14 ліпеня па ўсёй Беларусі сілавікі затрымалі 11 праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама дваіх былых сяброў «Вясны». Восем праваабаронцаў затрымалі ў рамках крымінальных спраў паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў) на 72 гадзіны.
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны»
- Валянцін Стэфановіч, сябра Рады, намесьнік старшыні «Вясны»
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны»
- Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
- Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны»
- Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны»
- Яўгенія Бабаева, праваабаронца (грамадзянка Расеі)
- Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны» (Горадня)
Таксама на 72 гадзіны затрымалі жонку Уладзімера Лабковіча Ніну Лабковіч. Яна — дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band.
Пасьля ператрусаў і допытаў вызвалілі праваабаронцу «Вясны» з Барысава Алега Мацкевіча, праваабаронцу са Смаргоняў Алеся Дзергачова, былога сябра «Вясны» з Воршы Васіля Леўчанкава, праваабаронцу і рэдактара Orsha.eu Ігара Казьмерчака.
Былую сяброўку «Вясны» Марыну Статкевіч з Барысава ўчора ўвечары выпусьцілі пасьля допыту, але сёньня зноў выклікалі ў Сьледчы камітэт. Яна знаходзіцца на допыце ўжо каля 5 гадзін, піша «Вясна».
«Белсат» даведаўся, што 14 ліпеня міліцыянты правялі ператрусы ў кватэры старшыні і намесьніка старшыні моладзевай арганізацыі «Новые лица». У іх забралі статут арганізацыі, дакумэнты, чэкі за старыя пераводы не зьвязаныя з арганізацыяй. «Вясна» даведалася, што ператрус учынілі і ў «Офісе дапамогі і падтрымкі занятасьці моладзі «ЮларКансалт».
Без прысутнасьці ўдзельнікаў ініцыятывы Youth Labour Rights правялі ператрус у офісе гэтай арганізацыі. Яе заснавальніца і дырэктарка Крысьціна Рыхтэр пацьвердзіла факт ператрусу, паведаміўшы, што даведалася пра яго ад арэндадаўцы памяшканьня. У якой справе прыходзілі зь ператрусам, невядома.
Пра ператрус па юрыдычным адрасе ПЭН-цэнтру заявіла яго прадстаўніца Тацяна Нядбай. Паводле яе інфармацыі, у дачыненьні да арганізацыі прымяняецца 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Агульны сьпіс арганізацый, дзе 14 ліпеня ўлады ўчынілі ператрусы, уключае ў сябе 23 найменьні:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- Праваабарончая арганізацыя Lawtrend;
- Беларускі Хэльсынскі камітэт;
- Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»;
- Дабрачынны праект «Имена»;
- Праваабарончая пляцоўка «Тэрыторыя правоў»;
- Праваабарончая арганізацыя «Гендэрныя пэрспэктывы»;
- Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ);
- Саюз беларускіх пісьменьнікаў;
- Партыя БНФ;
- Рух «За свабоду»;
- Цэнтар эканамічных дасьледаваньняў BEROC;
- Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацый;
- ГА «Цэнтар „Трэці сэктар“» з Горадні;
- Цэнтар інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва «Адвакацыя»;
- Грамадзкае аб’яднаньне «Фонд імя Льва Сапегі»;
- Адукацыйны цэнтар «ПОСТ»;
- Менскі офіс сацыялягічнай лябараторыі Novak;
- Аб’яднаная грамадзянская партыя;
- Моладзевая арганізацыя «Новые лица»;
- Офіс дапамогі і падтрымкі занятасьці моладзі «ЮларКансалт»;
- Ініцыятыва Youth Labour Rights;
- Беларускі ПЭН-цэнтар.