Аліна Стэфановіч паведаміла, што іх з Валянцінам дзеці спалі, калі ў дом пачалі грукацца міліцыянты. Сілавікі забралі адзін вялікі і два малыя бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама кампутары і тэлефоны, у тым ліку дзіцячыя. Забралі і цацачны пісталет.
Паколькі дзеці непаўналетнія, візыт сілавікоў у хату ў любым выпадку засьпеў сям’ю зьнянацку, прызналася Аліна Стэфановіч.
Паводле Аліны Стэфановіч, што дакладна ня ўдасца зрабіць уладам у выніку арыштаў лідэраў «Вясны» — паралізаваць працу праваабарончага цэнтру. Паводле інфармацыі жонкі Валянціна Стэфановіча, ягоныя калегі даўно вызначылі, якім чынам будзе працаваць арганізацыя ў выпадку крымінальных спраў і арыштаў яе лідэраў. А таму ў «Вясьне» ёсьць шэраг людзей, якія працягваюць бараніць правы беларусаў, цэнтар будзе працаваць.
14 ліпеня па ўсёй Беларусі сілавікі затрымалі 11 праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама дваіх былых сяброў «Вясны». Васьмёх праваабаронцаў затрымалі ў рамках крымінальных спраў паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў) на 72 гадзіны.
Сьпіс затрыманых:
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны»
- Валянцін Стэфановіч, сябра Рады, намесьнік старшыні «Вясны»
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны»
- Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
- Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны»
- Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны»
- Яўгенія Бабаева, праваабаронца (грамадзянка Расеі)
- Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны» (Горадня)
Таксама на 72 гадзіны затрымалі жонку Ўладзімера Лабковіча Ніну Лабковіч. Яна дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band.
Пасьля ператрусаў і допытаў вызвалілі праваабаронцу «Вясны» з Барысава Алега Мацкевіча, праваабаронцу са Смаргоняў Алеся Дзергачова, былога сябра «Вясны» з Воршы Васіля Леўчанкава, праваабаронцу і рэдактара Orsha.eu Ігара Казьмерчака.