Сьцісла
- Палітычны крызіс ня вырашаны, яго немагчыма пераадолець у рамках існага палітычнага рэжыму.
- Беларускі соцыюм ніколі не будзе ранейшым. Вярнуцца ва ўмоўны травень 2020 года ўжо немагчыма. Гэта тычыцца як улады, так і грамадзтва.
- Беларускі рэжым абсалютна рыгідны, няздатны да перамен, пашырэньня сваёй сацыяльнай базы. У момант крызісу рэжым перастаў быць папулісцкім. Выявілася яго арганічная няздольнасьць да пазытыўнага парадку дня.
- Адбываецца рутынізацыя гвалту, ён становіцца спосабам існаваньня рэжыму.
- Для вырашэньня задачы ўтрыманьня ўлады ў кароткатэрміновай пэрспэктыве культ голага гвалту працуе.
- Усьлед за частковай рэдукцыяй дзяржавы да палітычнага рэжыму, улады спрабуюць ажыцьцявіць рэдукцыю грамадзтва да канглямэрату сваіх прыхільнікаў.
Цяпер, магчыма, яшчэ рана падсумоўваць вынікі, вялікае бачыцца на адлегласьці. Але вельмі верагодна, нашы нашчадкі назавуць 2020 год галоўным годам найноўшай беларускай гісторыі, а можа і больш працяглага гістарычнага пэрыяду. Таму што ўпершыню беларускі народ намерыўся стаць суб’ектам палітыкі, узяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларусь уступіла ў свой «восевы час». На менскіх вуліцах лета і восені 2020 года можна было пачуць «голас гісторыі».
Прапаную некалькі важных высноваў.
Была пацьверджана вядомая ісьціна, што гісторыя разьвіваецца не лінейна, што рэвалюцыя, якая не перамагла, абарочваецца рэакцыяй.
Сацыяльна-палітычны працэс, пачаты летам 2020 года, ня скончаны. Хутчэй, ён пастаўлены на паўзу. Палітычны крызіс ня вырашаны, ён загнаны ў глыб, ператвараецца ў пэрманэнтны. Гэты крызіс немагчыма пераадолець у рамках існага палітычнага рэжыму, бо ён ня можа быць вырашаны сілавымі мэтадамі, а іншых спосабаў улады не прызнаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Ганна Севярынец: «Аляксандар Тарайкоўскі зрабіў і робіць наш шлях неадменным»Беларускі соцыюм ніколі не будзе ранейшым. Вярнуцца ва ўмоўны травень 2020 года ўжо немагчыма. Гэта тычыцца як улады, так і грамадзтва.
Аўтарытарны рэжым, каб выжыць, па неабходнасьці павінен стаць больш жорсткім і недэмакратычным, чым раней. Ён вымушаны ўвесь час знаходзіцца ў ваяўнічай позе ў адносінах да ўнутраных і вонкавых супернікаў. Улада сканцэнтравана выключна на вырашэньні праблем выжываньня, знаходзіцца ў пастаянным напружаньні і таму няздольная вырашаць іншыя праблемы і актуальныя задачы, якія паўстаюць перад краінай.
Зьмянілася і грамадзтва. Хоць інфраструктура пратэсту (чаты і інш.), арганізацыі грамадзянскай супольнасьці мэтадычна зьнішчаюцца рэжымам, але напрацаваны вопыт сумесных дзеяньняў, салідарнасьці, спантаннай самаарганізацыі нікуды не дзеўся. Ўзрос адкладзены попыт на дэмакратыю, прававую дзяржаву, грамадзянскі мір.
Мінулы год пераканаўча паказаў, што беларуская сацыяльная мадэль, створаная Аляксандрам Лукашэнкам чвэрць стагоддзя таму, зьяўляецца тупіковай, яна вычарпала свой рэсурс і стала тормазам разьвіцьця краіны. Гэтая мадэль не здольная адаптавацца да ўмоў, што зьмяніліся, а прызначана толькі выключна да ўтрыманьня ўлады за кошт кансэрвацыі сацыяльнага статус-кво.
Пацьвердзілася здагадка, што беларускі рэжым абсалютна рыгідны, няздатны да перамен, пашырэньня сваёй сацыяльнай базы. У момант крызісу рэжым перастаў быць папулісцкім, адмовіўшыся ад спробаў шукаць паразуменьне з грамадзтвам. Выявілася яго арганічная няздольнасьць да пазытыўнага парадку дня. Ва ўлады няма ніякага наратыву будучыні і нават няма разуменьня яго неабходнасьці.
Рашэньне ўсіх праблем рэжым бачыць выключна ў прымусовай легітымізацыі, грубым гвалце ў дачыненьні да ўсіх нязгодных. У прыватнасьці, улады імкнуцца вярнуць манаполію на СМІ з дапамогай зьнішчэньня незалежных мэдыяў, выштурхоўваньня іх у рэзэрвацыю тэлеграм-каналаў. Адбываецца рутынізацыя гвалту, ён становіцца спосабам існаваньня рэжыму.
Для вырашэньня задачы ўтрыманьня ўлады ў кароткатэрміновай пэрспэктыве культ голага гвалту працуе. Самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Эўропе за апошнія 40 гадоў дазволілі рэжыму ўзяць кантроль над грамадзтвам. Пратэстны рух паралізаваны. Аднаўленьне пратэстаў у блізкай будучыні малаверагодна.
Адбываецца паскораны працэс десакралізацыі ўлады. Большасьць насельніцтва ўспрымае дзяржаву, уключыўшую на поўную магутнасьць мэханізм рэпрэсій, як небясьпеку, пагрозу для грамадзтва. Паводле сацыялягічнага онлайн-апытаньня Нямецкага Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў, гвалтам сілавікоў былі закранутыя самі ці праз сямʼю, ці знаёмых да 20% грамадзян. Калі сюды прыплюсаваць палітычных эмігрантаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій за мяжой, то колькасьць пацярпелых істотна ўзрасьце.
Абвастраецца ідэалягічная барацьба, канфлікт каштоўнасьцяў. Улады робяць масіраваныя спробы спыніць фармаваньне новай (несавецкай) беларускай ідэнтычнасьці, абвяшчаючы яе нацысцкай. За выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга ўводзіцца крымінальнае пакараньне.
Кошт утрыманьня ўлады Лукашэнкі ўжо аказаўся вельмі высокім для Беларусі і працягвае расьці, перш за ўсё, за кошт узмацненьня эканамічных санкцый і міжнароднай ізаляцыі.
У супрацьстаяньні рэжыму з пратэстамі адбыўся частковы дэфолт дзяржаўных функцый. Гэта значыць, дзяржаўныя ўстановы перасталі выконваць свае абавязкі.
Фактычна разбураецца зьнешняя палітыка Беларусі, краіна апынулася ў глухой ізаляцыі, губляе сваю міжнародную субʼектнасьць.
Цалкам разбурана прававая сыстэма і інстытуты правасудзьдзя, без чаго немагчыма існаваньне паўнавартаснай сучаснай дзяржавы.
Цяпер аказалася, што дзяржава ня ў стане выконваць функцыю аховы межаў.
Дзяржаўныя інстытуты, закліканыя задавальняць патрэбы грамадзтва, пераарыентуюцца на самаабслугоўваньне, абарону ўласных інтарэсаў ад прэтэнзій з боку грамадзтва. Адбылася рэдукцыя дзяржавы да палітычнага рэжыму.
Некалькі месяцаў краіна жыве ў псыхалягічным стане грамадзянскай вайны. Палітычная палеміка паміж канфліктуючымі бакамі адбываецца выключна мовай варажнечы і нянавісьці. Тон задаюць улады.
Усьлед за рэдукцыяй дзяржавы да палітычнага рэжыму, улады спрабуюць ажыцьцявіць рэдукцыю грамадзтва да канглямэрату сваіх прыхільнікаў. Гэта значыць, за грамадзян, народ, яны лічаць толькі тых людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Сэнс ідэі «народнага адзінства» — кансалідацыя «ябацек». Усе, хто супраць рэжыму, аўтаматычна залічваюцца ў ворагі, заходнія агенты, на іх вешаюць ярлыкі «экстрэмісты», «тэрарысты» і «нацысты». Ліквідуецца легальнае поле для дзеяньняў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.
Праціўнікі Лукашэнкі фактычна апынуліся пазбаўленымі правоў. Законы на іх не распаўсюджваюцца. Гэтых людзей можна не толькі арыштоўваць, біць, катаваць, не ўпускаць на тэрыторыю Беларусі, але нават беспакарана забіваць. Зараз гэта ў Беларусі не лічыцца злачынствам.
Беларускае грамадзтва атрымала цяжкую псыхалягічную траўму на шмат гадоў.
Галоўным фактарам гэтага ў чымсьці экзыстэнцыяльнага расколу соцыюму зьяўляецца постаць Аляксандра Лукашэнкі.
За кошт шырокіх чыстак, збавеньня ад неляяльных адбылася кансалідацыя рэжыму. Ён стаў больш маналітным. Гэта ўзмацняе яго ў кароткатэрміновай пэрспэктыве.
Але адначасова з прычыны гэтага пагаршаецца здольнасьць уладаў адэкватна рэагаваць на выклікі. Адключаецца сыстэма адбракоўкі памылак. Адпаведна павялічваецца колькасьць «самастрэлаў», то бок дзеяньняў на шкоду сабе. І самае галоўнае, ускладняецца магчымасьць легальнага выхаду з тупіку.
Папярэднія 20 гадоў улады праводзілі палітыку дэмабілізацыі і дэпалітызацыі грамадзтва. Рэжым трымаўся не столькі за кошт падтрымкі насельніцтва, колькі дзякуючы апатыі, апалітычнасьці, абыякавасьці, фаталізму, няўдзелу людзей. Гэта цалкам задавальняла ўлады. Нават выбары праходзілі як тэхнічная працэдура па-за ўласна палітычнай прасторы.
Цяпер усе радыкальна памянялася. Апошні год улады ўзялі курс на палітычную мабілізацыю. З дапамогай дзяржапарату, дзяржаўных СМІ праводзіцца штучная палітызацыя грамадзтва. У працоўных калектывах людзей прымушаюць падпісваць розныя пэтыцыі ў падтрымку рэжыму. Ухіліцца ад палітыкі стала немагчымым, што азначае трэнд на таталітарызацыю грамадзтва.
Важны ўрок 2020 года для апанэнтаў рэжыму палягае ў тым, што народ мабілізуецца на актыўны ўдзел у палітыцы, у прыватнасьці, на пратэст, дзякуючы пазытыўнай праграме (галасаваньне за альтэрнатыўнага кандыдата ў рамках легальнай працэдуры), а не байкоту. Гэта важна ў пляне вызначэньня стратэгіі прыхільнікаў пераменаў у ходзе маючых адбыцца электаральных кампаній.
У першыя месяцы беларускага пратэсту дамінавала кропка гледжаньня, што ў яго няма геапалітычнага кантэксту ў тым сэнсе, што ён не празаходні і не прарасейскі, гэта чыста ўнутраны канфлікт.
Але за год сытуацыя моцна зьмянілася. Захад падтрымлівае імкненьне беларускага грамадзтва да дэмакратычных пераменаў, Расея ж аказвае актыўную дапамогу кіруючаму рэжыму. Беларускі канфлікт набыў геапалітычнае вымярэньне проста ў сілу лёгікі палітычнага працэсу. Сустрэча Святланы Ціханоўскай з Джо Байдэнам стала завяршальнай кропкай, што сымбалізуе гэтую зьмену.
Беларускі палітычны крызіс ператвараецца ў крызіс рэгіянальны. Неўрэгуляванасьць унутрыбеларускай праблемы і нават яе абвастрэньне выліваецца за межы Беларусі, спараджае праблему рэгіянальнай і ўвогуле міжнароднай бясьпекі. Гэта даўно ўжо ня толькі гуманітарнае пытаньне адной краіны. Беларусь, якая з 2014 па 2020 год прэзэнтавала сябе донарам рэгіянальнай і эўрапейскай бясьпекі, на вачах ператвараецца ў фактар росту міжнароднай напружанасьці. Прычым спружына канфрантацыі з Захадам закручваецца ўсё мацней.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.