Спартоўка Крысьціна Ціманоўская дала вялікае інтэрвію журналісту «Трыбуны» Дзьмітрыю Руто.
— У гэты момант я знаходжуся ў аддзяленьні паліцыі ў аэрапорце ў Токіё. Пакуль думаю, што я ў бясьпецы. Мне сказалі, што ў сытуацыі разьбіраюцца, паліцыя падключылася. Людзі зьвяртаюцца ў МАК, каб там чыноўнікі таксама мне дапамаглі.
— Раскажыце, як, хто і калі вам сказаў пакінуць Токіё.
— Учора да мяне прыйшоў галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Юры Маісевіч. Ён прапанаваў мне адмовіцца ад удзелу ў бегу на 200 мэтраў, сказаць, што ў мяне траўма. Зьняцца і паляцець дадому. Ён сказаў, што мяне трэба прыбраць з Алімпіяды. У гэты момант мяне хочуць прыбраць толькі з Алімпіяды, але калі я адмоўлюся і выйду на дыстанцыю 200 мэтраў, то мяне будуць прыбіраць са зборнай, пазбаўляць працы, і, магчыма, будуць яшчэ нейкія наступствы.
Мы з трэнэрам яшчэ доўга размаўлялі і ўсё ж прыйшлі да рашэньня, што я пабягу, але ня буду даваць ніякіх камэнтароў. Маўляў, усё пройдзе спакойна. Прабягу 200 мэтраў і вярнуся дадому.
Але сёньня пасьля абеду да мяне ў пакой прыйшоў Артур Шумак, прадстаўнік нашай каманды, і Маісевіч, і яны мне сказалі, што літаральна праз пару гадзінаў я мушу быць у аэрапорце. Мне трэба хутка зьбіраць рэчы і выяжджаць.
Прыйшоў псыхоляг, які спрабаваў са мной размаўляць. Не памятаю яго прозьвішча, бо я яго старалася ня слухаць. Ён мне казаў нейкае трызьненьне, маўляў, ён працаваў з забойцамі, у «Навінках», шмат чаго пабачыў. Незразумела, навошта мне гэта. Імкнулася яго ня слухаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спрынтэрка Ціманоўская, якую за крытыку спрабавалі вывезьці з Алімпіяды, прыехала ў амбасаду Польшчы ў ТокіёПотым ён спрабаваў «паставіць» сябе на маё месца, а мяне — на ягонае. Сядаў і рабіў выгляд, што ён — гэта я. Ён гуляў ролю: быццам я сяджу ў кабінэце міністра спорту і кажу: «Так, я вінаватая, сама ініцыявала гэтую сустрэчу». Навошта ён гэта рабіў, я наагул не зразумела.
Пасьля гэтага ў пакой ізноў зайшоў Шумак і сказаў, што я маю 40 хвілін, каб сабрацца. Я пачала складаць рэчы, да мяне кожныя 10 хвілін падыходзілі і правяралі, ці хутка я зьбяруся. Я зьбірала рэчы паўтары гадзіны, імкнулася максымальна зацягваць час. Перапісвалася з мужам, са сваякамі, мы думалі, што рабіць, куды зьвяртацца. Прынялі рашэньне, што прыеду ў аэрапорт, а там пайду ў паліцыю. Так урэшце і зрабіла.
— Ці праўда, што вас суправаджалі людзі спартовага целаскладу?
— Не. Са мной былі два чалавекі: псыхоляг і прадстаўнік ад НАК (начальнік аддзелу міжнародных адносінаў НАК Васіль Юрчык. — Tribuna.com).
— Як вас везьлі? У машыну не запіхвалі?
— Гэтыя людзі ўзялі мае валізкі, пайшлі на паркоўку, паклалі рэчы ў машыну. Я таксама села ў машыну і мы паехалі ў аэрапорт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Алё, вы аб чым? Гэта Алімпіяда, гэта не прыкол!» Беларускія лёгкаатлеткі даведаліся, што будуць удзельнічаць у новых для іх дысцыплінах— Што там зрабілі ў першую чаргу?
— Мы спачатку доўга не маглі знайсьці наш тэрмінал. Калі знайшлі, накіраваліся да стойкі рэгістрацыі. Там было шмат людзей зь беларускай каманды, дэлегацыі. Я спытала ў людзей, якія мне дапамагаюць, што рабіць. Яны сказалі, што калі побач ёсьць паліцыя, то трэба зьвяртацца да яе, тады можна не пасьпець сесьці на рэйс. Я так зразумела, што тыя, хто суправаджаў мяне, плянавалі стаяць са мной да канца, пакуль я не атрымаю квіток і не пайду на пасадку. Я адразу падышла да паліцыі, і далей ужо пачаліся высьвятленьні.
— Як тыя, хто вас суправаджаў, адрэагавалі на зьяўленьне паліцыі?
— Яны пачалі камусьці тэлефанаваць. Потым селі за пяць мэтрах ад мяне і не сыходзілі нікуды, з кімсьці размаўлялі па тэлефоне.
— Прадстаўнікі беларускай дыяспары дапамагалі?
— Так, яны зараз прыйшлі, але яны на вуліцы, а я ў аддзяленьні паліцыі ў аэрапорце. Зараз вырашаецца пытаньне, як і што рабіць далей.
— Вам наагул сказалі, чаму вы павінны пакінуць Токіё?
— Не. Як мне сказаў Маісевіч, гэтае пытаньне ўжо не на ўзроўні фэдэрацыі (лёгкай атлетыкі), не на ўзроўні міністэрства спорту, а ўзроўнем вышэй. Што мяне трэба «зьліквідаваць» з Алімпіяды, вярнуць дадому, бо я перашкаджаю камандзе выступаць. Мяне трэба прыбраць, каб усе супакоіліся і спаборнічалі далей. І гэта нават нягледзячы на тое, што назаўтра я мела бегчы 200 мэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Жодзік абвінаваціла Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі ў зрыве свайго выступленьня на АлімпіядзеМаісевіч казаў яшчэ пра эстафэты. Маўляў, калі дзьве дзяўчыны не змаглі прыляцець, чаму тыя, што засталіся, ня могуць прыляцець (яны яшчэ ня ў Токіё) праз тое, што я не хачу бегчы. Трэба даць шанец гэтым дзяўчатам прабегчы. І гэта пры тым, што мае шанцы выступіць на 200 мэтраў трэнэры забіраюць.
— НАК паведаміў, што зьняцьцё з Алімпіяды зьвязанае з вашым псыхалягічным станам.
— Ніякія лекары да мяне не прыходзілі, ніхто мяне не абсьледаваў. У мяне добры псыхалягічны стан, нават нягледзячы на тое, што адбылася такая сытуацыя. Я нармальна трымаюся, ня маю ніякіх праблемаў са здароўем, няма траўмаў, няма пытаньняў з псыхікай. Я была гатовая бегчы.
— Некалькі дзён таму вы ў Instagram выклалі відэа, дзе выказаліся з нагоды таго, што вас вырашылі заявіць на эстафэту. Гэтыя відэа выкліканыя эмоцыямі ці вы запісвалі іх сьвядома?
— Гэта было зроблена збольшага на эмоцыях, але і ня буду адмаўляцца ад сваіх словаў. Так, я абураная! Усё ж такі мы прыехалі на Алімпійскія гульні, і заяўляць нас на дыстанцыю, на якой мы ніколі ў жыцьці не выступалі — гэта супярэчыць усім правілам. Гэта поўная непавага да спартоўцаў, да працы, у якую ўкладаліся ўсе гады, рыхтаваліся да сваіх дыстанцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падпісанткі ліста свабодных спартоўцаў Дар’я Барысевіч і Марыя Жодзік ня выступяць на Алімпіядзе ў ТокіёА тут адбываецца поўны хаос. У той момант, калі даведалася, што магу бегчы эстафэту, паспрабавала зьвязацца з Шумаком. Ён мне не адказаў, проста прачытаў паведамленьні. Потым сказаў, што ў яго нібыта дрэнна лавіў тэлефон, таму ён ня змог мне адказаць. Маісевіч мне напісаў, што мне ніхто не адказваў, бо яны хацелі ўберагчы мяне ад лішняй інфармацыі, каб я лішні раз не нэрвавалася.
Аднак на эмоцыі мяне вывеў іхны ігнор. Ня сам факт таго, што мяне заявілі на эстафэту, а поўны ігнор у мой бок. І тое, што рашэньне прынялі за маёй сьпінай, не параіўшыся ні са мной, ні з трэнэрам і потым нават не паведаміўшы нічога. Гэта поўная непавага!
— Чаму выдалілі гэтыя відэа?
— Мне пачалі тэлефанаваць з пагрозамі і казаць, каб я выдаліла відэа, калі хачу далей быць у спорце. Спачатку я доўга адмаўлялася выдаляць, але потым зрабіла гэта, каб мне перасталі тэлефанаваць.
— А хто тэлефанаваў?
— Старэйшы трэнэр у спрынце Яўгенія Валадзько тэлефанавала нават зь Менску, яшчэ нехта. Валадзько казала, што яе выклікалі ў міністэрства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заўзеем за нашых! Беларускія «спартоўцы пратэсту» на Алімпіядзе ў Токіё (РАСКЛАД)
— Потым вы напісалі допіс, дзе расставілі ўсе кропкі над «і». Гэта вашае рашэньне або вам сказалі апублікаваць такі запіс?
— Не, гэта асабіста маё рашэньне, бо мне пісалі вельмі многія, камэнтароў у дырэкт я атрымала больш за тысячу. Я проста фізычна не магла ўсім адказаць, таму вырашыла напісаць пост, каб расставіць усе кропкі над «і» і растлумачыць прычыну сваіх эмоцыяў.
Таксама паспрабавала паясьніць, што калі б да мяне прыйшлі і растлумачылі ўсё па-чалавечы, то, магчыма, гатовая была б прабегчы, хай ніколі і ня бегала гэтую дыстанцыю. За каманду гатовая была пастаяць. Але паколькі ўсё вырашылі за маёй сьпінай, гэта непрымальна ня толькі для мяне, а ў прынцыпе для ўсякага спартоўца.
— Вы казалі, што баіцеся ляцець у Беларусь. Чаму?
— Бо я баюся, што ў Беларусі мяне, магчыма, могуць пасадзіць у турму. Не баюся таго, што мяне звольняць або выганяць з нацыянальнай каманды. Я турбуюся пра сваю бясьпеку. І думаю, што ў гэты момант у Беларусі для мяне небясьпечна.
— А за што вас могуць пасадзіць, бо вы закон не парушалі?
— У тым жа і рэч, што нічога не зрабіла, пры гэтым мяне пазбавілі права ўдзельнічаць у бегу на 200 мэтраў і захацелі адправіць дадому. Таму я нават ня ведаю, што вам адказаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спорт па-за палітыкай? Гэтай фразай зручна прыкрываць сваю баязьлівасьць». Шчырае інтэрвію найлепшага шахматыста Беларусі— Ці хочаце вы атрымаць палітычны прытулак у Аўстрыі?
— Пакуль мы думаем, куды зьвярнуцца. Думаю, бліжэйшую ноч над гэтым давядзецца паразважаць. І ўжо заўтра прымем нейкае рашэньне.
— Хто вам зараз дапамагае, хто на вашым баку і спрабуе ўрэгуляваць сытуацыю?
— Хлопцы з SOS.BY, Беларускі фонд спартовай салідарнасьці падключылі ўсе свае магчымасьці.
— Як на сытуацыю адрэагавалі іншыя чальцы нацыянальнай каманды?
— Думаю, яны проста нічога ня ведалі. Калі даведаліся пра эстафэту, пра мае stories у Instagram, некаторыя хлопцы мяне падтрымалі. Сказалі, што мяне разумеюць і падтрымліваюць. А пра мой ад’езд ніхто нічога ня ведаў, ніякай рэакцыі няма.
— Напэўна, баяцца выказацца.
— Я думаю, так.
— Ці ведаеце вы, што ў дзяржаўнай тэлевізіі Беларусі вас напярэдадні актыўна абмяркоўвалі?
— Так, усё ведаю, мне слалі інфармацыю і відэа. Што я магу сказаць? Ужо калі ўбачыла, што пра мяне кажуць у ТВ, што кажа Азаронак і іншыя, то ў мяне прапала да іх усялякая павага як да мужчын, бо яны дазваляюць у дачыненьні да дзяўчыны непрыемныя словы. Я ж нічога такога не зрабіла, нічога не сказала. Палітыкі не чапала. Але атрымала шквал нэгатыву, у тым ліку ў Instagram, які мне незразумелы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баксэр — падпісант ліста свабодных спартоўцаў пасьпяхова стартаваў на Гульнях у Токіё— Што далей будзеце рабіць?
— Зараз я пад абаронай паліцыі, а далей буду прасіць прытулак. Крок за крокам будзем дзейнічаць. Пляную пакінуць Токіё, але ня тым рэйсам, якім мяне хацелі адправіць.
— Як думаеце, да чаго можа прывесьці вашая сытуацыя? Бо зварот у МАК ужо паступіў.
— Калі шчыра, пакуль ня ведаю, да чаго можа прывесьці. Але вінаватыя ў кожным разе павінны быць пакараныя. Вось так вось фармавалі каманду, аблажаліся з эстафэтамі. І людзі павінны быць пакараныя. Думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, віна не фэдэрацыі, а нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Батутыст Іван Літвіновіч заваяваў першы залаты мэдаль Беларусі на Алімпіядзе ў Токіё ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Недасекаў заваяваў бронзу Алімпіяды-2020 у скачках у вышыню