Пра гэта нацыянальнаму парталу тэлерадыёвяшчаньня ERR паведаміў начальнік памежнага кантролю Дэпартамэнту паліцыі і памежнай аховы Эстоніі Эгерт Белічаў.
«Навіны зь Літвы, дзе паток бежанцаў у параўнаньні зь мінулым годам вырас у 20 разоў, выклікаў заклапочанасьць. У нашым ведамстве ня вераць, што ў Эстоніі можа паўтарыцца літоўска-беларускі сцэнар. Але калі міграцыйная плынь зменіць кірунак на поўнач, Эстонія апынецца на шляху руху нелегалаў. Таму мы ўжо прынялі адпаведныя меры», — адзначыў эстонскі чыноўнік.
Па яго словах, фактычна ўзводзіцца новая памежная інфраструктура на ўсходняй мяжы.
«Мы хочам, каб нелегальна трапіць у Эстонію было складана. Гэта тычыцца ня толькі агароджы, а і ўсяго маніторынгавага абсталяваньня. Яно дае нам поўнае ўяўленьне пра тое, што адбываецца на мяжы. Сёньня мы павялічылі ўзровень гатоўнасьці, частату патруляваньня і колькасьць патрулёў як на зьнешняй мяжы Эўразьвязу, так і на ўнутранай», — канстатаваў Эгерт Белічаў.
У Літве з-за наплыву мігрантаў з Блізкага Ўсходу і краін Афрыкі з боку Беларусі абвешчаная надзвычайная сытуацыя. Афіцыйная Вільня лічыць, што беларускія ўлады сьвядома гэтаму спрыяюць.
Літва выдаткавала 5 млн эўра на ўстаноўку плоту з калючага дроту ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.
У сваю чаргу Эстонія накіравала на дапамогу літоўскім памежнікам 10 спэцыялістаў з аўтамабілямі, дронамі ды іншымі сродкамі для аховы мяжы.