ізраілі пасьля Аляксандра Бовіна (былы амбасадар СССР і Расеі ў Ізраілі. — РС) не выклікаў у журналістаў такой павагі, як Ігар Ляшчэня. Луцкі гаворыць пра дыплямата як пра тонкага і інтэлігентнага чалавека.

Журналіст згадвае скандал 12 кастрычніка 2007 году, калі Лукашэнка прымаў у сябе расейскага пісьменьніка і грамадзкага дзеяча Аляксадра Праханава, вядомага, сярод іншага, антысэміцкімі заявамі. Журналіст згадвае тагачасную заяву Аляксандра Лукашэнкі пра Бабруйск як брудны горад і пра бруд у Ізраілі.

— Ізраільскі МЗС абурыўся, нашага амбасадара адклікалі для кансультацый, і гасіць канфлікт прыехаў на той момант галоўны беларускі габрэй-рэдактар, мой даўні сябар. Рэжым потым яго таксама зжэр, але ўсяго толькі адправіў на пэнсію (Павал Якубовіч, былы галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня». — РС). Ляшчэня зрабіў шэраг заяваў пра беларуска-габрэйскае сяброўства, запрасіў да сябе прэсу і паводзіў сябе як няшчасны бацька хулігана-двоечніка. Потым быў пампэзны канцэрт у Ізраілі з усім беларускім эстрадным дэсантам: зь «Песьнярамі», «Сябрамі», «Верасамі» і «Верасянятамі» ўсіх пакаленьняў. Сотні ўдзельнікаў.

Леанід Луцкі згадвае, як яго аднойчы запрасілі на Сусьветны кангрэс расейскай прэсы ў Маскву, пасьля якога ён з жонкай выправіўся па справах у Літву цягніком «Масква — Вільня». Тады віза ізраільцянам ні ў Расею, ні ў Літву не патрабавалася, але неабходная была беларуская транзытная віза. З гэтай нагоды журналіст зьвярнуўся да Ігара Ляшчэні.

— Я патэлефанаваў Ігару Ляшчэню ў пятніцу каля адзінаццатай вечара. І для страхоўкі консулу. Кожны абяцаў асабіста пракантраляваць, а на раніцу, у суботу, у выходны, у пасольства прыехалі абодва. Узялі з нас для праформы сымбалічныя грошы, а пасьля атрыманьня візы Ігар запрасіў да сябе ў кабінэт. Наліў па чарцы гарэлачкі на бруньках, адрэзаў па кавалачку, прабачце, сала і сказаў: «Мне вельмі няёмка за сытуацыю зь візамі. Давайце вып’ем за іх адмену». Транзытныя візы ўрэшце адмянілі, і я разумею, што гэтым мы шмат у чым абавязаныя Ігару Ляшчэню.

«Паказваў Ізраілю новы, малады твар Беларусі»

Гісторык і журналіст Шымон Брыман называе Ігара Ляшчэню інтэлектуалам, чалавекам сумленьня і эўрапейскай культуры, які зрабіў вельмі шмат для разьвіцьця беларуска-ізраільскіх дачыненьняў.

Ігар Ляшчэня, 2011, Тель-Авіў
Ігар Ляшчэня, 2011, Тель-Авіў

— Кожная гутарка зь ім была для мяне, журналіста, асабліва прыемнаю празь яго дасьціпнасьць і поўную адсутнасьць снабізму. Ад Ігара ішло «выпраменьваньне» свабоднага і абаяльнага чалавека, а не сухога чыноўніка. Ігар паказваў Ізраілю новы, малады твар Беларусі — краіны, якая хацела быць адкрытай сьвету, імкнулася пераймаць перадавы вопыт, якая шанавала сваю габрэйскую спадчыну. Калі я даведаўся, што ў кватэры Ляшчэні быў ператрус, а самога яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар, то ў мяне было адчуваньне, што цяпер у Беларусі ціснуць найлепшых. Усе мае знаёмыя ізраільцяне са сфэры мас-мэдыя і палітыкі выказваюць у гэтыя дні ў камэнтарах сваё абурэньне арыштам Ляшчэні. Я ўпэўнены, што гэты перасьлед вядомага дыплямата і таленавітага пасла нэгатыўным чынам адабʼецца на іміджы Беларусі і на ізраільска-беларускіх дачыненьнях.

«Ляшчэня вырашыў застацца сумленным чалавекам»

Ізраільскі журналіст Аляксандар Дашкоў, калі працаваў на Дзявятым канале ТБ Ізраіля, часта кантактаваў зь Ігарам Ляшчэнем і згадвае яго як абаяльнага, інтэлігентнага і мяккага чалавека, пазбаўленага пыхі.

— Мерапрыемствы, якія ён праводзіў у Ізраілі, адзначаліся адсутнасьцю духу казёншчыны і афіцыёзу. Ляшчэня ствараў уражаньне чалавека шчырага, з эмпатыяй, які вельмі любіць Беларусь і з павагай ставіцца да габрэйскай дзяржавы і яе жыхароў. Тое, што дыплямат не пабаяўся адкрыта крытыкаваць дзеяньні Лукашэнкі падчас хваляваньняў у Менску, на мой погляд, заслугоўвае павагі. Бо Ляшчэня разумеў, што тым самым ён можа паставіць крыж на сваёй далейшай дыпляматычнай карʼеры. Пры гэтым ён вырашыў застацца сумленным чалавекам. Арышт былога пасла, на мой погляд, быў цалкам чаканы. Сёньняшні беларускі рэжым не даруе любой праявы іншадумства і крытыкі.

«Заўсёды падкрэсьліваў павагу да габрэяў»

Вікторыя Мартынава, дырэктар ізраільскага мэдыя-агенцтва Vic & Meet шмат разоў сустракалася зь Ігарам Ляшчэнем падчас яго працы паслом у Ізраілі.

— Ён часта зьбіраў журналістаў на брыфінгі. Ігар Ляшчэня стараўся прасунуць імідж Беларусі як сучаснай заходне-арыентаванай дзяржавы. Ляшчэня пачаў арганізоўваць паездкі ў Беларусь для іўрытамоўных і ангельскамоўных журналістаў, ня толькі для расейскамоўных. Ён заўсёды з павагай адгукаўся аб ізраільскай дэмакратыі і імкнуўся паказаць, што Беларусь разьвіваецца ў дэмакратычным духу, заўсёды падкрэсьліваў павагу да габрэяў і адсутнасьць антысэмітызму ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG