Жонка блогера Натальля падзялілася са Свабодай апошнім лістом Уладзімера.
Ён піша пра сытуацыю ў краіне, суд над ім, таксама прыдумаў тэст для беларусаў на імавернасьць трапіць у турму.
Уладзімер цяпер мае доступ толькі да дзяржаўнай прэсы, адкуль ён даведваецца пра «разгромныя расьсьледаваньні» мясцовых СМІ.
«Я разумею, хто і навошта піша падобныя тэксты. Уяві, ты маеш сабаку, каб ён ахоўваў твой дом ад рабаваньня. Уяві, ты наймаеш ахоўніка, каб ён дапамагаў сабаку ахоўваць твой дом. Уяві, ты ставіш сыгналізацыю, каб яна спрацавала, калі будуць рабаваць твой дом. Уяві, ты будуеш чатырохмэтровы плот, каб ніхто ня змог падысьці да твайго дома. Уяві, ты ўсяму населенаму пункту па радыё, ТБ і газэтах штодня расказваеш, што твой дом супэрахоўваецца, абаронены і абрабаваць яго немагчыма.
Цяпер уяві, што звычайны мінак цісьне на брамку, яна адчыненая, сыгналізацыя не спрацоўвае, ён спакойна падыходзіць да дома. Ахоўнік і сабака праспалі, толькі гаспадар дома рэагуе на няпрошанага госьця і ўздымае шум. Мінака затрымліваюць, ахоўнікі і сабака паказваюць бурную дзейнасьць — каб патлумачыць, як так атрымалася і чаму яны недарэмна ядуць свой хлеб. У выніку звычайны мінак пераўтвараецца ў супэрагента, які пры падтрымцы найлепшых спэцслужбаў сьвету быў тайна закінуты на твой участак. Вось і ўсё, што я чэрпаю з такіх публікацый», — ахарактарызаваў «расьсьледаваньні» блогер.
У няволі ён прачытаў кнігу Ліліян Войніч «Авадзень». Хоць раман напісаны ў ХІХ стагодзьдзі, але Ўладзімер знайшоў там паралелі з ягоным судом.
«У аўторак ранкам адбываўся ваенна-палявы суд. Ён цягнуўся нядоўга, гэта была толькі пустая фармальнасьць, якая заняла ня больш за 20 хвілін. Ды і іншага часу і не патрабавалася. Абарона не была дапушчана. У якасьці сьведак выступалі толькі раненыя сышчыкі і афіцэр ды некалькі жаўнераў. Прысуд быў наканаваны. Мантанэлі даў неафіцыйную згоду, якую ад яго дабіваліся. Судзьдзям, палкоўніку Фэрары, драгунскаму маёру і двум афіцэрам папскай гвардыі, уласна, не было чаго рабіць. Прачыталі абвінаваўчы акт, сьведкі далі паказаньні, прысуд замацавалі подпісамі і ўрачыста зачыталі асуджанаму.
Ён выслухаў яго моўчкі і на прапанову скарыстацца правам на апошняе слова толькі нецярпліва махнуў рукой», — працытаваў палітзьняволены частку з раману.
«Праўда, за 120 гадоў многае зьмянілася. Вось у мяне суды ўжо месяц ідуць, абарона ёсьць. Нядаўна прыйшла думка, што ад сытуацыі, што склалася ў краіне, з усімі „прыгодамі“, выйгралі адвакаты. Попыт на іх паслугі вырас. Як кажуць у народзе, каму война, а каму карова дойна», — зазначыў Уладзімер.
Ён піша, што хоць і прайшоў дзяржаўныя ўстановы адукацыі, атрымаў веды і адзнакі, «але ня стаў дрэсіраваным».
«Што, магчыма, ставіцца за галоўную мэту. Глядзі, як атрымалася. Першае — школы. Іх было шмат, таму ў іх не атрымалася „загасіць“ мяне. Другое — інстытут. Паездка ў ЗША, плюс з трэцяга курсу — на завочнае. Зноў не атрымалася паўнавартасна ўзьдзейнічаць. Трэцяе — войска. Не праходзіў службу. Чацьвёртае — раньні шлюб, крэдыт, дзеці — зноў не спрацавала. Пятае — наёмная праца, дзяржаўная служба — зноў міма. Таму я для іх, маіх „апекуноў“, чужы, неяк так», — патлумачыў блогер.
Ён распрацаваў тэст для беларусаў: якая ў іх імавернасьць трапіць у турму. З тэсту Ўладзімера вынікае, што найбольшую імавернасьць трапіць за краты маюць людзі:
- у якіх свой бізнэс («значыць, умеюць самастойна вырашаць свае праблемы, а дзяржава ня любіць такіх людзей, якія ўмеюць жыць безь дзяржавы»);
- якія маюць аўтамабіль-бездарожнік («бо вы гатовыя езьдзіць ня толькі там, дзе для вас праклалі дарогі»);
- якія не служылі ў войску («бо вас не прывучылі быць паслухмяным і выконваць загады незнаёмых людзей у форме»);
- якія маюць высокія адзнакі ў дыплёме, дасягненьні ў спорце і інтэлектуальнай дзейнасьці («калі вы разумны, то хутка можаце разабрацца, што вамі кіруюць, мякка кажучы, ня вельмі разумныя людзі, а яны такога не любяць»).
«Вось такі забаўны тэкст», — скончыў свой ліст Уладзімер.
Уладзімера Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020 году. Яго вінавацяць паводле артыкулаў:
- распальваньне сацыяльнай варожасьці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
- арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).
Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі