У ліпені ў Літве затрымалі рэкордныя патокі мігрантаў, якія імкнуцца далей у іншыя краіны ЭЗ. Літва прыцягвае дзьве групы людзей — маладыя самотныя людзі, якія шукаюць новага жыцьця, і сем’і, некаторыя з маленькімі дзецьмі на руках.
«Ліпень рэкордны, 848 затрыманых мігрантаў, хоць ліпеня прайшло ўсяго восем дзён. Амаль удвая менш затрыманых у чэрвені — 473, у траўні 77, у красавіку 70 мігрантаў. Крывая даволі крутая, хоць у апошнія дні колькасьць затрыманых не перавышае сотні», — сказаў Delfi Гедрус Мішуціс, прадстаўнік памежнай службы Літвы.
Паводле яго, большасьць асобаў, якія спрабуюць трапіць у Друскенікі — гэта грамадзяне Афрыкі, маладыя людзі, 20-24-гадоў, нежанатыя, якія вандруюць бязь семʼяў. «Сярод іх былі выпадкі канфліктных паводзінаў і непадпарадкаваньня», — сказаў Мішуціс. Іншая частка мігрантаў, большасьць зь якіх — грамадзяне Іраку, гэта семʼі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хай калектыўны Захад ня крыўдзіцца, што да іх пабеглі». Макей пра ролю Беларусі ў мігранцкім крызісе«У семʼях ёсьць мужчыны, жанчыны, непаўналетнія, малалетнія і нават вельмі маленькія дзеці, якіх носяць на руках. Паводзіны семʼяў больш спакойныя. Яны слухаюцца, часта, убачыўшы памежнікаў, ідуць да іх, каб папрасіць прытулку», — сказаў прадстаўнік літоўскай памежнай службы.
У цэлым большасьць затрыманых мігрантаў — грамадзяне Іраку, таксама ёсьць грамадзяне Конга, Камэруну, Гвінэі, Ірану.
Паводле Мішуціса, ёсьць праблема камунікацыі зь імі, паколькі большасьць зь іх размаўляюць толькі на мове сваёй краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: DELFI: Літоўскі бізнэс ня бачыць магчымасьці працаўладкаваньня нелегальных мігрантаў«Сустракаюцца таксама расейска- і англамоўныя. Цяпер ёсьць людзі, якія гавораць па-француску, у Друскенікі часьцей едуць грамадзяне афрыканскіх краінаў. Аднак большасьць зь іх гавораць толькі на мовах краіны свайго паходжаньня. Хоць усякае бывае. Часам яны ня кажуць, што ведаюць мовы. Толькі пазьней высьвятляецца, што яны разумеюць расейскую мову», — сказаў Мішуціс.
Усіх затрыманых мігрантаў правяраюць на ковід. На працягу ліпеня было выяўлена 23 выпадкі захворваньня. Пры выяўленьні захворваньня такіх людзей аддзяляюць ад астатняй групы і адпраўляюць на лячэньне ў рэабілітацыйны шпіталь.
Прадстаўнік памежнай службы ня выключыў, што могуць быць адзінкавыя выпадкі, калі мігранты перасякаюць мяжу і застаюцца незаўважанымі. «Напэўна, няма ніводнай краіны ў свеце, якая заяўляе, што такія рэчы гарантаваныя на сто працэнтаў» — сказаў Мішуціс.