Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва ўзмацніла ахову на мяжы зь Беларусьсю


Ілюстрацыйнае фота. Літоўскі памежнік патрулюе мяжу, чэрвень 2021 году
Ілюстрацыйнае фота. Літоўскі памежнік патрулюе мяжу, чэрвень 2021 году

Зь 10 ліпеня літоўскія вайскоўцы пачалі дапамагаць памежнікам ахоўваць мяжу зь Беларусьсю.

Пра гэта ў эфіры нацыянальнага радыё LRT паведаміў начальнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы генэрал Рустамас Любаевас. Агулам да патруляваньня і аховы мяжы прыцягнулі 260 вайскоўцаў.

9 ліпеня на літоўска-беларускай мяжы таксама пачалі працу 10 супрацоўнікаў падразьдзяленьня эстонскай паліцыі і памежнай службы ESTPOL5 — яны будуць патруляваць мяжу ў раёне Друскенікаў — менавіта ў гэтым раёне на мінулым тыдні часьцей за ўсё фіксавалі парушэньні перасячэньня мяжы, паведамляе Памежная служба Літвы.

З раніцы 9 ліпеня на раніцу 10 ліпеня, паводле папярэдніх зьвестак, памежнікі затрымалі 31 мігранта зь Беларусі, які незаконна перасёк мяжу. У ліпені гэта была найменшая колькасьць мігрантаў, якія спрабавалі перасячы мяжу за дзень.

З пачатку года ў Літве затрымалі 1 577 нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў рэспубліку з тэрыторыі Беларусі. Гэта амаль у 20 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. Урад 2 ліпеня ў сувязі з міграцыйным крызісам аб’явіў у краіне рэжым надзвычайнай сытуацыі.

Літва значна ўзмацніла ахову на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з наплывам мігрантаў. Цяпер літоўскім памежнікам дапамагаюць ахоўваць мяжу чальцы Саюза стралкоў Літвы, а таксама супрацоўнікі сыстэмы ўнутраных спраў. Паводле Рустамаса Любаеваса, мяжа зь Беларусьсю знаходзіцца ў зоне адказнасьці 17 памежных застаў з 550 памежнікамі.

Учора на мяжы зь Беларусьсю пачалі будаваць драцяную агароджу. Агулам заплянавана ўстанавіць 550 кілямэтраў калючага барʼеру (працягласьць мяжы Літвы зь Беларусьсю складае 678,8 км), таксама прынята рашэньне пачаць будаўніцтва плоту на мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG