Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) у якасьці часовай меры пазбавіў акрэдытацыяў прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі на Гульнях-2020 у Токіё Юрыя Маісевіча і Артура Шумака.
«У інтарэсах спартоўцаў Беларусі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Токіё, і ў якасьці часовай меры МАК пазбавіў акрэдытацыяў Артура Шумака і Юрыя Маісевіча. Быў пададзены запыт, каб абодва неадкладна пакінулі алімпійскую вёску, і яны гэта зрабілі. Ім будзе дадзена магчымасьць быць пачутымі», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы МАК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У двух трэнэраў, якія ціснулі на Ціманоўскую, забралі акрэдытацыю на АлімпіядзеУ Нацыянальным камітэце Беларусі пацьвердзілі інфармацыю пра пазбаўленьне акрэдытацыяў трэнэраў беларускай каманды ў лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча і Артура Шумака. Неўзабаве адмыслоўцы вернуцца ў Менск, пры гэтым яны пакідаюць за сабой права абскардзіць рашэньне.
- Юры Майсевіч — галоўтры трэнэр зборнай Беларусі ў лёгкай атлетыцы.
- Артур Шумак — начальнік нацыянальнай каманды Беларусі ў лёгкай атлетыцы і намесьнік дырэктара Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі ў лёгкай атлетыцы.
Пасьля таго як лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская раскрытыкавала спартовых чыноўнікаў за завал у працы з падначаленымі, яе зьнялі з спаборніцтваў і спрабавалі сілай вывезьці зь Японіі. НАК Беларусі заявіў, што адхіліў яе «ў сувязі з эмацыйна-псыхалягічным станам».
2 жніўня Крысьціна Ціманоўская атрымала польскую гуманітарную візу і авіярэйсам празь Вену 4 жніўня прыбыла ў Варшаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: НАК Беларусі адрэагаваў на пазбаўленьне акрэдытацыі на Алімпіядзе двух трэнэраў, якія ціснулі на ЦіманоўскуюНадзвычайнае здарэньне з пазбаўленьнем акрэдытацыяў афіцыйных прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі Свабодзе пракамэнтаваў Васіль Сюльжын.
Чым вядомы Васіль Сюльжын:
- у мінулым спартовец і трэнэр у вольнай барацьбе,
- заслужаны майстар спорту СССР,
- заслужаны трэнэр Беларусі,
- чэмпіён сьвету (1973),
- чэмпіён Эўропы (1972, 1973),
- уладальнік Кубку сьвету (1975),
- уладальнік Кубку Эўропы (1972) у камандным заліку.
«Безумоўна, грандыёзны скандал на ўвесь сьвет, бо гэта ў літаральным сэнсе надзвычайная сытуацыя, — перакананы Васіль Сюльжын. — Тое, што спартоўка дае інтэрвію і плача — ненармальна апрыёры. Граматны настаўнік ня мае права прэсаваць, тым больш пагражаць сваім выхаванцам. Калі ў маладой дзяўчыны такая рэакцыя — значыць, сапраўды давялі, дасталі. Я думаю так: каб нармальна, па-чалавечы зь ёю пагаварылі, магчыма, яна і прабегла б тую эстафэту — для каманднай салідарнасьці. Але нельга ставіць перад фактам, каб сьпісаць уласныя памылкі коштам некага іншага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высылкай беларускіх трэнэраў справа ня скончыцца, — прэзыдэнт МАК пра сытуацыю зь ЦіманоўскайТрэнэр — гэта «любімы бацька» у камандзе, з уласнага досьведу канстатуе Васіль Сюльжын. Але ў тым выпадку Юры Маісевіч і Артур Шумак чамусьці выступілі ў ролі «злосных айчымаў».
«Трэнэр — безь перабольшаньня другі бацька. Прафэсійны спартовец у яго атачэньні праводзіць большую частку актыўнага жыцьця. Таму пагрозы, ультыматумы — ну што гэта за мэтады выхаваньня? Проста непрафэсійна. На роўным месцы стварылі міжнародны скандал. Дзеля справядлівасьці, я і Крысьціну не апраўдваю, бо яна вельмі эмацыйная, нават капрызная дзяўчына, ня надта здольная да кампрамісаў — прынамсі так пра яе кажуць калегі-трэнэры з „Дынама“. Як ведаеш, што чалавек з характарам, неабходны іншы падыход, а не зьяжджаньне на мову ўльтыматумаў. Карацей, кіраўніцтва само заварыла ўсю кашу, атрымаўшы такое ганебнае пакараньне ад МАК».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская каманда ў эстафэце 4×400 м, куды хацелі паставіць Ціманоўскую, заняла апошняе месца на АлімпіядзеЦяпер унутрыкамандны канфлікт выйшаў у палітычную плоскасьць — асабліва на фоне ранейшых санкцыяў супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. А таму могуць быць іншыя наступствы, не выключае спартовец і трэнэр Васіль Сюльжын.
«Знаходзячыся ў такім хісткім становішчы, адміністратарам нацыянальнай каманды трэба сябе паводзіць надзвычай абачліва, унікаць усялякіх рэзанансавых заяваў, якія могуць расцаніць як дыскрымінацыю спартоўцаў. Таму тое, што адбываецца цяпер, — гэта ўжо палітыка, і мала каго цікавіць, з чаго ўсё пачалося. Бо Крысьціну ж не прымушалі бегчы траўмаванай ці маратонскую дыстанцыю. Так, не яе спэцыялізацыя, але пры нармальным падыходзе можна было знайсьці паразуменьне. Прынамсі ў мой час не было б ніякіх праблемаў: трэнэр папрасіў — атлет зрабіў. Цяпер усё інакш. Але, паўтаруся, настаўнік ня мусіць гразіць ці шантажаваць, бо ўсе робяць агульную справу дзеля гонару краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад прызначэньня сьцяганосцаў да выбару формы». Да чаго прыводзіць умяшаньне Лукашэнкі ў спорт і якія будуць санкцыі МАКЗрэшты, як кажа суразмоўца, «касякі» пачаліся яшчэ з праколу са складам эстафэтнай каманды, калі дзьве з чатырох удзельніц ня трапілі ў Токіё паводле патрабаваньняў тэрмінаў допінг-кантролю. Перадусім трэба было б пакараць вінаватых менавіта за гэты недагляд, але, каб «забалбатаць праблему», цяпер усю ўвагу спрабуюць перацягнуць на асобу Крысьціны Ціманоўскай, падсумоўвае Васіль Сюльжын.
Раней быў апублікаваны запіс гутаркі Крысьціны Ціманоўскай з двума чальцамі беларускай дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях у Токіё. Спартовыя чыноўнікі назвалі яе ўчынак «дурным» і папярэдзілі, што празь яе «людзі могуць застацца бяз працы», таму ёй неабходна вылецець дадому.
Акрамя гэтага, яе папрасілі вярнуць нявыдаткаваныя дзённыя грошы, выдадзеныя на час удзелу ў Алімпіядзе. На запісах былі галасы галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Юрыя Маісевіча і намесьніка дырэктара РЦАП Артура Шумака.