Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст газэты «Дняпровец» схадзіў на канцэрт Вольскага і страціў працу


Андрэй Мядзьведзеў
Андрэй Мядзьведзеў

Былы журналіст рэчыцкай газэты «Дняпровец» Андрэй Мядзьведзеў распавёў на Facebook пра абставіны свайго звальненьня. Ён заяўляе, што быў звольнены з палітычных матываў. Галоўны рэдактар гэта адмаўляе.

Мядзьведзеў піша, што прыйшоў у «Дняпровец» у 2010 годзе ў якасьці карэспандэнта аддзелу сельскага жыцьця, праз паўтара года ўзначаліў аддзел, яшчэ праз паўгода стаў адказным сакратаром. На кароткі час пад яго быў створаны аддзел расьсьледаваньняў, але ніводзін зь першых трох матэрыялаў не пайшоў у друк.

Праблемы ў Мядзьведзева, як ён сьцьвярджае, пачаліся з матэрыялу пра сьвяткаваньне дня народзінаў Анатоля Сыса, які ў апошні момант перад здачай газэты ў друк замянілі на іншы. Затым начальству не спадабалася, як журналіст пісаў на сайце газэты, што Іван Сусанін — не нацыянальны герой Беларусі. Пасьля публікацыі ліставаньня Мядзьведзева зь мясцовым аўтапаркам, у якім журналіст прасіў вярнуць на аўтобусы беларускамоўныя шыльды, ён быў вымушаны «добраахвотна» сысьці з пасады адказнага сакратара.

«Усялякая крытыка апынулася ў газэце пад „жэстачайшай“ забаронай, — піша Мядзьведзеў. — А людзі просяць дапамагчы вырашыць нейкія пытаньні. Даводзілася пісаць артыкулы і прапаноўваць тым СМІ, дзе гэта пройдзе. Мяркую, тыя, каму гэта трэба было, паводле стылю цудоўна ідэнтыфікавалі аўтара, не зважаючы на тое, што пад артыкуламі стаяў прыдуманы псэўданім».

Пасьля гэтага начальнік выклікаў яго на размову, прымусіў напісаць заяву аб сыходзе па ўласным жаданьні, не паставіўшы даты, і дазволіў працаваць далей.

Але калі ў інтэрнэце зьявіліся фота з гомельскага канцэрту Лявона Вольскага, дзе Мядзьведзеў быў у цішотцы з «Пагоняй», галоўны рэдактар запатрабаваў напісаць новую заяву аб «добраахвотным» сыходзе з працы, ужо з датай, але прасіў дапрацаваць да канца месяца. Мядзьведзеў лічыць, што звальненьне зьвязанае таксама з публікацыяй ім «УКантакце» паста пра супольны парад Чырвонай арміі і вэрмахту ў 1939 годзе.

«Я не лічу, што я страціў працу. Я набыў свабоду! — завяршае свой аповед Мядзьведзеў. — А гэта для мяне значна больш каштоўн[ае] за крэсла ў кабінэце і аклад. А ўжо працы я сабе і ў такіх варунках знайду!»

Галоўны рэдактар «Дняпроўца» Ігар Сяргееў сказаў Свабодзе, што не патрабаваў ад Мядзьведзева звальняцца:

«Ён звольніўся па ўласным жаданьні, ёсьць яго заява, напісаная яго рукой. Я чытаў, што ён там панапісваў. Я ня буду зваць яго назад. Я падпісаў заяву, і ўсё, зь якога дня напісаў — з такога і звольніў. Таму ніякіх тут палітычных матываў няма. У нас учора ў газэце выйшаў яго матэрыял! Якія палітычныя матывы? Глупства нейкае. А я яго не прасіў агарод сабе ўзараць, у космас зьлётаць?»

Сяргееў прапануе Мядзьведзеву аспрэчваць заяву ў судзе, калі той лічыць звальненьне несправядлівым. Але кажа, што пасьля заяваў ня ўзяў бы журналіста назад на працу. Маўляў, «разьлічваў, што чалавек будзе працаваць, а ён вось так».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG