«Я беларуска і маю права на свабоду думкі». Што казалі фігуранты «справы студэнтаў» у апошнім слове

Адна зь фігурантак "справы студэнтаў" Алана Гебрэмарыям, архіўнае фота

У Савецкім раённым судзе Менску падыходзіць да завяршэньня працэс над 12 студэнтамі, выпускніцай і выкладчыцай. Усіх вінавацяць у арганізацыі пратэстаў летась увосень. 

12 ліпеня скончыліся судовыя спрэчкі, і падсудным далі магчымасьць выступіць з апошнім словам. Ад такога права адмовіўся толькі Ягор Канецкі.

Глеб Фіцнэр, які цалкам прызнае віну, абмежаваўся кароткім выступам, у якім паўтарыў, што раскайваецца і абавязваецца не парушаць закон.

Вось што казалі ў апошнім слове астатнія 10 падсудных.

«Я застануся свабодным чалавекам». Ільля Трахтэнбэрг

Былы студэнт БДУ адразу заявіў, што няма доказаў таго, што ён уступаў у змову зь іншымі падсуднымі для арганізацыі пратэстаў студэнтаў, у чым яго абвінавачваюць. Няма, паводле падсуднага, і сувязі паміж падзеямі на тэрыторыі БДУ і ягонымі допісамі ў чаце.

«Хай бы знайшлі хоць аднаго студэнта, які пайшоў на акцыю пад уплывам маіх допісаў», — сказаў Ільля Трахтэнбэрг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Студэнтаў забіраюць проста з заняткаў, выкладчыкаў звальняюць». На судзе над студэнтамі гучыць іх перапіска

Ільля мяркуе, што не было і грубых парушэньняў грамадзкага парадку ў БДУ. Ён спаслаўся на сьведку, прарэктара БДУ Івана Янушэвіча, які засьведчыў, што акцыі студэнтаў у БДУ не парушалі навучальнага працэсу.

«Гэтая крымінальная справа выключна палітычна матываваная», — мяркуе Ільля Трахтэнбэрг. Студэнт запэўніў, што ня быў пад уплывам «нейкіх людзей зь іншых краін». Пра тое, што зь ім адбылося, Ільля ня выказаў ані слова шкадаваньня.

«Я застануся свабодным чалавекам», — скончыў выступ Ільля.

Фігуранты «справы студэнтаў»

«Будзем жыць у вольнай краіне, пабудаванай нашымі рукамі». Вольга Філатчанкава

Былая выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава выступала па-беларуску.

«Мне выпаў гонар выкладаць у адной з найлепшых ВНУ краіны. І рабіла я гэта не за грошы, а за сумленьне», — сказала ў судзе Вольга Філатчанкава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Свая галава на плячах». Фігуранты «справы студэнтаў» не прызнаюць віны

Яна кажа, што атрымлівала задавальненьне ад выкладаньня і кантактаў з моладзьдзю, для якой не пашкадавала найлепшых словаў.

«Але, на вялікі жаль, цяперашняя сытуацыя прымушае шмат каго зь іх пакінуць родную Беларусь. А ўсё з-за таго, што яны не пабаяліся выказаць свае думкі, што гарантавана Канстытуцыяй», — мяркуе Вольга Філатчанкава.

Потым былая выкладчыца загаварыла пра тых маладых людзей, якія знаходзяцца разам зь ёй у жалезнай клетцы. На думку Вольгі, яны маглі б атрымліваць новыя веды, рабіць шмат карыснага, але ўжо 8 месяцаў знаходзяцца за кратамі.

«Веру што мы будзем жыць у вольнай краіне, пабудаванай нашымі рукамі. У краіне, дзе шчырасьць у людзях будзе цаніцца найбольш. Хочацца, каб гэты час надышоў хутчэй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Польшчы запэўніў, што краіна мае сродкі на дапамогу ўсім рэпрэсаваным беларускім студэнтам

У канцы прамовы Вольга Філатчанкава падзякавала ўсім родным і асабліва дачцэ Машы, якой праз тры дні будзе 8 гадоў: «У думках абдымаю цябе моцна-моцна і люблю», — зьвярнулася яна да дачкі.

«Я маю права на свабоду думкі». Анастасія Булыбенка

Былая студэнтка БНТУ Анастасія Булыбенка пачала з заявы, што ня лічыць сябе вінаватай, але мусіла правесьці 8 месяцаў у СІЗА за свае думкі.

«Я беларуска і маю права на свабоду думкі. Але я ніколі не выходзіла за межы закону. Я не злачынца», — сказала Анастасія.

Паводле дзяўчыны, яна выйшла на пратэст супраць гвалту, беззаконьня і ілжы. Анастасія настойвае на тым, што яе мэта як студэнткі ВНУ — ня толькі набыць веды, але і раскрыцца як асоба.

«Мы — пакаленьне талерантнасьці, свабоды і жаданьня зьмяніць сьвет да лепшага», — сказала суду Анастасія Булыбенка. Зьвяртаючыся да залі, дзяўчына запэўніла, што ёй «усё яшчэ балюча, але ўжо ня страшна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе трымаюцца годна». Як 12 чалавек судзяць у «справе студэнтаў»

Былая студэнтка мэхмату БДУ Тацяна Якельчык паўтарыла суду тое, што казала на допыце. Сказала, што ўсе свае дзеяньні рабіла паводле сумленьня і ніколі не парушала законаў Беларусі. Тацяна папрасіла суд не пазбаўляць усіх падсудных у гэтай справе волі, даць студэнтам магчымасьць давучыцца і вынесьці адзіны магчымы прысуд — апраўдальны.

«Люблю Беларусь з усімі яе плюсамі і мінусамі». Кася Будзько

Актывістка ЗБС Кася Будзько, якая навучалася ў Пэдагагічным унівэрсытэце, патлумачыла, што вельмі хвалюецца і будзе зачытваць апошняе слова з паперы.

«Хачу пахваліць нас усіх за тое, што мы пратрымаліся. Усе вельмі цікавыя і разумныя людзі», — сказала Кася Будзько пра фігурантаў «справы студэнтаў».

Паводле дзяўчыны, за 8 месяцаў у СІЗА яна пабачыла зрэз грамадзтва і пераканалася, што яно дагэтуль баіцца праблем, закрывае на іх вочы, бо гэтак лягчэй, але ў яе іншы шлях.

«Люблю Беларусь з усімі яе плюсамі і мінусамі, нават пасьля гэтых 8 месяцаў», — кажа Кася. Дзяўчына сказала шмат добрых словаў пра бацькоў, бабуль і ўсіх у залі, хто падтрымлівае падсудных. На думку Касі Будзько, такая салідарнасьць беларусаў абавязкова дасьць плён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адлічвалі студэнтаў за акцыі. Хто і чаму з кіраўніцтва ВНУ трапіў у санкцыйныя сьпісы

Марыя Каленік, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пачала прамову са словаў пра Беларусь, яе будучыню, пра тое, як яе выхоўвалі ў любові да сваёй краіны.

«8 месяцаў я была зь людзьмі, якія таксама пацярпелі за выказваньне сваёй пазыцыі», — згадала Марыя час у няволі і заявіла, што, як і яны, «ня можа прызнаць віну».

«Тыя 8 месяцаў не пераканалі мяне, што страх лепшы за давер». Яна Арабейка

Былая студэнтка БДПУ Яна Арабейка апісала сваё затрыманьне 12 лістапада 2020 году супрацоўнікамі КДБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вазьму ейнае прозьвішча». Хлопец сёмы месяц носіць перадачкі каханай дзяўчыне і хоча ажаніцца. Відэа

«8 месяцаў таму нас завялі ў СІЗА, поўнае страху і жаху», — сказала дзяўчына і згадала, што зь ёю ды іншымі фігурантамі справы гэта рабілі такія ж маладыя людзі. У гэтым месцы прамовы дзяўчына ледзь не дала волі сьлязам. Потым з удзячнасьцю расказвала пра тое, што перажыла ў зьняволеньні. Згадала, як яе навучылі танцаваць кракавяк, падарылі самую лепшую віншавальную паштоўку, навучылі розным побытавым сакрэтам.

Той час за кратамі не пераканаў у тым, што страх лепшы за давер, падсумавала Яна Арабейка.

«Я ганаруся тым, што беларуска». Алана Гебрэмарыям

Выпускніца МДМУ Алана Гебрэмарыям абвергла абвінавачаньні ў арганізацыі і каардынаваньні студэнцкіх пратэстаў. Яна сьцьвярджае, што мала каго знала з тых, з кім цяпер сядзіць на адной лаве падсудных. Алана згадала, што са жніўня была пад пільнай увагай спэцслужбаў, але рэальных доказаў яе «арганізатарскай ролі» так і не прадстаўлена.

«Зь дзяцінства я хацела прысьвяціць сябе дапамозе людзям і таму абрала прафэсію лекара. Я мірны чалавек, але рашуча супраць дыскрымінацыі, зьнявагі і гвалту», — казала Алана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Віны не прызнаю. У чым вінавацяць, не разумею». На працэсе ў «справе студэнтаў» зачыталі абвінавачаньне і пачалі допыт сьведак

«Калі студэнты паспрабавалі дамагчыся дыялёгу з кіраўніцтвам ВНУ, я не магла не далучыцца і не паведаміць ім пра магчымасьць навучаньня за мяжой», — сказала Алана пра свае кантакты са студэнтамі.

«Не павінны студэнты знаходзіцца ў турмах — гэта шлях у нікуды. Яны дакладна не злачынцы», — сьцьвердзіла Алана Гебрэмарыям.

Дзяўчына нагадала суду пра тое, што «закон павінен дзейнічаць для ўсіх, а калі ён дзейнічае для аднаго, гэта ненармальна». Для ўсіх падсудных Алана запатрабавала апраўдальнага прысуду і ў канцы прамовы сказала, што ганарыцца тым, што яна беларуска.

«Хіба згадваць Канстытуцыю — гэта злачынства?» Ксенія Сырамалот

Ксенія Сырамалот навучалася на філязофскім факультэце БДУ. У апошнім слове дзяўчына сказала, што бацькі навучылі яе спагадзе і любові да іншых людзей, і яна ганарыцца бацькамі і тым, што яе выхавалі менавіта гэтак.

Паводле Ксеніі, у матэрыялах справы ёсьць доказы таго, што яна таленавітая і ўмее дапамагаць людзям, а вось доказаў зьдзяйсьненьня злачынстваў там няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выкрадаючы моладзь, урад выкрадае будучыню». Студэнтаў пакідаюць у СІЗА КДБ

Восеньню 2020 году дзяўчына брала ўдзел у запісе відэазвароту студэнтаў і выкладчыкаў БДУ і цяпер, у апошнім слове, згадала той выступ. Сказала, што ў ім ані слова няма пра страйк, а дэкляруюцца рэчы, прапісаныя ў Канстытуцыі.

«Хіба згадваць Канстытуцыю — гэта злачынства?» — спытала Ксенія і паабяцала, што калі суд прызнае злачынствам дапамогу людзям, яна зразумее.

Ксенія не выключае ад’езду з краіны таленавітых людзей — навукоўцаў, айцішнікаў, архітэктараў і мастакоў — якіх не задавальняе адсутнасьць свабоды.

«Хай тады не пытаюцца, чаму яны зьехалі. Таму што мы тут», — кажа Ксенія Сырамалот.

«Беларусь — для мяне дом, а беларусы — вялікая сям’я». Вікторыя Гранкоўская

Вікторыя Гранкоўская вучылася ў БНТУ, была старастай групы і паверху ў інтэрнаце, атрымлівала падвышаную стыпэндыю. Вікторыя падзялілася сумненьнямі: спачатку яна не зьбіралася выступаць, але потым вырашыла сябе перамагчы. Але ўсё роўна гаварыла скрозь сьлёзы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы мусім дамагчыся перамогі сваімі рукамі». Суд над студэнтамі праходзіць пад гукі незавершанай будоўлі

Вікторыя згадала падзеі жніўня, якія, па яе словах, «моцна паўплывалі на ўсіх нас». Сказала, што ніколі не мірылася і ня будзе мірыцца з гвалтам над мірнымі людзьмі, ды згадала сваю бабулю, якая яе вучыла не мірыцца з гвалтам і прыніжэньнем. «Беларусь для мяне дом, а беларусы — вялікая сям’я», — сказала Вікторыя Гранкоўская ў апошнім слове. Яна згадала, як яе зь дзяцінства вучылі спачуваньню.

«Я нікога не заклікала і не навучала, але спрабавала быць пасярэднікам паміж студэнтамі і рэктаратам», старалася дамовіцца аб сустрэчы, казала Вікторыя. Але 1 верасьня яе затрымалі проста на тэрыторыі БНТУ, і гэтых падзей дзяўчына забыць ня можа. Яна згадала, як два маладыя чалавекі ў чорнай вопратцы цягнулі яе па двары ўнівэрсытэту, яна крычала, клікала дапамогу, зьвярталася да ахоўнікаў, але ніхто ёй тады не дапамог. Але на наступны дзень некалькі бацькоў прыйшлі і заступіліся за яе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дайце маладым шанец». На працэсе па справе студэнтаў дапыталі сьведак зь вядучых менскіх ВНУ

«Мы, студэнты, зусім неабароненыя. Ня ведаеш, калі і дзе цябе забяруць — вось чаго мы баяліся. Я ніколі ня думала, што буду баяцца людзей у форме, у мяне шмат знаёмых афіцэраў, але цяпер, калі бачу чалавека ў форме, я яго баюся», — прызналася Вікторыя Гранкоўская. У канцы прамовы яна сказала, што працягвае верыць, што сумленных людзей больш. «Прашу вынесьці справядлівае рашэньне адносна ўсіх», — зьвярнулася з апошнім словам да суду Вікторыя Гранкоўская.


Прысуд у «справе студэнтаў» будзе абвешчаны 16 ліпеня ў 11.30.