«Важна з павагай ставіцца да таго, што адбываецца ў дзіцяці»
Псыхоляг адзначае, што існуе вялікая розьніца паміж эміграцыяй добраахвотнай і прымусовай.
«Калі мы кажам пра тэрміновую ці прымусовую эміграцыю, то гэта, вядома, больш моцны стрэс-фактар. Самі бацькі знаходзяцца ў стрэсавым стане і не пасьпяваюць падрыхтавацца, прадумаць асноўныя пазыцыі: дзе яны будуць жыць, дзе дзіця будзе вучыцца».
У такой сытуацыі бацькам вельмі цяжка адказваць на пытаньні дзяцей, бо найчасьцей яны самі ня маюць адказаў. Але да добраахвотнай эміграцыі можна падрыхтавацца.
«Тут бацькі могуць адказаць дзіцяці выразна на пытаньні, як быць зь сябрамі або сфэрай інтарэсаў, якая ў яго ёсьць цяпер, з тымі ж трэніроўкамі, напрыклад. Гэта істотна можа зьнізіць градус напружаньня і трывогі», — кажа Вікторыя Мельнікава.
Як дзіця ўспрыме эміграцыю, залежыць і ад яго ўзросту. Для малых дзетак прыклад — бацькі. Зь першай клясы ў школе гэты фокус ссоўваецца ў бок настаўніка, бацькі становяцца менш аўтарытэтнымі, але ўсё роўна займаюць вялікую ролю ў жыцьці дзіцяці.
«Для падлеткаў аўтарытэт — аднагодкі. Ім можа быць цяжэй, бо яны ў сувязі з эміграцыяй павінны адмаўляцца ад свайго кола зносінаў, ад значнага асяродзьдзя. Вядома, у падлеткаў узьнікаюць страхі: што, калі я там не змагу знайсьці сабе сяброў? А як я буду бяз гэтых сяброў? А што, калі мы на дыстанцыі ня зможам мець зносіны і нашае сяброўства спыніцца? Гэта вельмі шмат дадае трывогі ў падлеткавым узросьце».
Каб падрыхтаваць дзяцей да пераезду, па-першае, вельмі важна зь імі размаўляць, даваць прастору і час для перажываньня пачуцьцяў, якія нараджаюцца ў гэтай сытуацыі.
«Вядома, першая рэакцыя, як правіла, бурная. Дзеці могуць злавацца, сумаваць, хвалявацца, плакаць — гэта нармальна. Канечне, у дзіцяці нараджаюцца нейкія перажываньні, і важна аддаваць гэтаму ўвагу, не спрабаваць неяк блякаваць, абясцэньваць пачуцьці і казаць: „Ты што, не разумееш? Нам тут пагражае небясьпека“. Вельмі важна з павагай ставіцца да таго, што адбываецца ў дзіцяці, бо ў яго свой сьвет, свае каштоўнасьці, сваё бачаньне таго, што робіцца цяпер, у тым ліку і ў палітычным пляне. Яны ж не ў цяпліцах растуць. Яны таксама вымушаныя неяк спраўляцца з тым, што адбываецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтыя дзеткі ня змогуць паехаць ні да бабулі, ні ў летнік». У Літве зьбіраюць сродкі, каб адвезьці дзяцей пацярпелых на мораБацькі павінны быць гатовыя, што адаптацыя дзяцей запатрабуе і ад іх намаганьняў.
«Чым меншае дзіця, тым большая імавернасьць таго, што, акумуляваўшы напружаньне, яно будзе спрабаваць гэта разрадзіць нейкай гістэрыкай, дрэннымі паводзінамі, капрызамі „не хачу, ня буду“, — тлумачыць псыхоляг. — Так мы ўладкаваныя, што дзеці заўсёды ведаюць тую кнопку, на якую трэба націснуць, каб бацькі разрадзіліся і каб да яго вярнуліся нармальныя мама ці тата».
Не абясцэньвайце пачуцьці дзіцяці
У выпадку з падлеткамі цяжкім момантам у пераезьдзе можа стацца тое, што ім давядзецца пакінуць сваё першае каханьне.
«Тут варта казаць: «Я разумею, як для цябе гэта важна, і я разумею, што для цябе гэта вельмі балюча. І я абяцаю табе, што буду садзейнічаць таму, каб вашы адносіны працягнуліся, але на сёньняшні дзень...». І далей прагаворваць тыя прычыны, дзеля якіх вы мусіце ехаць, — раіць Вікторыя. — Шмат прыкладаў, калі пераезд спрыяе толькі ўмацаваньню такіх адносінаў, але ёсьць выпадкі адваротныя, і пра гэта таксама варта казаць: «Так, гэта праверка. Магчыма, што вашыя стасункі зьменяцца. Але калі гэта сур’ёзна, то праверка толькі пакажа, што гэта сапраўды назаўсёды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Павезьлі, не сказалі куды». Аповед маці і адваката 20-гадовага расейца, арыштаванага ў Менску за агучваньне апазыцыйных ролікаўВельмі важна ў такой размове не абясцэньваць, што ў вашага дзіцяці адбываецца нешта вельмі важнае, як першае каханьне.
«Ні ў якім разе нельга казаць: „Ды ведаеш, колькі ў цябе яшчэ такіх дзяўчатак будзе! Там у цябе будзе больш магчымасьцяў!“. Гэта ўсё для падлетка зусім ня важна. Важна толькі тое, што вось тут і цяпер нейкі каштоўны сьвет руйнуецца. Падлетак будзе перажываць гэта вельмі балюча, ён будзе злавацца на бацькоў, можа казаць: „Я нікуды не паеду“. Варта прадумваць варыянты, прагаворваць магчымыя рызыкі, якія могуць існаваць», — тлумачыць псыхоляг.
«Дзіця можа гуляць у затрыманьні і ператрусы»
Шмат вымушаных перасяленцаў расказваюць, што нават пасьля пераезду застаецца страх паліцыі, бусаў, на якіх езьдзілі сілавікі, страх затрыманьня і іншага. Зь дзецьмі, якія бачылі гвалт, усё крышку іначай, бо ў іх вельмі гнуткая псыхіка, кажа псыхоляг.
«Шмат разоў здаралася, што на кансультацыях, калі ты бацькам кажаш, ува што ім выдатна будзе пагуляць зь дзіцем, бацькі адказваюць: „Ой, ён сам у гэта любіць гуляць“. І я кожны раз дзіўлюся, наколькі ўсё ж такі мудрая наша псыхіка, асабліва дзіцячая. Бывае, дзіця пачынае ў нешта такое гуляць траўматычнае для дарослых, у затрыманьні, ператрусы, альбо робіць шмат малюнкаў з гвалтам. І важна, што такія гульні спрыяюць нэрвова-эмацыйнай разрадцы ўнутры псыхікі», — кажа Вікторыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У такіх людзях, як беларусы, вера не памірае». Парады псыхатэрапэўткі тым, хто вымушана пакінуў краінуГульня — гэта адзін са спосабаў, каб псыхіка магла пераварыць тое, што здарылася.
«Калі дзіця нараджаецца, у яго ёсьць эмацыйны „кантэйнэр“ унутры, як маленькі рондальчык для таго, каб пераварыць усё, што адбываецца. Калі ж яно само не спраўляецца, пачынае карыстацца „кантэйнэрам“ дарослага, часьцей за ўсё мамы, — тлумачыць псыхоляг. — Мама, як бы пераварваючы, кажа: „Так, ты зараз злуесься. Гэта нармальна, таму што я выключыла мульцікі“, „Сапраўды тое, што здарылася, — гэта гвалт і так быць не павінна, наша псыхіка такім чынам спраўляецца і табе хочацца ў гэта гуляць, я разумею“».
Сталеючы, дзіця пачынае самастойна «пераварваць» свае эмоцыі, і ў яго няма патрэбы карыстацца «кантэйнэрам» мамы і таты.
Варта вучыць дзяцей ацэньваць інфармацыю і выпрацоўваць свой пункт гледжаньня
Псыхоляг лічыць, што дзецям важна расказваць, што адбываецца ў краіне. Але рабіць гэта ў такой форме, у якой дзіця здольнае гэта пераварыць, што залежыць ад узросту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці кажа, што АМАП вельмі клясны». Як жывуць сем’і, дзе канфліктуюць праз палітыку«Напрыклад, калі мы гаворым пра дашкольны ўзрост, то мы ня можам стварыць такое асяродзьдзе, каб дзіця было „пад каўпаком“ і не заўважала таго, што адбываецца навокал — з бацькамі, як яны хвалююцца і перажываюць праз усе гэтыя падзеі. Малым дзеткам можна расказваць пра злога караля, які хоча панаваць у каралеўстве, у яго ёсьць чорныя слугі, якія ўсіх, хто думае інакш, спрабуюць затрымліваць і караць», — кажа псыхоляг.
У школе ўвага дзяцей да сытуацыі ў краіне можа зьяўляцца праз навязваньне. Добра, калі настаўніку ўдаецца заняць нэўтральную пазыцыю, быць буфэрам паміж школьнай адміністрацыяй і дзецьмі. Але так здараецца не заўсёды, кажа псыхоляг, і дзеці мусяць адаптавацца. Калі думкі ў клясе розьняцца, малым з гэтым таксама трэба нешта рабіць.
«Прыкмета здароўя, калі дзіця можа прынесьці пытаньні бацькам: „А ведаеш, Вася кажа, што тыя, хто зьехалі, — здраднікі радзімы“. І калі дзіця пра гэта з вамі ўжо загаворвае, яно шукае адказаў. Вельмі каштоўна, што дзіця прынесла гэта вам, значыць, яно даражыць вашым пунктам гледжаньня, спрабуе вучыцца думаць крытычна. У сваю чаргу, уменьне крытычна думаць і ацэньваць інфармацыю, выпрацоўваць свой пункт гледжаньня — вельмі важныя складнікі для таго, каб ня стаць спажыўцом прапаганды. Можна задаваць дзіцяці пытаньні: „Як ты сам лічыш? Хіба таго, што людзі зьехалі, дастаткова, каб лічыць іх здраднікамі радзімы? А што, калі яны зьехалі, бо была пагроза іх свабодзе? Хочаш, я з табой падзялюся сваёй думкай?“. Можна не даваць выразных адказаў, каб дзіця сфармавала думку само».
Заканчваць такія размовы псыхоляг раіць словамі ўдзячнасьці дзіцяці, што яно дзеліцца з вамі сваімі думкамі, бо важна падтрымаць яго памкненьне размаўляць з вамі на розныя тэмы.
«Мы вучым выбудоўваць балянс паміж «я» і «мы»
Бывае, дзеці пачынаюць часта прасіць купіць ім нешта, напрыклад, цацкі. Тут бацькам трэба разгадаць, што дзіця спрабуе такім чынам кампэнсаваць.
«Часам гэта вынік унутранай трывогі, і дзіцяці здаецца, што з новай цацкай яно зможа адцягнуць увагу ад гэтага. Такая засяроджанасьць на матэрыяльным цяпер вельмі ўласьцівая новаму пакаленьню. Дзеці імкнуцца атрымаць уражаньні, хоць многія бацькі адзначаюць, што з цацкай гуляюцца першыя 4 гадзіны, а потым пра яе забываюцца. Наша задача ўсё ж такі спрабаваць убачыць, што трэба дзіцяці па-за гэтай цацкай. Важна сфармаваць у дзіцяці правільную культуру спажываньня, паказваць, што ёсьць іншая магчымасьць атрымаць уражаньні», — кажа псыхоляг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захаваць стасункі ці адстаяць пазыцыю?» Псыхоляг пра тое, як не пасварыцца з блізкімі праз палітыкуЗусім нармальна, што дзеці хочуць нечага, што ёсьць у іхных аднагодкаў. Варта стварыць прыемнае адчуваньне перад «сустрэчай» з новай цацкай, дамовіцца зь дзіцем набыць яе праз тыдзень, напрыклад, і трымаць сваё слова.
Таксама важна спраўдзіць, кажа псыхоляг, ці ня ёсьць гэтае спажываньне спробаю кампэнсаваць недахоп вашай увагі. Можна задаваць дзіцяці такія пытаньні: «Якія ты ведаеш гульні з гэтай цацкай? Вось мы табе купім яе, а ўва што ты будзеш гуляць?».
Яшчэ адна добрая ідэя, каб рэгуляваць такія дзіцячыя пажаданьні, — «журнал падарункаў».
«Запісваем туды сямейнікаў і дамаўляемся, што, напрыклад, нядзеля — гэта дзень падарункаў. Вось тата купляе вуду, значыць, у чарзе чакаюць мама, сын ці дачка. Мама купіла сабе памаду, значыць, наступная — цацка дзіцяці. Гэта магчымасьць паказаць, што каштоўныя і важныя жаданьні ёсьць у кожнага з нас: «Глядзі, мы табе купілі вось гэта і гэта, а ў таты яшчэ ніводнага падарунка не было». Так мы вучым дзіця выбудоўваць балянс паміж «я» і «мы», — кажа псыхоляг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Насамрэч мы ўсе нечага баімся». Размова з псыхатэрапэўткайУ якіх выпадках варта зьвярнуцца да дзіцячага псыхоляга?
Малыя дзеткі не адмаўляюцца ісьці да псыхоляга, кажа Вікторыя. Пратэстуюць звычайна падлеткі, кажучы, што ім не патрэбна ніякая дапамога. Альбо калі быў нэгатыўны досьвед, напрыклад, са школьным псыхолягам.
«З малымі хутчэй бывае, што бацькі самі ня ведаюць, як гаварыць пра цяжкасьці пры дзіцяці. Тут я рэкамэндую гаварыць так: „Мы пойдзем пагутарыць, магчыма, табе прапануюць памаляваць і пагуляць“. Звычайна дзіцячыя псыхолягі так і працуюць — малююць і гуляюць. Дзеткам гэта падабаецца», — кажа Вікторыя.
Таксама малыя дзеці найчасьцей на цялесным узроўні падаюць сыгналы, што трэба зьвярнуцца да спэцыяліста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як тлумачыць дзецям падзеі ў Беларусі? Размова з псыхолягам«Могуць зьяўляцца псыхасаматычныя сымптомы. Дзеткі скардзяцца, што баліць жывоцік, галава, што вельмі стамляюцца, яны могуць не хацець хадзіць у школу, адмаўляцца ад таго, што звычайна было нармальна. Альбо гэта нэўратычная сымптаматыка: кусаюць пазногці, пачынаецца энурэз, выдзіраюць валасы. Альбо мы заўважаем, што са звычайнага спакойнага дзіцяці яно раптам становіцца вельмі агрэсіўным ці празьмерна капрызным, — кажа псыхоляг. — Дзеці акумулююць энэргію і напружаньне, і такім чынам яны падаюць сыгнал, каб бацькі нешта з гэтым зрабілі. Гэта нагода, каб зьвярнуцца да спэцыяліста», — тлумачыць псыхоляг Вікторыя Мельнікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прывучыць сябе да страху? Размова з псыхатэрапэўткай