Расказваем пра найбольш вядомыя беларускія NGO, якія трапілі пад перасьлед.
«Вясна»
- Праваабарончы цэнтар «Вясна» створаны ў красавіку 1996 году. Спачатку «Вясна» займалася дапамогай арыштаваным і іх сем’ям, паступова дзейнасьць значна пашырылася. Рэгіянальныя арганізацыі «Вясны» ёсьць у большасьці буйных гарадоў Беларусі. Па ўсёй краіне колькасьць сябраў — каля 200 чалавек.
- «Вясна» зьбірае факты палітычнага перасьледу, аказвае кваліфікаваную юрыдычную дапамогу пацярпелым, стварыла базы палітвязьняў, усіх затрыманых і асуджаных па палітычных справах. Валянтэры «Вясны» прысутнічаюць на ўсіх судовых працэсах і вядуць хроніку судоў.
- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў затрымалі праваабаронцаў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку, Тацяну Ласіцу.
- 14 ліпеня былі затрыманыя старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, а таксама Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Андрэй Палуда, Сяргей Сыс, Алена Лапцёнак, Віктар Сазонаў, Марына Статкевіч, Алег Мацкевіч, іншыя праваабаронцы і актывісты.
Lawtrend
- Праваабарончая арганізацыя Lawtrend — асьветніцкая ўстанова, мэта якой — павышаць прававую культуру, арганізоўваць асьветніцкую, аналітычную і дасьледчую дзейнасьць у галіне права. Lawtrend займаецца зборам і распаўсюдам інфармацыі, навучальнымі праграмамі і трэнінгамі, пілётнымі маніторынгамі.
- Апошнія дасьледаваньні: LawtrendMonitor #6 — сытуацыя з грамадзянскай супольнасьцю ў чэрвені 2021 году.
- 14 ліпеня сілавікі прыйшлі зь ператрусам дамоў да дырэктаркі Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend Вольгі Смалянкі, ператрус прайшоў у офісе. Увечары Вольгу адпусьцілі, узяўшы падпіску аб неразгалошваньні.
Беларускі Хэльсынскі камітэт
- РПГА «Беларускі Хэльсынскі Камітэт» (БХК) — адна са старэйшых праваабарончых арганізацый у Беларусі, працуе з 1995 году. Сярод заснавальнікаў БХК былі Васіль Быкаў, Сьвятлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін.
- У фокусе ўвагі — актуальныя пытаньні правоў чалавека, праваабарончыя мэханізмы і працэдуры, роўнасьць і недыскрымінаваньне, бізнэс і правы чалавека, маніторынг міліцыі, сьмяротнае пакараньне, справядлівыя выбары.
- Старшыня БХК — Алег Гулак
- 14 ліпеня сілавікі выламалі дзьверы офіса, правялі ператрус.
Беларуская асацыяцыя журналістаў
- Беларуская асацыяцыя журналістаў — недзяржаўнае, непартыйнае аб’яднаньне журналістаў, а таксама людзей, якія садзейнічаюць свабодзе СМІ.
- Сёньня ў ГА «БАЖ» больш за 1200 сябраў, якія працуюць у розных мэдыя, інтэрнэт-выданьнях, выдавецкіх кампаніях. Некаторыя сябры арганізацыі — супрацоўнікі дзяржаўных СМІ.
- З 1998 году БАЖ стала вядзе маніторынг парушэньняў свабоды выказваньня і правоў СМІ. Больш за 30 журналістаў цяпер за кратамі.
- У лютым 2021 году сілавікі ўжо прыходзілі зь ператрусам у офіс БАЖ. 14 ліпеня прыйшлі зноў.
Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- Саюз беларускіх пісьменьнікаў быў створаны ў 1933–1934 гадах.
- У 2005 годзе ад Саюзу аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны, ляяльны да ўлады Саюз пісьменьнікаў Беларусі.
- У СБП больш за 450 сябраў.
- На пачатку тыдня Міністэрства юстыцыі пачало праверку дзейнасьці СБП, запатрабаваўшы дакумэнты з 1 студзеня 2018 году па 1 ліпеня 2021 году па 27 канкрэтных пунктах, зьвязаных са статутнай дзейнасьцю арганізацыі.
- 14 ліпеня ў офіс СБП уварваліся сілавікі, правялі ператрус, апячаталі памяшканьне і канфіскавалі тэхніку.
- Ператрус таксама зладзілі і ў кватэры старшыні СБП Барыса Пятровіча. Ён цяпер на волі пад падпіскамі аб неразгалошваньні і аб нявыезьдзе.
Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
- Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «ЗБС „Бацькаўшчына“» дзейнічае з 1990 году, абʼядноўвае арганізацыі беларускай дыяспары больш як з 20 краін сьвету.
- Мэта ЗБС — кансалідацыя беларусаў і ў краіне, і па-за яе межамі на глебе павагі да гісторыі, культуры і мовы; аказаньне дапамогі беларусам іншых краін у абароне іх правоў як нацыянальнай меншасьці ў іншых краінах; заахвочваньне навуковых дасьледаваньняў па беларусазнаўстве, дасьледаваньне культурных сувязяў беларусаў зь іншымі народамі.
- Ганаровы старшыня ЗБС «Бацькаўшчына» акадэмік Радзім Гарэцкі лічыць, што «„Бацькаўшчына“ вельмі патрэбная раскіданым па ўсім сьвеце беларусам, бо без згуртаваньня, без інтэгральнага адраджэньня культуры, мовы, эканомікі яны ня змогуць пабудаваць свой самастойны дом, ня здолеюць захаваць сваю прысутнасьць у сьвеце як асобная нацыя».
- 14 ліпеня ў офісе адбыўся ператрус. Кіраўніца ЗБС Алена Макоўская і старшыня Рады Ніна Шыдлоўская — пад падпіскай аб неразгалошваньні.
«Имена»
- Дабрачынны праект «Имена» — некамэрцыйная мэдыяплятформа, дзе тысячы людзей зьбіраюць грошы на працу грамадзкіх арганізацый, якія вырашаюць сацыяльныя праблемы ў Беларусі.
- «Имена» зьбіраюць сродкі, да прыкладу, не на асобнае хворае дзіця з рэдкім нэрвова-цягліцавым захворваньнем, а на працу і функцыянаваньне арганізацыі, якая штодня дапамагае такім хворым. Да прыкладу, фонду «Геном», у якога каля сотні падапечных дзяцей (і дарослых).
- «Имена» зьбіраюць сродкі не аднаму ляжачаму самотнаму чалавеку, а патранажнай службе, якая аплачвае працу сясьцёр міласэрнасьці, што даглядаюць дзясяткі такіх людзей.
- «Имена» запушчаны 11 красавіка 2016 году. З таго часу людзі пералічылі на праект 6 966 998 рублёў.
- Сілавікі не адзін раз цікавіліся дзейнасьцю «Имён». 14 ліпеня адбыўся ператрус у офісе, а таксама ў кватэрах заснавальніцы праекту Кацярыны Сінюк і дырэктаркі Кацярыны Сяргеевай. Пасьля ператрусаў і допытаў абедзьвюх адпусьцілі пад падпіску аб неразгалошваньні.
Праваабарончая пляцоўка «Тэрыторыя правоў»
- Пляцоўка «Тэрыторыя правоў» бясплатна дае памяшканьне праваабарончым арганізацыям і ініцыятывам, іншым арганізацыям, якія займаюцца абаронай уразьлівых груп, для правядзеньня круглых сталоў, сэмінараў, сустрэчаў, дыскусіяў на тэму правоў чалавека.
- На пляцоўцы адбываюцца дыскусіі, праводзяцца сэмінары, уручэньні праваабарончых прэмій, прэзэнтацыі кніг, дасьледаваньняў «Вясны» ды іншых праектаў.
- 14 ліпеня на «Тэрыторыю правоў» прыйшлі сілавікі зь ператрусам. Кіраўніка пляцоўкі Андрэя Палуду затрымалі на 72 гадзіны.
«Гендэрныя пэрспэктывы»
- Праваабарончая арганізацыя сваімі мэтамі ставіць «садзейнічаньне такому грамадзкаму разьвіцьцю, пры якім жанчыны і мужчыны здольныя рабіць вольны сацыяльны выбар».
- «Гендэрныя пэрспэктывы» адмініструюць агульнанацыянальную гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801, аказваюць дапамогу пацярпелым жанчынам і мужчынам, праводзяць прафіляктычную працу, навучаюць адмыслоўцаў, настойваюць на прыняцьці ў Беларусі адмысловага заканадаўства аб хатнім гвалце.
- Яшчэ адзін праект «Гендэрных пэрспэктываў» — «Падлога ня столь»: прыцягненьне ўвагі да праблемы гендэрнай дыскрымінацыі на рынку працы.
- Старшыня праўленьня «Гендэрных пэрспэктываў» — Ірына Альхоўка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля ператрусу «Гендэрныя пэрспэктывы» спынілі кансультацыі пацярпелых ад хатняга гвалту
Цэнтар эканамічных дасьледаваньняў BEROC
- BEROC — вядучы незалежны акадэмічны цэнтар у галіне эканамічных дасьледаваньняў у Беларусі.
- Заснаваны ў 2008 годзе.
Місія BEROC — садзейнічаньне разьвіцьцю рынкавай эканомікі ў Беларусі шляхам стварэньня грамадзкага дыялёгу, эканамічны аналіз і экспэртызы высокай якасьці, адукацыйныя праграмы міжнароднага ўзроўню.
Сярод апошніх дасьледаваньняў — «Разьвіцьцё трансфэру тэхналёгій у Беларусі: два паралельныя вымярэньні» і «Стратэгія стварэньня і разьвіцьця харчовага банку ў Беларусі».
У камандзе BEROC —Кацярына Барнукова (акадэмічны дырэктар), Павал Данэйка (адміністрацыйны дырэктар), Леў Львоўскі, Зьміцер Крук.
Грамадзкае аб’яднаньне «Фонд імя Льва Сапегі»
- Фонд імя Льва Сапегі — беларускае асьветніцкае, грамадзкае, некамэрцыйнае аб’яднаньне, створанае 26 чэрвеня 1992 году з ініцыятывы дэпутатаў мясцовых Саветаў.
- Асноўныя сфэры дзейнасьці фонду — падрыхтоўка і правядзеньне рэформы мясцовага самакіраваньня, станаўленьне і разьвіцьцё NGО на рэгіянальным узроўні, абарона правоў і свабод чалавека ў лякальнай супольнасьці.
- Фонд аб’ядноўвае юрыстаў, эканамістаў, сацыёлягаў, выкладчыкаў, дэпутатаў мясцовых Саветаў, прадстаўнікоў культуры, прэсы і бізнэсу.
- Старшыня праўленьня фонду Льва Сапегі — Міраслаў Кобаса.
Акрамя гэтай дзясяткі, сілавікі прыйшлі ў Адукацыйны цэнтар «ПОСТ», у менскі офіс сацыялягічнай лябараторыі Novak, у Абʼяднаную грамадзянскую партыю, Партыю БНФ, рух «За свабоду», ПЭН-цэнтар ды іншыя NGO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынікі 14 ліпеня: 8 праваабаронцаў «Вясны» пад вартай, ператрусы адбыліся ў 23 арганізацыях