Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
НАК Беларусі адрэагаваў на пазбаўленьне акрэдытацыі на Алімпіядзе двух трэнэраў, якія ціснулі на Ціманоўскую 

НАК Беларусі адрэагаваў на пазбаўленьне акрэдытацыі на Алімпіядзе двух трэнэраў, якія ціснулі на Ціманоўскую 


Крысьціна Ціманоўская ўваходзіць на тэрыторыю польскай амбасады ў Токіё. 2 жніўня 2021 г.
Крысьціна Ціманоўская ўваходзіць на тэрыторыю польскай амбасады ў Токіё. 2 жніўня 2021 г.

5 жніўня 2021 году дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэту прыняла рашэнне пазбавіць акрэдытацыі на Гульнях ХХХII Алімпіяды ў Токіё трэнэраў беларускай каманды ў лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча і Артура Шумакова.

НАК Беларусі ў афіцыйнай заяве ў адказ зьвяртае ўвагу, што гэта часовыя захады і разбор бягучай сытуацыі працягваецца.

«Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусі пацьвярджае гэтую інфармацыю, і ў бліжэйшы час трэнэры вернуцца ў Менск. Разам з тым яны пакідаюць за сабой права абскардзіць гэтае рашэньне.

У сваю чаргу, мы па-ранейшаму адкрытыя для працягу дыялёгу і знаходзімся ў шчыльнай супрацы з МАК для высьвятленьня ўсіх абставінаў прынятага рашэньня.

НОК Беларусі ў поўнай меры адстойвае і будзе далей абараняць інтарэсы ўсіх беларускіх атлетаў і трэнэраў ад любых формаў дыскрымінацыі пры наяўнасьці такіх».

Міжнародны алімпійскі камітэт скасаваў акрэдытацыю двух беларускіх трэнэраў, якіх падазраюць у спробе прымусіць спрынтэрку Крысьціну Ціманоўскую вярнуцца ў Беларусь з Алімпіяды ў Токіё.

МАК прыняў гэтае рашэньне 6 жніўня «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Токіё», гаворыцца ў паведамленні ў Twitter.

У МАК заявілі, што трэнэрам Артуру Шумаку і Юрыю Маісевічу прапанавалі неадкладна пакінуць Алімпійскую вёску, што яны і зрабілі. Акалічнасьці справы Ціманоўскай і ролю ў ёй Шумака і Маісевіча будзе высьвятляць адмыслова створаная камісія, паведамілі ў МАК.

Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь

  • 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
  • Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
  • Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
  • Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
  • Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
  • Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
  • 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
  • 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
  • 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
  • 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG