Кандыдат спорту ў кіданьні гранаты. Гісторыя кар’еры міністра Кавальчука, які праваліў Алімпіяду ў Токіё

Belarus - Career history of Belarus Sports Minister Siarhei Kavalchuk, special project

Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Японіі выйграла толькі сем мэдалёў. Гэта найгоршы паказчык у гісторыі краіны. Свабода ўзгадвае, як складалася кар’ера цяперашняга міністра спорту Сяргея Кавальчука.

Сяргей Кавальчук узначаліў Міністэрства спорту і турызму Беларусі ў 2018 годзе. Пры ім спачатку ў краіне стала ня вельмі добра з турызмам («дапамагла» пандэмія каранавірусу), а летам 2021-га — і са спортам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь заваявала найменшую колькасьць мэдалёў за ўсю гісторыю выступленьняў на летніх Алімпіядах

Алімпіяда ў Токіё стала найгоршай па мэдалях у гісторыі Беларусі. Адно золата, тры срэбра і тры бронзы. На першай для незалежнай Беларусі Алімпіядзе ў амэрыканскай Атланце ў 1996 годзе было 15 мэдалёў, у Сыднэі ў 2000-м — 17. Пасьля вынікі пачалі паступова зьніжацца. У Лёндане ў 2012 годзе беларусы здабылі 10 мэдалёў, а праз чатыры гады ў Рыё-дэ-Жанэйра — ужо 9. Пагаршэньне спартовых вынікаў беларускіх спартоўцаў стала адной з прычынаў прызначэньня на пасаду міністра спорту вайскоўца Кавальчука.

«Дровы калоў, сена касіў»

Будучы кіраўнік беларускага спорту нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Журавок Янаўскага раёну, на мяжы Беларусі і Ўкраіны. Сям’я ў Сяргея Кавальчука вельмі простая. Бацька працаваў кінамэханікам, а маці выкладала беларускую мову ў школе. Пазьней у будучага міністра зьявіліся яшчэ малодшыя брат і сястра. Кавальчукі пераяжджалі некалькі разоў, сярэднюю школу Сяргей скончыў у Янаве. Нават атрымаў залаты мэдаль за выдатныя веды.

«Дровы калоў, сена касіў, — расказваў янаўскай раёнцы пра дзяцінства сына бацька Сяргея Кавальчука неўзабаве пасьля яго прызначэньня на пасаду міністра. — Рукі падлетка спаўна зьведалі цяжар скошанай на балоце мокрай травы, якую за паўкілямэтра даводзілася выносіць на сухія месцы! Калі капалі бульбу, стараўся абысьці нават сястру і першым прайсьці рад».

«Сярожа быў закаханы ў лес, які падступае да самай вёсачкі, — працягвае журналіст раёнкі. — Ён ведаў запаветныя яго куткі, усе грыбныя і ягадныя мясьціны. І цяпер па прыезьдзе ў бацькоўскі дом Сяргей Міхайлавіч абавязкова ідзе ў лес. Хоць бы проста таму, каб павольна прайсьціся верасовымі сьцежкамі, падыхаць смалістым хваёвым пахам, дакрануцца далоньню да шархоткіх ствалоў бяроз».

Па словах бацькі будучага кіраўніка беларускага спорту, Сяргей Кавальчук яшчэ ў школе зацікавіўся лыжамі і лёгкай атлетыкай. У сям’і выпісвалі газэту «Советский спорт», і малады Сяргей чытаў усе нумары разам з бацькам.

Праўда, нашмат больш за спартыўныя дасягненьні будучага міністра цікавіла армія. Таму, нягледзячы на залаты мэдаль, 17-гадовы Сяргей Кавальчук пасьля школы паехаў паступаць у вышэйшую вайсковую артылерыйскую вучэльню ў Адэсе. Там жа ён атрымаў званьне кандыдата ў майстры спорту па вайсковым трыятлёне — хутчэй за іншых бегаў, страляў, пераадольваў паласу перашкодаў і кідаў баявую гранату.

Артылерыст з Чукоткі

Пасьля заканчэньня вучэльні 21-гадовага артылерыста Сяргея Кавальчука на тры гады адправілі служыць ажно на Чукотку. Па словах бацькоў, сын сам хацеў паехаць далей ад дому, выбраў Хабараўскі край. Аднак у выніку яго накіравалі яшчэ далей. Частка, у якой служыў Кавальчук, разьмяшчалася побач зь невялікім пасёлкам Мыс Шміта, там жа ён пазнаёміўся з будучай жонкай, якую неўзабаве пасьля распаду СССР перавёз на радзіму ў Берасьце. Там Кавальчук служыў у 38-й штурмавой брыгадзе.

Неўзабаве пасьля вяртаньня на радзіму будучы міністар спорту і турызму вырашыў працягнуць вучобу, паступіў у Вайсковую акадэмію. Ад гэтага моманту кар’ера маладога вайскоўца пайшла ўгару. Спачатку Кавальчука ўзялі на працу ў Генштаб, а потым увогуле зрабілі намесьнікам штаба ракетных войскаў і артылерыі.

«У спорце больш праблем, чым перамог і посьпехаў»

У 2004 годзе Сяргей Кавальчук кідае войска і пераходзіць у Службу бясьпекі Лукашэнкі. Кіраваў гэтым ведамствам у той час будучы міністар абароны Юры Жадобін. У Службе бясьпекі Сяргей Кавальчук праслужыў ажно 14 гадоў, даслужыўся там да кіраўніка аддзелу.

На гэтым месцы будучаму міністру спорту прыходзілася займацца ня толькі бясьпекай Лукашэнкі, але і арганізоўваць Чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 году. Кавальчука ўключылі ў склад падкамітэту па пытаньнях арганізацыі бясьпекі чэмпіянату, а таксама памежнага і мытнага кантролю. Відаць, са сваімі задачамі ён справіўся настолькі добра, што ў сакавіку 2018 году, пасьля адстаўкі Аляксандра Шамко, Лукашэнка прызначыў кіраваць спортам менавіта Кавальчука.

«Пакуль у нас у спорце больш праблем, чым перамог і посьпехаў, — казаў Лукашэнка, камэнтуючы прызначэньне Кавальчука. — Думай, глядзі, з кім працаваць, выбудоўвай сыстэму. Але галоўнае — там не хапае дысцыпліны. Трэнэрскі склад працуе паскудна, за выключэньнем некаторых». Тады ж Лукашэнка загадаў Кавальчуку выбудаваць узаемаадносіны з фэдэрацыямі, «правільна загрузіць іх». Кавальчука ён ахарактарызаваў як «вайсковага чалавека».

«Спорт — гэта палітыка»

Алімпіяда ў Токіё стала адной зь першых, перад якой беларускія спартовыя чыноўнікі не называлі адкрыта сваіх плянаў на заваёўваньне мэдалёў. Выпадак з Крысьцінай Ціманоўскай паказаў, як у Беларусі ставяцца да спартоўцаў і як увогуле разумеюць ролю спорту ў жыцьці дзяржавы. Зрэшты, свайго бачаньня спорту не хавае і міністар Сяргей Кавальчук.

«Спорт — гэта вялікая палітыка, гэта ідэалёгія, — казаў Сяргей Кавальчук у адным зь першых інтэрвію пасьля прызначэньня на пасаду міністра. — У бліжэйшы час хочам правесьці нараду, у тым ліку з удзелам трэнэраў, прадстаўнікоў усіх спартыўных фэдэрацый, і вызначыцца з задачамі, якія неабходна вырашыць у летні, падрыхтоўчы пэрыяд, з тым, каб наступныя зімовыя Алімпійскія гульні для нас прайшлі на больш высокім узроўні. Сёньня трэба разабрацца ў першую чаргу з тымі праблемамі, якія існуюць у галіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расьсьледаваў тэракт у мэтро, спрычыніўся да «справы Бяляцкага». Гісторыя кар’еры генпракурора Андрэя ШведаХірург, міністар, кіраўнік аблвыканкаму. Гісторыя кар’еры Ўладзімера Караніка«Галоўны вораг» Мікалая Лукашэнкі. Гісторыя кар’еры Натальлі ЭйсмантВалейбалістка з Наваполацку. Гісторыя кар’еры Натальлі КачанавайАд танкіста да намесьніка міністра. Гісторыя карʼеры Мікалая Карпянкова