У рэдакцыю дабрачыннага онлайн-праекту «Имена» прыйшлі людзі ў масках. Пакуль што незразумела, што гэта за сілавікі і якія ў іх мэты.
Заснавальніца Кацярына Сінюк расказала Свабодзе, што ў офісе супрацоўнікаў яшчэ няма.
У бізнэс-цэнтры «Пакроўскі» сайту onliner.by паведамілі, што міліцыя прыходзіла, пакінулі «паперку» і сышлі.
Кацярына Сінюк, заснавальніца «Імёнаў» паведаміла, што прыходзіў міліцыянт з лістом з АБЭЗ, на які рэдакцыя адкажа на наступным тыдні.
Раней яна наракала, што праект можа спыніцца з прычыны беспрэцэдэнтнага крызісу і цяжкіх умоваў у краіне.
«Можа спыніцца дзейнасьць многіх праектаў, якія залежаць ад нас: Дом для дзяцей з анкалёгіяй, патранажная служба ў рэгіёнах, „Няня замест мамы“, Цэнтар дапамогі для дзяцей-сіротаў, сталовая для бяздомных і многія іншыя. Людзі літаральна моляць аб дапамозе. Але, каб дапамагаць далей і больш, нам самім патрэбна ваша падтрымка», — зьвярталася Кацярына Сінюк.
Праз крызіс ахвяраваньні ад бізнэсу на праекты, не зьвязаныя з набыцьцём сродкаў засьцярогі падчас пандэміі, упалі ў 3,5 раза. Пры гэтым нагрузка на каманду істотна вырасла. У чарзе па дапамогу новыя праекты, ад якіх адмовіліся буйныя спонсары або праз крызіс яны наогул ня могуць знайсці ніякіх спонсараў.
У розных краінах ўлады падтрымалі арганізацыі такога кшталту — найперш гаворка пра падатковыя вакацыі і адтэрміноўкі з абавязковымі плацяжамі. У Беларусі ні бізнэс, ні некамэрцыйныя арганізацыі не мелі ніякай палёгкі. А цяпер яшчэ замаячыла пэрспэктыва ператрусаў і перасьледу.