Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год пасьля выбараў. Як зьмянілася Беларусь — у падзеях і лічбах


Каляж
Каляж

Бульба падаражэла больш як удвая, дзяржаўны доўг вырас на 1,6 мільярда даляраў. Улады разграмілі недзяржаўныя СМІ і арганізацыі. Тысячы беларусаў пабывалі на «сутках» за ўдзел у пратэстах, сотні адправіліся ў калёніі на гады. Глядзім, што зьмянілася ў Беларусі за 12 месяцаў.

Лічбы

Даляр

У жніўні летась даляр у абменьніках каштаваў 2,44 рубля. Цяпер ён каштуе 2,51 рубля.

Кіля бульбы

Згодна зь Белстатам, летась у жніўні кіляграм бульбы каштаваў 0,82 рубля. Цяпер — 1 рубель 84 капейкі. Падаражэньне больш як удвая.

Журналісты за кратамі

У жніўні мінулага году журналісты яшчэ вялі стрымы, задавалі пытаньні чыноўнікам і хадзілі на прэс-канфэрэнцыі. Цяпер стрымаў няма, большасьць незалежных выданьняў заблякаваныя, за кратамі 27 прадстаўнікоў мэдыя.

У жніўні мінулага году яшчэ не было масавых ператрусаў у журналістаў. Пасьля выбараў сілавікі правялі ў журналістаў 107 ператрусаў па ўсёй краіне.

4691 крымінальная справа «за пратэсты»

Зь леташняга жніўня ў Беларусі распачалі 4691 крымінальную справу, зьвязаную з «экстрэмізмам і тэрарызмам». Да 9 жніўня справаў за «экстрэмізм і тэрарызм», зьвязаных з палітычнымі падзеямі і пратэстамі, не было.

Палітзьняволеныя

Паводле зьвестак праваабаронцаў, цяпер за кратамі 608 палітзьняволеных. Да выбараў у жніўні ў Беларусі палітзьняволенымі лічыліся 25 чалавек. У іх ліку прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард, блогер Сяргей Ціханоўскі, муж кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, і ўдзельнікі ягонай каманды.

Загінулыя падчас пратэстаў

Сьмерці 8 чалавек у Беларусі зьвязваюць з пратэстамі і рэпрэсіямі:

  • Аляксандар Тарайкоўскі — загінуў 10 жніўня падчас сутыкненьняў зь сілавікамі ад стрэлу
  • Аляксандар Віхор — памёр пасьля пабіцьця сілавікамі
  • Канстанцін Шышмакоў — сябра выбарчай камісіі, які адмовіўся падпісваць выніковы пратакол, 15 жніўня зьнік па дарозе дадому, а 18 жніўня ягонае цела знайшлі ў лесе ў Мастоўскім раёне
  • Генадзь Шутаў — загінуў ад стрэлу падчас пратэстаў у Берасьці
  • Мікіта Крыўцоў — удзельнічаў у акцыі пратэсту ў Маладэчне, 22 жніўня знойдзены павешаным у лесе ў Менску. Паводле вэрсіі сьледзтва, ён зьдзейсьніў суіцыд, сваякі ў гэта ня вераць
  • Аляксандар Будніцкі — зьнік 11 жніўня ў Менску, знойдзены мёртвым 1 верасьня ў раёне гандлёвага цэнтру «Рыга», дзе былі сутыкненьні зь сілавікамі 10 і 11 жніўня.
  • Раман Бандарэнка — прыйшоў да муралу на «плошчы Перамен», дзе яго моцна пабілі невядомыя. Адтуль дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС, а потым у лякарню з ацёкам мозга і шматлікімі траўмамі. У шпіталі Раман Бандарэнка памёр.
  • Вітольд Ашурак — яго судзілі па двух артыкулах: 364 («Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў») і 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). У адным з апошніх лістоў Ашурак заявіў, што турэмнае начальства прымусіла яго і іншых палітычных зьняволеных насіць жоўтую бірку, каб вылучаць іх сярод вязьняў. 21 траўня 2021 году памёр у шклоўскай калёніі ПК № 17.

    Сьледчы камітэт апублікаваў відэа, на якіх бачна, як Вітольд Ашурак у камэры двойчы падае, на відэа — прыкметы мантажу. З словаў супрацоўнікаў калёніі, асуджаны разьбіў галаву, скаргаў на стан здароўя не выказваў, адмовіўся ад дапамогі і шпіталізацыі. «Пры ўскрыцьці прыкмет крымінальнага характару сьмерці асуджанага ня выяўлена».

Дзяржаўны доўг

У жніўні летась вонкавы дзяржаўны доўг Беларусі складаў 16,5 мільярда даляраў. Цяпер — 18,1 мільярда даляраў. Вырас на 1,6 мільярда даляраў за гэты час.

Недзяржаўныя арганізацыі

Улады ліквідуюць 56 грамадзкіх недзяржаўных арганізацыяў. У леташнім жніўні ўсе яны яшчэ дзейнічалі. Сярод іх экалягічныя, праваабарончыя арганізацыі, арганізацыі, якія баранілі правы людзей з інваліднасьцю, арганізацыі мэдыясфэры, культурніцкія і дасьледчыя арганізацыі.

31 сустрэча з прэзыдэнтамі і прэм’ерамі

За час пасьля выбараў Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтамі і прэм’ерамі 31 краіны. Аляксандар Лукашэнка за гэты час сустрэўся з чатырма прэзыдэнтамі і прэм’ерамі.

Сьвятлана Ціханоўская і Джо Байдэн. 28 ліпеня 2021 г.
Сьвятлана Ціханоўская і Джо Байдэн. 28 ліпеня 2021 г.

У Сьвятланы Ціханоўскай асноўныя сустрэчы — заходні вэктар: Літва, Нямеччына, Аўстрыя, Польшча, Чэхія, Грэцыя, Вялікая Брытанія, Францыя ды іншыя эўрапейскія краіны. 28 ліпеня ў Белым доме Сьвятлану Ціханоўскую прыняў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

Лукашэнка за гэты час сустракаўся з Уладзімірам Пуціным (5 разоў), прэм’ерам Расеі Міхаілам Мішусьціным (двойчы), прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым, старшынём кабінэту міністраў Кіргізстану Ўлукбекам Марыпавым.

Больш за 7 мільёнаў даляраў дапамогі

Паводле дабрачынных фондаў салідарнасьці ByHelp і BySol, ад жніўня беларусы, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў, вымушаныя былі зьехаць, страцілі працу з прычыны сваёй пазыцыі, атрымалі дапамогі на суму больш як 7,8 мільёна даляраў. Гэта без уліку іншых лякальных збораў.

Інфляцыя

У леташнім жніўні гадавая інфляцыя ў Беларусі складала больш за 5%. Цяпер гадавы прырост цэнаў склаў 9,9%. Настолькі падаражэлі тавары і паслугі за год.

Дэфіцыт бюджэту

За 9 месяцаў мінулага году дэфіцыт бюджэту складаў 1,8 мільярда рублёў. Сёлета дэфіцыт бюджэту — ужо 6 мільярдаў рублёў.

Сярэдні заробак

У жніўні 2020 году сярэдні заробак у Беларусі складаў 1287 рублёў, або 516 даляраў. У чэрвені 2021 году сярэдні заробак склаў 1433 рублі, або 568 даляраў паводле курсу Нацыянальнага банку.

Падзеі

Санкцыі

За апошні год пад санкцыі ЭЗ падпалі 78 асобаў і 8 арганізацыяў. Таксама ЭЗ увёў сэктаральныя санкцыі:

  • На экспарт і перадачу абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў дзеля маніторынгу або перахопу інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • На экспарт у Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • На экспарт у Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • На імпарт у ЭЗ нафтапрадуктаў зь Беларусі.
  • На імпарт у ЭЗ калійных угнаеньняў зь Беларусі.
  • На доступ на фінансавыя рынкі ЭЗ ураду Беларусі, а таксама беларускіх дзяржаўных фінансавых інстытутаў і суб’ектаў.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Да санкцыяў ЭЗ далучыліся Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія.

Трэцяга чэрвеня зноў уступілі ў сілу санкцыі ЗША супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў. Пад амэрыканскія санкцыі падпалі прадпрыемствы:

  • «Белнафтахім»
  • «Белнафтахім ЗША»
  • «Нафтан»
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»
  • «Белшына»
  • «Гродна Азот»
  • «Гроднахімвалакно» ААТ
  • «Лякафарба»
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно»

Таксама Вашынгтон увёў забарону на выдачу амэрыканскіх уязных візаў 46 афіцыйным асобам Беларусі, якія займаюць «ключавыя пасады» ў адміністрацыі Лукашэнкі, шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, а таксама дадатковыя санкцыі супраць яшчэ 16 грамадзян і пяці арганізацыяў.

Эміграцыя

Ад выбараў у жніўні зь Беларусі пачалася эміграцыя, пачалі зьяжджаць людзі, якім на радзіме пагражала небясьпека. Паводле памежнай службы Ўкраіны, з жніўня мінулага году мяжу перасеклі 150 тысяч беларусаў.

Больш за тысячу беларусаў папрасілі прытулку ў Польшчы, 218 чалавек — у Літве. 65 грамадзян Беларусі зьвярнуліся па міжнародную абарону ў Чэхіі.

З чэрвеня 2020 году Польшча выдала беларусам 178 тысяч 711 візаў, зь іх 12 119 — гуманітарныя візы.

Судовы канвэер

У Беларусі не спыняюцца суды над удзельнікамі пратэстаў. Паводле праваабаронцаў, па крымінальных артыкулах асудзілі ўжо да паўтысячы чалавек.

Прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта, былога банкіра Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня. Журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову асудзілі на 2 гады зьняволеньня за стрым з «плошчы Перамен».

Журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч асудзілі на 6 месяцаў калёніі, бо яна апублікавала зьвесткі пра тое, што загінулы Раман Бандарэнка ня быў п’яны, калі на яго напалі невядомыя.

Самы жорсткі прысуд, 18 гадоў зьняволеньня, атрымаў былы вайсковец капітан Дзяніс Урад. Па афіцыйнай вэрсіі, ён выдаў дзяржаўныя сакрэты інфармацыйнаму тэлеграм-каналу. Беларускі суд палічыў гэта «здрадай дзяржаве».

Капітана Генэральнага штабу Міністэрства абароны Дзяніса Ўрада асудзілі на 18 гадоў
Капітана Генэральнага штабу Міністэрства абароны Дзяніса Ўрада асудзілі на 18 гадоў

Палітыку Паўлу Севярынцу прысудзілі 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў. Пры гэтым Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня, яшчэ да пачатку ў Беларусі масавых акцыяў пратэсту.

У адміністрацыйных справах з моманту выбараў асудзілі больш за 30 тысяч чалавек.

Зьнішчэньне незалежных СМІ

Сем незалежных друкаваных СМІ, паводле БАЖ, былі вымушаныя спыніць свой выхад у друкаванай форме.

Да леташніх выбараў у Беларусі легальна працавалі заходнія СМІ: «Эўрарадыё» (мела акрэдытаваны карэспандэнцкі пункт і акрэдытацыю ў журналістаў), Радыё Свабода (мела акрэдытаваных журналістаў). Гэтыя СМІ, а таксама дзясяткі журналістаў сусьветных інфармацыйных агенцыяў і мэдыя былі пазбаўленыя акрэдытацыяў.

Улады заблякавалі сайты дзясяткаў незалежных мэдыя (Радыё Свабода, Белсат, «Наша Ніва», Tut.by, Naviny.by, kyky.org, Радыё Рацыя, рэгіянальныя выданьні), спынілі трансьляцыю тэлеканалу Euronews.

Праваабаронцы прызналі 15 затрыманых у «справе Tut.by» палітзьняволенымі
Праваабаронцы прызналі 15 затрыманых у «справе Tut.by» палітзьняволенымі

18 траўня Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў прыйшоў зь ператрусамі ў рэдакцыю, рэгіянальныя структуры, да журналістаў і рэдактараў найбольш папулярнага беларускага інтэрнэт-парталу Tut.by. Адбыліся ператрусы таксама ў рэдакцыях сумежных бізнэсаў — Av.by, Rabota.by. У справе Tut.by затрымалі паўтара дзясятка журналістаў і іншых супрацоўнікаў.

З 8 ліпеня ў Беларусі пачалася хваля рэпрэсіяў супраць журналістаў. У гэты дзень затрымалі галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча, галоўнага рэдактара «Нашай гісторыі» Андрэя Дынько, кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу «Нашай Нівы» Андрэя Скурко, галоўнага бухгальтара Вольгу Раковіч. Пазьней Раковіч і Дынько выпусьцілі.

14–16 ліпеня прайшлі ператрусы ў рэдакцыях дзясяткаў беларускіх СМІ і дома ў журналістаў. У тым ліку прайшоў ператрус у менскім офісе Радыё Свабода, затрымалі журналістаў Іну Студзінскую, Алега Грузьдзіловіча і Алеся Дашчынскага, пасьля іх вызвалілі.

21 ліпеня Міністэрства юстыцыі накіравала ў Вярхоўны суд Беларусі дакумэнты аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Скандал з пасадкай самалёта Ryanair

23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.

Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.

Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.

Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.

Пазьней Ryanair заявіла, што наказ пасадзіць лайнэр у Менску быў ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».

На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.

У Менскім аэрапорце расказвалі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля надзвычайнай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.

Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».

Пратасевіча ў Менску затрымалі. Раней ён пісаў, што ў аэрапорце Атэнаў за ім, магчыма, сачылі.

У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.

Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.

Самалёт Ryanair пасьля пасадкі ў Менску 23 траўня 2021 г.
Самалёт Ryanair пасьля пасадкі ў Менску 23 траўня 2021 г.

Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.

Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу.

24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў у Беларусь.

Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які гаварыў пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцыяў у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на ягоным твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя катаваньні.

Пазьней Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну перавялі пад хатні арышт, Пратасевіч паўдзельнічаў у прэсавай канфэрэнцыі.

Што адбываецца зь межамі

З 21 сьнежня ўлады Беларусі пастанавілі абмежаваць перасячэньне наземных межаў. Перасякаць мяжу паветраным шляхам можна было без абмежаваньняў.

На пачатак жніўня 2021 году часткова адкрытай застаецца толькі наземная мяжа з Расеяй, куды пачалі хадзіць рэгулярныя цягнікі і аўтобусы. Пры гэтым сытуацыя з каранавірусам у самой Расеі стала адной з самых складаных у сьвеце.

2020 год для «Белавія», як і для іншых авіякампаніяў, ня стаў прыбытковым. Праз абмежаваньні на міжнародныя палёты, выкліканыя пандэміяй, кампанія ўпершыню за некалькі гадоў панесла фінансавыя страты памерам больш як 92 мільёны рублёў. Пры гэтым у 2019 годзе «Белавія» мела амаль 70 мільёнаў рублёў прыбытку.

Сытуацыя магла зьмяніцца пасьля забароны на перасячэньне наземнай мяжы Беларусі з 21 сьнежня 2020 году і паляпшэньня сытуацыі з каранавірусам у краінах Эўразьвязу. Зімой і вясной 2021 году самалёты «Белавія» паступова пачыналі выконваць рэйсы ранейшымі маршрутамі ў Эўропу і Расею. На пэўных кірунках колькасьць рэйсаў нават вырасла. Напрыклад, на пачатку траўня 2021 году беларускія самалёты лёталі ў Вільню 14 разоў на тыдзень (ува ўсе гарады Расеі, разам узятыя, — толькі 12 разоў).

Усё зьмянілася 23 траўня, пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.

Дзяржава змагаецца зь сьвятарствам

31 жніўня беларускія памежнікі не ўпусьцілі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэньня прычынаў. Пазьней дзяржаўныя органы заявілі, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.

Аляксандар Лукашэнка вінаваціў Кандрусевіча ў тым, што мітрапаліт выяжджаў у Польшчу нібыта для кансультацыяў аб тым, «як разбураць Беларусь». Да таго Кандрусевіч асудзіў гвалт сілавікоў над мірнымі пратэстоўцамі і заклікаў яго спыніць.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на брыфінгу ў архікатэдральным касьцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Менску пасьля вяртаньня ў Беларусь, 24 сьнежня 2020 г.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на брыфінгу ў архікатэдральным касьцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Менску пасьля вяртаньня ў Беларусь, 24 сьнежня 2020 г.

Толькі пасьля ўмяшаньня Ватыкану кіраўніцтва Беларусі дазволіла Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца на радзіму. Аднак Тадэвуш Кандрусевіч абвясьціў аб сваёй адстаўцы, а касьцёл у Беларусі ўзначаліў біскуп Казімер Велікаселец.

Летась пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на чале Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы стаяў мітрапаліт Павал. На сустрэчы зь вернікамі ён заявіў, што шкадуе аб заўчасным віншаваньні Аляксандра Лукашэнкі зь перамогай, а 17 жніўня наведаў пабітых АМАПам пратэстоўцаў у лякарні хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску.

21 жніўня яго вызвалілі ад пасады Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі і адправілі ў расейскую Кубань.

Беларускую праваслаўную царкву пасьля яго ўзначаліў мітрапаліт Веньямін.

У чэрвені сынод Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату пазбавіў пасады архіяпіскапа Горадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. Ён быў адзіным зь беларускіх праваслаўных герархаў, хто публічна асудзіў гвалт і падтрымаў пратэстоўцаў.

У леташнім сьнежні ксёндз Вячаслаў Барок правёў за кратамі 10 дзён за рэпост малюнку дызайнэра Ўладзімера Цэсьлера «Стоп лукашызм». Суд угледзеў у дзеяньнях сьвятара «прапаганду нацысцкай сымболікі». Улетку ксёндз вымушана пакінуў Беларусь.

Пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» ўлады пазбавілі будынку ў Менску ў лютым сёлета. Цяпер вернікі вымушана праводзяць набажэнствы на вуліцы. Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка асудзіў гвалт сілавікоў над грамадзянамі.

Перасьлед за бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня»

Пасьля выбараў 9 жніўня летась улады распачалі перасьлед людзей за бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню». Людзей судзілі за папяровыя сьняжынкі ў такіх колерах на вакне, за налепкі на аўтамабілях і нават за пастылу. Пэнсіянэрку з Жодзіна Іраіду Міско аштрафавалі на 540 беларускіх рублёў, бо яна «выказвала пратэст з дапамогай прысмакаў» — пастыла ў яе руках была бел-чырвона-белых колераў.

За такое ў Беларусі даюць штрафы і «суткі»
За такое ў Беларусі даюць штрафы і «суткі»

А 26 ліпеня сёлета Генэральная пракуратура заявіла рыхтаваньні звароту ў суд, каб прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг «экстрэмісцкім». Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед паведаміў, што ягонае ведамства сабрала новыя пацьверджаньні таму, што бел-чырвона-белую сымболіку нібыта выкарыстоўвалі падчас Другой сусьветнай вайны карныя батальёны як абавязковы элемэнт уніформы.

Міграцыйны крызіс

Колькасьць мігрантаў, якія прыйшлі зь беларускага боку і былі затрыманыя ў Літве, ужо ў 34,6 раза перавысіла леташні паказьнік. Год таму ні пра які міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы не ішлося.

З пачатку году літоўскія памежнікі затрымалі 4110 мігрантаў.

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль зьвінаваціў улады Беларусі ў арганізацыі міграцыйнага крызісу на мяжы зь Літвой і Польшчай.

«Выкарыстоўваць мігрантаў у якасьці зброі, падштурхоўваючы мігрантаў да межаў, непрымальна. І гэта тое, што адбываецца на літоўскай і польскай межах», — сказаў кіраўнік дыпляматыі ЭЗ.

Міжнародныя адносіны

Да 9 жніўня ў Беларусі працавалі амбасады краін ЭЗ, не было санкцыяў, а Беларусь была ўдзельніцай праграмы «Ўсходняе партнэрства», у межах якой атрымлівала ад ЭЗ дапамогу: пабудова мастоў, дарог, роварных сьцежак, добраўпарадкаваньне гарадоў. Толькі беларускія навукоўцы ў межах гэтай праграмы атрымалі 7 мільёнаў эўра, а агульная дапамога ў межах праграмы склала дзясяткі мільёнаў эўра. Цяпер Беларусь спыніла прадстаўніцтва ва «Ўсходнім партнэрстве».

Да жніўня 2021 году адносіны Беларусі з ЭЗ сапсаваліся да найгоршага стану за ўсю гісторыю. Краіны ЭЗ ня лічаць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі.

28 чэрвеня прадстаўнік ЭЗ у Беларусі выехаў у Брусэль для кансультацыяў, прадстаўнік Беларусі ў ЭЗ таксама выехаў у Менск. Беларускія ўлады абвінавачваюць краіны ЭЗ, а таксама ЗША «ў дэстабілізацыі становішча ў Беларусі». ЭЗ жа гатовы размаўляць аб паслабленьні санкцыяў толькі пасьля таго, як у Беларусі спыняць парушэньні ў галіне правоў чалавека, рэпрэсіі і гвалт, вызваляць палітвязьняў.

Пагоршыліся стасункі Беларусі з ЗША, Вялікай Брытаніяй і Канадай. Гэтыя краіны ўвялі санкцыі супраць беларускіх уладаў і настойваюць на спыненьні парушэньняў правоў чалавека.

Адносіны з Расеяй

У леташнім жніўні Лукашэнка рэзка выказваўся пра Расею і нават вінаваціў яе ў накіраваньні на тэрыторыю Беларусі баевікоў ПВК «Вагнэра» для дэстабілізацыі абстаноўкі. Ён вінаваціў Расею ў тым, што «яна зьмяніла братэрскія адносіны на партнэрскія».

Сёлета ў жніўні Расея застаецца бліжэйшым хаўрусьнікам уладаў Беларусі. У 2021 годзе Лукашэнка і Пуцін сустракаліся тройчы і абмяркоўвалі, сярод іншага, інтэграцыю. Па апошняй сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным 28 траўня нейкіх канкрэтных высноваў наконт інтэграцыі не было. У 2021 годзе Лукашэнка ўжо не крытыкаваў інтэграцыю.

У верасьні летась Расея пагадзілася вылучыць для Беларусі крэдыт у 1,5 мільярда даляраў.

Перанос спартовых спаборніцтваў

У леташнім жніўні Беларусь рыхтавалася прымаць чэмпіянат сьвету ў хакеі, плянаваны на травень 2021-га. Ён меўся стаць другім сусьветным хакейным турнірам, які прыме Беларусь (першы быў у 2014 годзе). Аднак з прычыны парушэньняў правоў чалавека і гвалту супраць грамадзянаў чэмпіянат зь Беларусі перанесьлі.

Ужо 7 верасьня, падчас масавых пратэстаў у Беларусі, Латвія — партнэр афіцыйнага Менску ў чэмпіянаце — зьвярнулася ў Міжнародную фэдэрацыю хакею з просьбай правесьці спаборніцтвы разам зь іншай краінай, не зь Беларусьсю. Прычына — парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

17 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі, дзе, сярод іншага, заклікаў не праводзіць чэмпіянат у Менску.

18 верасьня старшыня Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль заявіў, што «заклапочаны сытуацыяй у Беларусі».

15 і 16 студзеня кампаніі Škoda Holding (генэральны спонсар чэмпіянату), Nivea і Tissot адмаўляюцца спансаваць чэмпіянат, калі той пройдзе ў Менску. У Латвіі заяўляюць, што гатовыя правесьці спаборніцтвы самі, безь Беларусі. 17 студзеня да адмовы фінансаваць чэмпіянат далучаецца кампанія Liqui Moly.

18 студзеня рада Міжнароднай фэдэрацыі хакею на сваім паседжаньні прыняла рашэньне не праводзіць чэмпіянат у Беларусі.

Апроч чэмпіянату сьвету ў хакеі, зь Беларусі перанесьлі чэмпіянаты сьвету ў сучасным пяціборстве, спартовай хадзе (камандны) і паўэрліфтынгу, а таксама чэмпіянат Эўропы ў роварным трэку і этап Кубку сьвету ў біятлёне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG