Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад прызначэньня сьцяганосцаў да выбару формы». Да чаго прыводзіць умяшаньне Лукашэнкі ў спорт і якія будуць санкцыі МАК


Аляксандар Лукашэнка на дабрачынным тэнісным матчы з датчанкай Каралінай Вазьняцкі (справа) у Менску. 2010 год. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка на дабрачынным тэнісным матчы з датчанкай Каралінай Вазьняцкі (справа) у Менску. 2010 год. Ілюстрацыйнае фота

Пра што сьведчыць гісторыя зь Ціманоўскай? Ці магчымы яе працяг з удзелам іншых беларускіх алімпійцаў? Чым адметны ўдзел беларусаў у сёлетняй Алімпіядзе?

У жывым эфіры Свабода Premium абмяркоўваем гэта ды іншае з Вадзімам Крывашэевым, адказным за моладзевую палітыку і спорт у Народным антыкрызісным кіраўніцтве, кіраўніком дэпартамэнту правядзеньня спартовай рэформы ў Беларускім фондзе спартовай салідарнасьці. Вадзім Крывашэеў у мінулым працаваў дырэктарам Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі ў роварным спорце і дырэктарам Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі ў фрыстайле.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Сьцісла

  • На мой погляд, максымум, што можа быць цяпер, гэта пазбаўленьне акрэдытацыі канкрэтных асобаў, якія былі ўдзельнікамі гэтага ціску.
  • Такія сытуацыі, як зь Ціманоўскай, былі і раней, але цяпер страх пакараньня здэтанаваў сытуацыю да цяперашняга ўзроўню.
  • Прынцыповыя рашэньні ў спартовай сфэры заўсёды заставаліся за Лукашэнкам, пачынаючы ад прызначэньня сьцяганосца кожнай алімпійскай дэлегацыі да выбару формы.
  • Кантактую з многімі спартоўцамі, і практычна ад усіх чуў, што на фоне таго, што адбываецца ў краіне, немагчыма сканцэнтравацца на спартовай дзейнасьці.
  • Даходзіла да таго, што пэрсанал камандаў забараняў карыстацца гаджэтамі, каб спартоўцы не атрымлівалі інфармацыю.


«Сумняюся, што падчас Алімпіяды будуць прынятыя больш глябальныя санкцыі»

— Якімі могуць быць санкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэту супраць НАК Беларусі?

— На мой погляд, максымум, што можа быць у гэтай сытуацыі, гэта пазбаўленьне акрэдытацыі канкрэтных асобаў, якія былі ўдзельнікамі гэтага ціску. Сумняюся, што падчас Алімпіяды будуць прынятыя больш глябальныя санкцыі да ўсёй дэлегацыі, да атлетаў ці іншых чальцоў дэлегацыі, якія маюць ускоснае дачыненьне. Цалкам магчыма, што пазьней, пасьля заканчэньня гульняў, Міжнародны алімпійскі камітэт зноў правядзе разгорнутае паседжаньне выканкаму наконт сытуацыі зь беларускім Нацыянальным алімпійскім камітэтам, як ужо было да гэтага, і пашырыць раней прынятыя санкцыі супраць НАК Беларусі ці нешта іншае прадпрыме.

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці і раней заяўляў пра парушэньні правоў спартоўцаў і падаваў у МАК канкрэтныя гісторыі і доказы, заклікаў Міжнародны алімпійскі камітэт увесьці санкцыі. Адна з магчымых санкцыяў — прыпыненьне сяброўства НАК Беларусі і адпаведна магчымасьць для спартоўцаў выступаць на Алімпіядзе ў Токіё пад нэўтральным сьцягам. МАК, зыходзячы з сытуацыі, якая была да Алімпіяды, спыніўся на санкцыях супраць выканкаму НАК Беларусі, яго непасрэдных кіраўнікоў — на той час Аляксандра Лукашэнкі, потым Віктара Лукашэнкі, але да Алімпіяды больш ніякіх захадаў вырашыў не прымаць. Хаця было шмат доказаў, якія пацьвярджалі працяг парушэньня правоў спартоўцаў, іх дыскрымінацыю.

Гэтая гісторыя адбылася абсалютна на роўным месцы, зь ніадкуль, праз халатнасьць і недахоп прафэсіяналізму шэрагу спэцыялістаў, трэнэраў, іншых супрацоўнікаў камандаў, групы чыноўнікаў міністэрства, якія мусілі на пэўным этапе кантраляваць заяўныя лісты, праходжаньне допінг-тэстаў, іх колькасьць, датрыманьне тэрмінаў. Гэтая сытуацыя яшчэ раз дэманструе праблемы, якія існуюць у Беларусі і ў яе спартовым сьвеце.

«Кожны спартовец ідзе да сваёй Алімпіяды, спадзеючыся паказаць там максымальны для сябе вынік»

— Вы маеце досьвед падрыхтоўкі спартоўцаў да Алімпіяды. Якія асноўныя прынцыпы былі парушаныя ў выпадку з Ціманоўскай?

Вадзім Крывашэеў
Вадзім Крывашэеў

— Усе мы разумеем, што для спартоўца значыць Алімпіяда. Гэта старт, які праводзіцца раз на чатыры гады, і рыхтаваньне да яго патрабуе поўнай канцэнтрацыі, мабілізацыі арганізму. Кожны спартовец ідзе да сваёй Алімпіяды, спадзеючыся паказаць там максымальны для сябе вынік. На гэтым этапе сваёй спартовай кар’еры абсалютна ня ўсе спартоўцы там прэтэндуюць на мэдалі, пагатоў на перамогу. Разам з тым добрым вынікам, пасьпяховым выступам лічыцца, калі спартовец на гульнях здабыў свой асабісты рэкорд.

З эмацыйнага відэа Крысьціны я бачу найперш тое, што спартоўка рыхтавалася да сваёй дыстанцыі, на якой яна ўжо дасягала вынікаў на міжнароднай арэне (была пераможцай Унівэрсіяды, прызэрам моладзевага юніёрскага чэмпіянату Эўропы) і была матываваная паказаць высокае для сябе месца.

А тут насуперак усяму... Адсутнасьць элемэнтарнай камунікацыі... У спакойным рэжыме можна было давесьці інфармацыю. Маўляў, ёсьць такая сытуацыя ў камандзе, яна ўжо адбылася, давайце ўзважым усе за і супраць, што на гэтым этапе будзе больш важна, хто на што гатовы. Важна, каб выступілі і тыя дзяўчаты ў эстафэтным бегу, набылі нейкі досьвед. Магчыма, яны не былі ў ліку кандыдатаў на высокія месцы на гэтай Алімпіядзе, але для кожнага атлета на пэрспэктыву такі досьвед вельмі шмат значыць. Спартоўку паставілі перад фактам, і калі яна паспрабавала проста разабрацца, што гэта, адкуль гэтая інфармацыя і гэтая недагаворанасьць (нехта не бярэ слухаўку, нехта зусім не адказвае) прывяла ў выніку да ўсіх далейшых наступстваў.

«Сытуацыя прадметна адлюстроўвае рэакцыі дробных клеркаў, трэнэрскага складу і найвышэйшага кіраўніцтва краіны»

— Праўдападобна, гэта не адзіная такая сытуацыя. Проста першая, якая набыла міжнародны розгалас. Пра што сьведчыць кейс Ціманоўскай? Наколькі ён адлюстроўвае сытуацыю ў краіне, ва ўладзе, у спорце?

— Ён адлюстроўвае ўсе, што цяпер адбываецца. Яшчэ больш прадметна адлюстроўвае непасрэдна рэакцыі дробных клеркаў, трэнэрскага складу і найвышэйшага кіраўніцтва краіны. Такія сытуацыі былі і раней, але цяпер страх пакараньня здэтанаваў гэтую сытуацыю да цяперашняга ўзроўню. Спачатку пэрсанал каманды сытуацыю недаглядзеў, але ёсьць і іншыя структуры, якія мусілі ўсё гэта пракантраляваць. Тое, што так адбылося, сьведчыць аб праблемах у сыстэме. І пачалі выкручваць. У дзяржаўных СМІ ўжо гучыць, што гэта інсьпіравана заходнімі спэцслужбамі, што гэтая апэрацыя была сплянаваная ледзь ня тры месяцы таму. Сьмешна чуць.

«Каманда на гэтую Алімпіяду выяжджала пад сурʼёзным эмацыйным ціскам»

— Алімпіяда ня скончаная. Як мяркуеце, ці магчымы нейкі працяг з удзелам іншых беларускіх алімпійцаў, якія могуць выказаць салідарнасьць зь Ціманоўскай ці зрабіць нешта падобнае?

— У гэтай дэлегацыі сем спартоўцаў раней падпісалі ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту. Пазыцыя фонду ў адносінах да Алімпійскіх гульняў і спартоўцаў наступная. Людзі рыхтаваліся да Алімпіяды, выступаюць, паказваюць максымальныя спартовыя вынікі. Гэта галоўнае. Усе астатнія абмеркаваньні, эмоцыі — пра гэта будзем гаварыць ужо пасьля Алімпіяды. Так і адбывалася. Калі гаварыць пра абстаноўку ў камандзе раней і цяпер, то я перакананы, што каманда на гэтую Алімпіяду выяжджала пад сурʼёзным эмацыйным ціскам таго, што адбываецца апошні год.

Сёньня ва ўсіх сфэрах хочуць, каб людзі маўчалі. Такі псыхалягічны стан немагчымы для творчага мысьленьня, а спартоўцы — творчыя асобы. Я кантактую з многімі спартоўцамі, і практычна ад усіх чуў адно і той ж — на фоне таго, што адбываецца ў краіне, немагчыма сканцэнтравацца на спартовай дзейнасьці, на трэнаваньнях, на спаборніцтвах. Даходзіла да таго, што пэрсанал камандаў забараняў карыстацца гаджэтамі, каб спартоўцы не атрымлівалі інфармацыю, каб абстрагавацца ад гэтых навінаў. Безумоўна, сам фон быў сапсаваны яшчэ да паездкі ў Токіё.

«Перакананы, што гэта было рашэньне непасрэдна Аляксандра Лукашэнкі»

— Гучалі здагадкі, што плянаваная дэпартацыя Ціманоўскай — рашэньне з самага верху. Ці вам даводзілася на практыцы сутыкацца з умяшаньнем у спартовыя справы непасрэдна Аляксандра Лукашэнкі і да чаго гэта прыводзіла ў розныя гады?

— У гэтай сытуацыі я на 100% перакананы, што было рашэньне непасрэдна Аляксандра Лукашэнкі — тэрмінова адправіць Крысьціну дадому і ня даць магчымасьці выступіць на дыстанцыі. Што да ранейшага яго ўмяшаньня ў спартовыя справы і падзеі, то яго не магло ня быць. Усе гэтыя гады ён паралельна займаў пасаду прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Прынцыповыя рашэньні ў спартовай сфэры заўсёды заставаліся за ім, пачынаючы ад прызначэньня сьцяганосца кожнай алімпійскай дэлегацыі да выбару формы. Усё гэта мы назіралі ў рэпартажах у СМІ. Ніводнае больш-менш значнае рашэньне ў спартовай сфэры безь яго ўдзелу ці як мінімум узгадненьня не прымалася.

— У кнізе палітвязьня Аляксандра Фядуты «Аляксандар Лукашэнка. Палітычная біяграфія» апісваецца гісторыя з Алімпіяды ў Нагана, калі туды фактычна без запрашэньня прыляцеў Лукашэнка са сваім атачэньнем, як ён прыходзіў у разьдзявальню да хакейнай каманды перад матчам. Ці такое ўмяшаньне, увага, кантроль спрыяе спартовым вынікам, што вы як трэнэр думаеце?

— Калі Лукашэнка наведвае розныя мерапрыемствы, большы ажыятаж ствараюць службы бясьпекі і функцыянэры, якія бяруць удзел у іх арганізацыі. І гэты ажыятаж нясе больш нэгатыўнага ўплыву, чым сама сустрэча. У самой сустрэчы з Лукашэнкам нічога складанага. Калі гэта адбываецца перад гульнёй, што мы неаднаразова бачылі перад тэніснымі, хакейнымі матчамі, то кожны спартовец рэагуе на сытуацыю індывідуальна. Кагосьці стрэс мабілізуе, і ва ўмовах стрэсу ён паказвае яшчэ вышэйшыя вынікі, а кагосьці, наадварот, уся сытуацыя будзе прыгнятаць.

«Заўзець трэба за ўсіх»

— Чым для вас адметны ўдзел беларусаў у сёлетняй Алімпіядзе? Чым вы ганарыцеся, за што вам сорамна? Ці варта беларусам заўзець за Недасекава, напрыклад?

— Я абсалютна перакананы, што заўзець трэба за ўсіх. Усе яны грамадзяне нашай краіны. Той раскол у грамадзтве, які ўжо зрабілі людзі, якія сёньня захапілі ўладу, трэба неяк прыпыняць. І гэта могуць зрабіць толькі самі грамадзяне нашай краіны, пачынаючы быць крыху дабрэйшымі адзін да аднаго, ня так жорстка рэагуючы, магчыма. Мне падаецца, што, маючы розныя палітычныя погляды, мы не павінны адчуваць нянавісьць адно да аднаго. Гэта дарога ў нікуды.

Што да вынікаў Алімпіяды. Пакуль бачым, што мы не дабіраем нават у тых відах, дысцыплінах, дзе мэдалі ад пачатку плянаваліся, і былі людзі, якія мелі паказваць гэтыя вынікі. Яшчэ будзе аналіз, але ў цэлым атмасфэра, якая сёньня щ Беларусі, зьяўляецца фонам, на якім вельмі складана рэалізавацца людзям творчых прафэсіяў ува ўсіх іншых сфэрах. Асабіста я, ведаючы многіх атлетаў і іхных трэнэраў, перажываю за іх і зычу добрых выступленьняў, але ў цэлым бачу, што праблемы ёсьць і мы не дабіраем.

— У чым вы бачыце асноўную задачу Беларускага фонду спартовай салідарнасьці ў цяперашняй сытуацыі?

— Гісторыя Крысьціны Ціманоўскай — зь ліку задачаў, рашэньне якіх ад пачатку дэкляраваў фонд. Гэта падтрымка і дапамога спартоўцам, людзям з спартовай галіны, якія пацярпелі за грамадзянскую пазыцыю. Дапамога, па якую да нас зьвярнулася Крысьціна Ціманоўская, калі гэтая сытуацыя зь ёй ужо адбылася, — гэта наша асноўная дзейнасьць. Мы і надалей будзе займацца аказаньнем юрыдычнай, праўнай, матэрыяльнай і ўсякай іншай дапамогі людзям, якія пацярпелі ў выніку дзеяньняў рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG