«Далі імя Юстас». Праваабаронца расказаў, як у КДБ робяць пакаяльныя відэа і «пераконваюць» падпісваць паперы аб супрацы

Менск. Будынак КДБ. Ілюстрацыйнае фота.

Праваабаронца і журналіст-фрылансэр з Рэчыцы Андрусь Мядзьведзеў быў вымушаны ўцячы ва Ўкраіну празь перасьлед сілавікоў падчас так званай «зачысткі».

Спасылаючыся на свой уласны досьвед у засьценках КДБ, ён расказаў у эфіры Свабода Premium пра тое, як затрыманых прымушаюць прызнавацца на камэру і падпісваць паперы аб супрацы са спэцслужбамі і чаму гэта не працуе, зь яго пункту гледжаньня.

Глядзіце размову на відэа цалкам.

Сьцісла

  • Падпісаў я тую паперу. Далі мне імя «Юстас», як у фільме пра Штырліца. Сяджу і думаю, што нічога не зьмянілася. Новых падручнікаў не даюць, відаць.
  • Усе цудоўна разумеюць такія відэа і паперкі, наўрад ці гэта будзе шкодай для рэпутацыі. Свабода і здароўе даражэйшыя за гэтыя відэа ў цяперашніх умовах.
  • Начальнік нагаварыў, што мне трэба сказаць. Я вырашыў не перакладаць на беларускую мову, хоць звычайна па-беларуску гавару, каб тыя, хто мяне ведае, зразумелі, што гэта не мае словы.

Тут фрагмэнты аповеду Андруся Мядзьведзева

Чаму праваабаронца трапіў пад «зачыстку»

Андрусь Мядзьведзеў. Архіўнае фота.

— У праваабарончым цэнтры «Вясна» я быў у інфармацыйнай службе. Як журналіст-фрылансэр супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат», «Нашай Нівай» і іншымі выданьнямі. У рэгіёне Рэчыца-Мазыр-Сьветлагорск я быў фактычна адзіным журналістам незалежных СМІ. У апошнія месяцы, калі адбываліся рэпрэсіі, актыўна асьвятляў падзеі, у тым ліку на сайце «Палеская вясна», які створаны з дапамогай праваабарончага цэнтру «Вясна». Гэта вельмі не падабалася мясцовым уладам. Мяне спрабавалі затрымаць падчас выбарчай кампаніі, калі быў назіральнікам у Калінкавіцкім раёне. У мяне быў ператрус 16 лютага, калі адбываліся ператрусы па ўсёй краіне ў праваабаронцаў і журналістаў. У гэтую «зачыстку», як яе назваў прадстаўнік КДБ, мяне пачалі шукаць 12 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьліквідавалі прынамсі 57 арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці. СЬПІС

Затрыманьне і абвінавачаньне ў тэрарызьме

— Калі пачалі хапаць калегаў у Гомлі і Менску, я зьехаў са сталага месца жыхарства ў Рэчыцы і пераехаў у кватэру ў Калінкавічах, дзе прайшло маё дзяцінства. 16 ліпеня ў гэтую кватэру груба ўварваліся супрацоўнікі КДБ і прад’явілі пастанову на ператрус, вынесеную абласной управай КДБ паводле артыкула 289 аб тэрарызьме. Я чакаў чаго заўгодна, напрыклад, 342 артыкула аб арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, але ня гэтага. Выглядае, што заводзяць справы, асабліва не пераймаючыся, каму якая дастанецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 40 ператрусаў у кіраўнікоў БАЖ, журналістаў і праваабаронцаў. СЬПІС

Што адбывалася ў рэчыцкім аддзеле КДБ

— Мяне завезьлі ў рэчыцкі міжраённы аддзел КДБ. Гучалі пагрозы, што я адтуль, з КДБ, ня выйду. Я вымушаны быў сказаць пароль ад тэлефона. Мне і хаваць асабліва не было чаго, бо я дзейнічаў заўсёды законнымі мэтадамі. Я вырашыў, што гэта будзе найлепшым крокам, каб застацца цэлым і, магчыма, выйсьці з гэтага будынку. Было запалохваньне, штурханьне, каб адчуваў сябе прыніжаным. Улезьлі ў тэлефон, дзе нічога не знайшлі, за што можна заводзіць нейкія крымінальныя справы, тым больш адносна тэракту. Допыт быў пра суполкі ў сацсетках, якія нібыта зьбіралі нейкіх радыкалаў. Я на іх ня быў падпісаны. Яны застрашвалі мяне, бо я быў падпісаны на некалькі іншых тэлеграм-каналаў, якія прызнаныя экстрэмісцкімі, і пагражалі, што за гэта маюць права мяне зьняволіць.

Было два допыты і паміж імі сустрэча з начальнікам аддзелу рэчыцкага КДБ, які пагражаў, што мяне адправяць у Магілёўскае СІЗА і пасадзяць у камэру, дзе будуць прэсаваць і неадпаведна абыходзіцца. Ён мне паставіў умову, што калі я запішу пакаяльнае відэа, то мяне адразу адпусьцяць.

Расейская мова як знак у пакаяльным відэазвароце

Андрусь Мядзьведзеў, выкладчык курсаў «Мова Нанова». Архіўнае фота.

— Я падумаў, што ўсе ў Беларусі ведаюць, як робяцца такія відэа, і што яны значаць. Начальнік нагаварыў, што мне трэба сказаць. Я вырашыў гэта не перакладаць на беларускую мову, хоць звычайна па-беларуску гавару. Гэта як знак, каб тым, хто мяне ведае, было зразумела, што гэта не мае словы і меркаваньні. Я крыху зьмяніў фразу і дадаў, што трэба крытычна ставіцца да інфармацыі ў гэтым відэа. Так і выйшла. Начальнік не заўважыў ці не надаў увагі, ці не зразумеў, што я меў на ўвазе. І гэта спрацавала. Мне многія сябры напісалі, што зразумелі маю фразу пра крытычнае стаўленьне да інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міхалевіч: Тэкст, які потым зачытаў Раманчук, яны рыхтавалі для мяне, «хлопчыка ў акулярах»

Падпіска аб супрацы з КДБ

— Пасьля запісу відэа мяне зноў пачалі апрацоўваць. Маўляў, можна быць на свабодзе праз 20 хвілін, а можна затрымацца ў нас яшчэ, будзем з табой далей працаваць, каб атрымліваць інфармацыю. І раптам прапаноўвае падпісаць паперу аб тым, што я буду зь імі супрацоўнічаць. Я падумаў, што трэба падпісваць, тады будзе хоць які шанец, што я выйду на волю. Вырашыў, што калі выйду на волю, адразу ўцяку з краіны, бо ня ведаю, якія рычагі яны выкарыстаюць, каб гарантаваць гэтае супрацоўніцтва, і яны былі б выкарыстаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае «супрацоўніцтва з КДБ» і як да яго схіляюць

«Старая школа» спэцслужбаў

— Падпісаў я тую паперу. Мне далі імя «Юстас», як у фільме пра Штырліца. Сяджу і думаю, што нічога не зьмянілася. Яны так працавалі ў 1930-я, 40-я, 50-я гады... Новых падручнікаў не даюць, відаць, ва ўстановах, дзе іх рыхтуюць.... Калі выйшаў на волю, не заставалася нічога іншага, акрамя таго, каб пакінуць краіну і працягваць сваю дзейнасьць, сваю журналісцкую працу па асьвятленьні рэгіянальных падзеяў. Справа ў тым, што, акрамя сайту «Палеская вясна», у нашым рэгіёне не было і цяпер няма альтэрнатыўнай крыніцы інфармацыі. І каб ня праца «вясноўцаў» на гэтым сайце, то людзі, напэўна б, ня мелі інфармацыі пра жудасныя рэпрэсіі, якія адбываюцца, напрыклад, пра катаваньні ў мазырскім РУУС летась у жніўні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мазыры 10-12 ліпеня прайшло сама меней 6 ператрусаў, сілавікі затрымалі пяць чалавек

Каму патрэбныя прызнаньні на камэру і падпіскі аб супрацы


— Такія ж паперчыны падпісвалі многія — і кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч, і Эдуард Пальчыс, і іншыя. Усе мы разумеем значэньне гэтых папераў і гэтых відэа. З рэакцыі начальніка КДБ, калі ён дамогся ад мяне паперы аб супрацы, было відаць, што нейкія плюсікі ці палачкі ім ставяць за такія апэрацыі. Яны цудоўна разумеюць, што большасьць людзей, асабліва перакананых людзей, ня будуць зь імі супрацоўнічаць і, найхутчэй, зьедуць ці будуць ухіляцца ад гэтага. Але з такім задавальненьнем ён паклаў гэтую паперчыну ў сваю тэчку, быццам кропку ў нейкай апэрацыі паставіў. Яны працуюць мэтадамі сярэдзіны мінулага стагодзьдзя спэцслужбаў таталітарных рэжымаў. Ім здаецца, што калі яны завэрбавалі зь іншага боку кагосьці, то правялі апэрацыю, за якую, магчыма, ім званьні дадуць ці прэмію. Магчыма, гэта паказчык іхняй дзейнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я б морду набіў». Дудзінскі — пра вымушаны ад’езд у Кіеў і «прызнаньні» на камэру

Ці трэба пагаджацца на такія ўмовы спэцслужбаў

— Трэба глядзець па сытуацыі. Калі ёсьць шанец адтуль выйсьці... А ёсьць шанец трапіць пад катаваньні і застацца там надоўга... Магчыма, палітыкам, якія хочуць вышэйшых пасадаў у будучыні, ёсьць сэнс супраціўляцца. Я ўсё ж даў бы параду, каб людзі захоўвалі сваё здароўе, сваё жыцьцё і сваю свабоду, і калі ёсьць такія магчымасьці, выкарыстоўвалі іх. Бо ўсе ў нашым грамадзтве цудоўна разумеюць такія відэа і паперкі, і наўрад ці гэта будзе шкодай для рэпутацыі. Свабода і здароўе даражэйшыя за гэтыя відэа ў цяперашніх умовах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіст газэты «Дняпровец» схадзіў на канцэрт Вольскага і страціў працу