Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч: Тэкст, які потым зачытаў Раманчук, яны рыхтавалі для мяне, «хлопчыка ў акулярах»


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

У чарговай перадачы сэрыі «Кандыдаты прэзыдэнцкіх навук» кандыдат у прэзыдэнты ў 2010 годзе Алесь Міхалевіч распавядае, чаму для яго быў поўным шокам ягоны арышт, што ён пісаў у падпісцы пра супрацоўніцтва з КДБ, як яму ўдалося ўцячы ў Чэхію і чаму ён не зьбіраецца займацца ў Беларусі бізнэсам.

11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць пятыя ў гісторыі краіны прэзыдэнцкія выбары. Свабода працягвае цыкль інтэрвію з былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Ва ўсіх калісьці зарэгістраваных кандыдатаў мы пытаемся, што яны цяпер кажуць пра свой удзел у выбарах, што думаюць пра сёлетнюю кампанію і што думаюць наконт таго, якім шляхам у Беларусь прыйдуць перамены. На выбарах 2010 году, паводле афіцыйных дадзеных, Алесь Міхалевіч набраў 1,02% галасоў.

«У мяне ўзьнікла клясычнае пытаньне ахвяраў сталінскага рэжыму — „А мяне за што?“»

— Чаму вы вырашылі браць удзел у выбарах 2010 году? На што спадзяваліся? Памятаю нашы размовы тады, і мяне зьдзівіла, што вы былі рэальна даволі аптымістычна настроены — наконт лібэралізацыі і працягу сваёй палітычнай кар’еры.

— На той момант у мяне была моцная каманда, у тым ліку каманда экспэртаў. Я ведаў, што я буду адзін зь нешматлікіх кандыдатаў, які прадставіць дэталёва распрацаваную праграму і які здолее паказаць пазытыўную альтэрнатыву, ня толькі крытыкуючы ўладу. Хачу заўважыць, што я падчас кампаніі хіба ніводнага кепскага слова пра дзейнага прэзыдэнта не сказаў.

Я сустракаўся з супрацоўнікамі выканкамаў, наведваў райаддзелы міліцыі, проста прыходзіў і хадзіў па кабінэтах, размаўляў з чыноўнікамі. Таму магу сказаць, што сваіх мэтаў я дасягнуў — паказаў, што ёсьць людзі, якія думаюць пра Беларусь, маюць праграму, і гэтая праграма можа быць адэкватнай і не папулісцкай.

— А што канкрэтна вы хацелі паказаць гэтымі сустрэчамі з чыноўнікамі?

— Я хацеў паказаць, што ня трэба баяцца тых зьменаў, якія прыйдуць. Гэтыя зьмены могуць быць мірнымі і на карысьць усім. Напрыклад, вядома, што і міліцыя, і войска фінансуецца з падаткаў і залежыць ад агульнага ўзроўню эканомікі. Я проста ім паказаў, што зьменіцца сытуацыя і яны ўсё роўна будуць запатрабаваныя, і ніхто зь імі ня будзе разьвітвацца.

— Нагадайце, ці вы сапраўды адзіны апазыцыйны кандыдат у 2010 годзе, які не заклікаў прыйсьці на Плошчу?

— Так, я не заклікаў на Плошчу ў сваім тэлевізійным выступе. Але на маім сайце з майго дазволу быў разьмешчаны тэкст, у якім грамадзянам прапаноўвалася самім прыняць рашэньне, калі яны захочуць на Плошчу прыйсьці. Гэта было зьвязана з тым, што бліжэй да даты галасаваньня я ўбачыў, што сыстэма фальсыфікацыяў не мяняецца.

— З улікам вашай даволі памяркоўнай выбарчай кампаніі ці было для вас шокам тое, што адбылося ў ноч на 20 сьнежня асабіста з вамі?

— Безумоўна, гэта было шокам, я гэтага не чакаў. Калі мне пачалі выломваць дзьверы, я быў проста да гэтага маральна не падрыхтаваны. Так, я толькі што вярнуўся з Плошчы і бачыў разьбітыя галовы, я завозіў актывістаў свайго штабу ў шпіталь. Але пры гэтым — я ня быў сярод тых кандыдатаў, якія выступалі на Плошчы, мяне не абралі ў Камітэт нацыянальнага выратаваньня, складзены з кандыдатаў. Таму натуральна, што ў мяне ўзьнікла клясычнае пытаньне ахвяраў сталінскага рэжыму — «А мяне за што?».

Але паколькі я на той момант ужо шмат разоў і затрымліваўся, і сядзеў на сутках, і праходзіў па розных справах — я быў псыхалягічна падрыхтаваны да арышту.

«Яны палічылі, што мая памяркоўная выбарчая кампанія — гэта праект нейкіх спэцслужбаў»

— Паводле некаторых зьвестак, вам «шылі» сувязі з замежнымі выведкамі, ледзь не рабілі замежным шпіёнам?

— Пачалося ўсё з таго, што мне далі тэкст, які я мусіў зачытаць для тэлебачаньня — і сказалі, што я адразу пасьля гэтага свабодны. Гэта быў тэкст, які пасьля зачытаў Яраслаў Раманчук. Як я разумею, пісаўся ён для мяне, памяркоўнага «хлопчыка ў акулярах», і яны былі абсалютна ўпэўненыя, што я гэты тэкст зачытаю. Калі я адмовіўся, мне сказалі — ну, тады вам давядзецца пасядзець. Ну, і аказалася, што КДБ даўно меў на мяне вялікую тэчку, яны адсочвалі маю грамадзкую і палітычную дзейнасьць, мае сувязі з замежнікамі. І паколькі я валодаю замежнымі мовамі, у тым ліку ангельскай, паколькі ў мяне шмат знаёмых і сяброў у ЗША ды іншых краінах — то фактычна ў нейкі момант мяне пачалі падазраваць у шпіянажы.

Яны палічылі, што мая памяркоўная выбарчая кампанія была працай на тое, каб забраць электарат у Лукашэнкі. Для іх гэта азначала, што гэта праект нейкіх спэцслужбаў, які створаны, каб не крытыкаваць Аляксандра Рыгоравіча, а адчапіць частку электарату ад яго. На іх думку, такі геніяльны праект мог нарадзіцца толькі ў нетрах спэцслужбаў. І мне нават назвалі, прызнаньня ў супрацы зь якімі спэцслужбамі ад мяне чакаюць. Мне назвалі амэрыканцаў, немцаў і палякаў.
— Далей вы выйшлі пад падпіску аб нявыезьдзе і праз тыдзень зрабілі гучную заяву пра катаваньні, якія чыняцца над вязьнямі ізалятара Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Таксама вы заявілі, што былі адпушчаны толькі пасьля таго, як была дадзена падпіска пра супрацоўніцтва з КДБ, і публічна разарвалі гэтае супрацоўніцтва. Што было ў гэтай падпісцы? Чаго ад вас прасілі — можа, не ў самой расьпісцы, а ў нейкіх размовах?
— Трэба сказаць, што ніякай канкрэтнай паперы я не разрываў. Я разарваў супрацоўніцтва. Ясна, няма ніякай дамовы з двух бакоў зь пячаткай ад КДБ. Ёсьць заява — «я, імя, прозьвішча, добраахвотна абавязваюся супрацоўнічаць, аказваць дапамогу і прымаю апэратыўны псэўданім». Я быў «агент Гаўрыла» і павінен быў менавіта ў такой якасьці пісаць свае даносы. Але паколькі я ніводнага даносу так і не напісаў, то ў гэтай тэчцы «агента Гаўрылы» нічога, акрамя той паперы, няма.

«Падпісаць любую паперу, а потым выйсьці і ўсім распавесьці»

— Калі вы вырашылі за кратамі пайсьці на такі крок, то вы ўжо разьлічылі свае далейшыя дзеяньні — выходзіце на волю і паведамляеце ўсім пра гэта?

— Натуральна, бо я шмат разоў сустракаўся з былымі дысыдэнтамі з Чэхіі, Польшчы, Усходняй Нямеччыны. І мне былі вядомыя розныя спосабы адносінаў з спэцслужбамі. І адзін зь іх — падпісаць любую паперу, а потым выйсьці і ўсім распавесьці. Звычайна з такімі людзьмі супрацоўнікі органаў ужо не сустракаюцца, бо разумеюць, што пра любую наступную сустрэчу яны таксама ўсім распавядуць. Я лічу гэта вельмі эфэктыўным мэханізмам.

— Далей вам удалося ўцячы зь Менску ў Чэхію. Гледзячы на гэтыя падзеі з вышыні чатырох гадоў, якія прайшлі з таго часу, ці вы лічыце, што вы ўцяклі дзякуючы толькі вашым сябрам, ці КДБ «дазволіў» вам уцячы? Можа, як у свой час Віньнікавай, вам проста дазволілі зьнікнуць з краіны?

— Думаю, што КДБ ня ведаў, што я ўцякаю з краіны. І адзін, і другі свой мабільны тэлефон я пакінуў у Менску, і яны ведалі квадрат, у якім я знаходжуся. Гэты квадрат супадаў з кватэрай маёй сястры, і менавіта таму пасьля майго ад’езду яны прыйшлі туды, сказаўшы, што яна адзіны нармальны чалавек у маёй сям’і. На што сястра адказала, што нармальных у іхнім разуменьні ў нас у сям’і ніколі не было, і яна такой не зьяўляецца. Але, думаю, варта запытацца ў КДБ. Сказаць з упэўненасьцю, што тут згулялі толькі мае геніяльныя пляны і верныя сябры — я не магу. За мной не было ўвесь час вонкавага назіраньня — яны былі ўпэўненыя, што адсочваньня мабільнага тэлефона дастаткова.

Вельмі шмат з таго, што сёньня робіць Тацяна Караткевіч, адпавядае таму, што рабілася мной у 2010 годзе

— Калі казаць пра цяперашнюю выбарчую кампанію, то тое, як вы ў 2010-м спрабавалі заняць нейкую нішу памяркоўнай апазыцыі — гэта чымсьці нагадвае Тацяну Караткевіч у цяперашняй кампаніі. Як бы вы ацанілі дзеяньні яе і яе каманды?

— Вельмі шмат з таго, што сёньня робіць Тацяна Караткевіч, адпавядае таму, што рабілася мной у 2010 годзе. Увогуле, я лічу, што беларусам пасуе нерадыкальная падача інфармацыі. Беларусы як народ — вельмі інтэлігентныя людзі і ня прагнуць сварак. Калі недзе на поўдні ці ў Расеі ад палітыкаў чакаюць, каб яны палівалі вадой адзін аднаго, паказвалі нейкі канфлікт — то беларусы спрабуюць вырашаць усё бесканфліктна, праз дамовы і супольную працу.

«Займацца бізнэсам у Беларусі — справа больш небясьпечная, чым займацца палітыкай»

— Вы заявілі, што пакуль ня будзеце ў Беларусі браць актыўны ўдзел у палітычным жыцьці. Але, прызнаюся, многія вам ня вераць. Кажуць, Міхалевіч настолькі хітры і спрытны, што такога ня можа быць...

— Зразумела, амбіцыі ў мяне застаюцца. Але пытаньне, у якой галіне чалавек можа свае амбіцыі рэалізаваць. Напрыклад, мне ў Чэхіі вельмі падабалася, што я магу спакойна працаваць у бізнэс-структурах, і ніхто мяне адтуль не звальняе за тое, што я актывіст БНФ. Калі б у мяне была магчымасьць выяжджаць за мяжу — то зусім ня факт, што я б хацеў прысьвячаць сябе грамадзка-палітычнаму жыцьцю.

Але на сёньня я знаходжуся пад падпіскай аб нявыезьдзе. Займацца бізнэсам у Беларусі — справа больш небясьпечная, чым займацца палітыкай. Бо за бізнэс могуць пасадзіць на даўжэйшы тэрмін, і ніякія памілаваньні і гуманітарныя довады дзейнічаць ня будуць: скажуць, скраў — і ўсё тут. Таму ў Беларусі для мяне любая праца ў бізнэсе закрытая. Таму я б хацеў, каб была магчымасьць рэалізоўвацца ня толькі ў палітычнай сфэры.

— На вашу думку, як у Беларусь могуць прыйсьці перамены — у стратэгічным сэнсе?

— Скажу тое, што я казаў і падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі. Я за эвалюцыйную мадэрнізацыю і рэформы. І мне вельмі хочацца, каб большасьць гэтых рэформаў былі зробленыя яшчэ пры сёньняшняй уладзе. Калі не, дык каб гэтая ўлада мірна перадала ўладу наступным людзям, якія больш разумеюць і не баяцца рэформаў. Мне б вельмі хацелася, каб адбылося менавіта так — бо, як і большасьць беларусаў, я вельмі баюся ўкраінскага сцэнару.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG